Сыны старадаўняй Літвы
9168 / 0
28.04.2014

Дзеці капітана Плятэр

Гераічныя песьні ірляндцаў загучалі зь беларускім калярытам. Голас «Старога Ольсы» Алесь Чумакоў запісаў з сваім праектам Ceilidh Ceol альбом «Сыны старадаўняй Літвы». Залі палацаў і пабаў чакаюць іх.

Алесь Чумакоў стварыў з уласным гуртам Ceilidh Ceol альбом, які паводле маштабнасьці задумы і якасьці ўвасабленьня зусім не саступае працам яго асноўнага калектыву «Стары Ольса». На гэтым дыску музыкі паспрабавалі аднавіць дух беларускага рамантызму. За аснову ўзятыя даўнія гераічныя сьпевы ірляндцаў, на беларускі лад перакладзеныя, асэнсаваныя ды асучасненыя лідэрам Ceilidh Ceol.

Праца зробленая вялізарная і ўяўляе вялікі інтарэс як з музычнага, так і з гістарычнага гледзішча. На дыску, напрыклад, гучыць кампазыцыя «За Радзіму! За Герояў», што доўгі час была неафіцыйным гімнам Ірляндыі. У некаторых сьпевах знойдзеныя цікавыя гістарычныя паралелі, як, напрыклад, у «Толькі месяц узыдзе». У арыгінале апавядаецца пра ірляндзкіх пікінэраў, што змагаліся супраць брытанцаў, а ў нашай вэрсіі — пра беларускіх сялянаў, што бралі ўдзел у паўстаньні 1863 году. У якасьці лірычнага героя тут паўстае Эмілія Плятэр. Але ня толькі з твораў гераічна-змагарскай тэматыкі складаецца альбом. Тут ёсьць вясёлая кампазыцыя ў жанры піўнога фольку, некалькі інструмэнтальных кампазыцыяў аўтарства самога Чумакова і вельмі сумная ды кранальная баляда «Лошыцкі парк», прысьвечаная памяці Арыны Вячоркі. Але самы магутны і ўзрушальны нумар альбому — загалоўны трэк, раскладзены на два галасы. Залі палацаў і пабаў чакаюць іх. Ceilidh Ceol можа выдатна пачувацца на камэрных сэйшнах, ня згубіцца гурт і на буйных шумных вечарынах.

Альбом «Сыны старадаўняй Літвы» атрымаўся сапраўды вельмі сьветлы, нават наіўны. Такая рыса была ўласьцівая нашай музыцы пачатку-сярэдзіны 90-х, калі падавалася, што ў беларусаў ня ўсё так кепска з пачуцьцём уласнай годнасьці. Але гэтая праца пазачасовая і ёй яўна наканавана вытрымаць яшчэ не адно перавыданьне.

Ceilidh Ceol — Сыны старадаўняй Літвы, 2013

Афіцыйны сайт гурта

Дыск «Сыны старадаўняй Літвы» можна набыць у кнігарні «ЛогвінаЎ».

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.org