Замова
2228 / 0
22.08.2019

By Cry. Калі дзьве стыхіі таньчаць

Гурт By Cry прэзэнтуе на TuzinFM кліп на песьню «Замова», у якім разважаюць над прыродай прыгажосьці.

Рэжысэрка відэа і вакалістка гурта Аляксандра Грахоўская кажа, што візуальны шэраг да яе новага кліпу ўяўляе зь сябе сумесны танец дзьвюх стыхіяў: «Гэта інтымная сувязь Прыгажосьці і Таямніцы, якую магчыма ўгледзець толькі праз сузіраньне Прыроды і жаночай Сутнасьці. Пры павярхоўным праглядзе відэа, супрацьлегласьць дзьвюх стыхіяў здаецца відавочнай, мы бачым статыку прыроды і рухомасьць жаночай існасьці, нязьменлівасьць таямніцы і дынамічнасьць прыгажосьці. Аднак пры грунтоўным пранікненьні ў сутнасную глыбіню выявы — расшчапленьне ўспрыманьня замяняецца маналітным усьведамленьнем Адзінства дзьвюх танцуючых стыхіяў. Эфэкт Замовы, так можна ахарактарызаваць пасыл, які мы хацелі перадаць сваёй новай відэаработай».

Над здымкамі кліпу працавалі апэратары Станіслаў Ладуцька і Юры Батальёнак, а таксама сама Аляксандра. Тэкст замовы народны. Гэта сапраўдная замова «Супраць ліхога вока» (запісаная у вёсцы Нікіціна Панікольскай воласьці Бельскага павету ад М. Дзмітрыевай), узятая з кнігі «Замовы».

By Cry — Замова (рэжысэр — Аляксандра Грахоўская)

TuzinFM