Прасьлізнуць скрозь часы і эпохі
Менскі прагрэсіў-рок гурт Like a Gossamer запісаў эпічны альбом, у якім галоўны герой прасьлізгвае скрозь часы і эпохі на манер герояў сэрыялу «Sliders».
Like a Gossamer пачыналі з малаўцямнага ангельскамоўнага дэз-мэталу 11 гадоў таму, але празь некаторы час намацалі сваю канцэпцыю: іх тэксты сталі больш асэнсаванымі, а музыка — больш складанай і разнастайнай. Першы раз даволі гучна пра сябе гурт заявіў сынглам «Дарога», які трапіў у лік 30 найлепшых песень 2007 году на «Тузіне Гітоў». Хвароба канцэптуаліста Дзяніса Голіна зашкодзіла камандзе разьвівацца надалей, і гурт на доўгі час выпаў з музычнага працэсу.
Вярнуўся ён толькі летась, падрыхтаваўшы эпічны альбом «Клятва вернасьці», дакладны жанр якога вызначыць не ўяўляецца магчымым. Альбом адкрывае народная калядка «Ой, стаіць бяроза», якую акапэла выконвае вакалістка гурта «Рокаш» Паліна Дулінец, а праз гукавую зацему гучыць арт-рокавая «Край расамах, русалак і чарцей», далей слухача чакае брутальная «Сьвіцязь», нэаклясычны інструмэнтал, а ў загалоўным трэку цяжкае гучаньне гітар сплятаецца з лагодным акустычным саўндам, скрыпкай ды фано. Уласны стыль Like a Gossamer акрэсьліваецца якраз на гэтым трэку.
Усю гэтую музычную разнастайнасьць яднае гістарычная тэматыка. «Клятва вернасьці» нават мае пэўны сюжэт, мяркуючы з назвы і зьместу трэкаў. У цэнтры яго — Вандроўнік, які прасьлізгвае скрозь часы і эпохі на манер герояў сэрыялу «Sliders», толькі што трапляе не ў сумежныя сусьветы, а ў застыглую нязьменную мінуўшчыну. Ад яго імя, мусіць, і пяюцца песьні, якія ён альбо сабраў, альбо напісаў у час свайго сьлізганьня. З дапамогай Like a Gossamer трапляем у часы, калі швэды з маскалямі б’юцца, калі Ўсяслаў Чарадзей «ваўком, лапы зьбіўшы, бег у Полацак». Слухаем легенду пра Сьвіцязь, апынаемся ў Сьвятаянскіх мурах, дзе схапілі Каліноўскага, і нават можам паслухаць «Непачуты палянэз» Агінскага. Канцэптуальна альбом адбудаваны вельмі цікава, і відавочна, што праца ў студыі зроблена немалая. Між трэкамі гучаць караценькія гукавыя ўстаўкі, якія маюць пагрузіць слухача ў атмасфэру таго часу, у якім будзе адбывацца дзея наступнага трэку.
Нягледзячы на прыстойнасьць запісу ды адточаны канцэпт, наўрад ці гэты рэліз можа чакаць вялікі попыт. Дужа абазнанай публіцы тэксты могуць падацца занадта трывіяльнымі і павярхоўнымі, частку патэнцыйнай аўдыторыі адштурхне музычная брутальнасьць ды гроўлінг вакаліста. Тым ня менш, «Клятва вернасьці» — яўны посьпех аранжыроўшчыка і кампазытара (а з улікам аздабленьня — яшчэ і дызайнэра). Гэтая каманда мысьліць шырока і незаштампавана, а таму здольная на стварэньне канцэптуальных, сур’ёзных і маштабных твораў.
Like a Gossamer — Клятва вернасьці, 2014
Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by
КАМЕНТАВАЦЬ