Толькі разам
6352 / 0
30.04.2014

Кліп HandmadE ад уладальніцы студыі прыгажосьці (відэа)

У новым туры відэачарту на Tuzin.fm гурт HandmadE прадстаўляе кліп на песьню «Толькі разам» аўтарства Інгі Купчынай, дызайнэра, фатографа ды ўладальніцы салёну прыгажосьці. Словы напісаў Глеб Лабадзенка.

«Толькі разам» — дыплёмная праца Інгі Купчынай, якая вучылася ў Акадэміі мастацтваў на дызайнэра тэлерэклямы і фатографа. Яна сама абрала песьню і тэхніку выкананьня. Зь Яўгенам Валошынам, лідэрам HandmadE сябруе здаўна і наведвае практычна кожны яго канцэрт. «Паколькі песьня пра каханьне, вядома ж, то я думала як найлепш і больш даступна паказаць гледачу гэтае пачуцьцё. Я люблю фотасправу і даўно цікаўлюся пакадравымі студыйнымі здымкамі, таму наважылася зрабіць кліп у такой тэхніцы», — апавядае Інга. Задачу яна вырашыла з дапамогай самаробных папяровых лялек, нават ня думаючы пра такое канцэптуальнае супадзеньне з назвай гурта.

«Кліп зроблены ў стылі наівізму — прымітыўнага дзіцячага мастацтва для таго, каб паказаць кожнаму ў незалежнасьці ад узросту што такое каханьне і як яго часам няпроста знайсьці. Дзея адбываецца на фоне менскіх пэйзажаў і архітэктуры, так што аддалі належнае яшчэ і любімаму ўсімі намі гораду», — кажа стваральніца роліку.

Сам Яўген Валошын прызнаецца, што з кліпамі яго гурту ня надта шэнціць, бо самі музыкі да гэтай справы ставяцца лёгкадумна. Вось і цяпер задумалі былі зрабіць ролік на песьню «Бег па канатах», але так і ня далі рады. У даробку гурту таксама ёсьць кліп на песьню «Вуліца-дым», зьняты яшчэ ў першы год яго існаваньня. Але найлепшай лічыць менавіта гэтую працу. «Сёньня мы граем ужо не такую лірычную музыку, але кліп на „Толькі разам“ нам дагэтуль вельмі падабаецца. Мне здаецца, што ён не састарэе і праз 10, і праз 20 гадоў. Інга зрабіла нам сапраўдны падарунак!» — падсумоўвае Яўген.

HandmadE — Толькі разам (рэжысэр — Інга Купчына). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm