Пазаўчора
5820 / 2
24.10.2013

Прывітаньне з «пазаўчора» беларускага року

Тое, што выконвае гурт «Кашлаты Вох» карціць назваць не калгасным - вясковым панкам. Музыкі даводзяць, што такім і павінен быць панк-рок з нацыянальным калярытам, які мусіў загучаць у Беларусі ну хоць бы ў 80-х, але заквітнеў толькі цяпер.

Слухаючы альбом «Пазаўчора» не адпускае адчуваньне, што ўзьняў архівы беларускага року і табе трапіўся нячуты раней рарытэтны альбом дзе-небудзь з 90-х. Па праўдзе кажучы, беларусы мусілі бы зайграць такое яшчэ раней, але ў нашай музыцы свая лёгіка разьвіцьця, таму час прыйшоў якраз у 90-х, калі зьявіліся (і неўзабаве зьніклі) каманды, што ўзяліся граць панк-рок зь мясцовым калярытам. Кірунак гэты надзіва актуальны і ў наш час, дастаткова схадзіць на канцэрт гурта Dzecuiki, каб у гэтым пераканацца. «Кашлаты Вох» у нечым блізкі да таго, што робяць гарадзенцы, толькі што не стае напругі і вастрыні ў іхніх тэкстоўках. Затое яны граюць музыку, якую так карціць назваць не калгасным, але вясковым панкам. Такім, відаць, і мусіць быць беларускі панк-рок: каб з ухілам у міталёгію, каб абавязкова сярод брудных гітараў прабівалася дуда, каб гук быў абавязкова сыры і вязкі, а вакаліст барадатым ды хрыпатым.

Аснову праграмы складаюць песьні зь містычным зьместам і нехарошым канцом. Музыкі імкнуцца зрабіць так, каб слухача вусьціш узяла, таму нетаропкі інструмэнтальны трэк у іх завецца «Крывавы сок», а далей пяецца пра 13 духаў, танцы зь мерцьвякамі і пра тое, як «брат сястру хоча забіці». Асабліва драматычная гісторыя распавядаецца ў трэку «Удавец».  Але жудзікаў на ўвесь альбом не набралася, таму праграму дабілі яшчэ героіка-патрыятычным «Дунаем» і раптоўным кавэрам на Neuro Dubel. Даўні гіт Кульлінковіча «Машыны» ня лепшым чынам пераклалі на беларускую і цалкам пазбавілі яе нэрва. На альбоме – гэта самае слабае месца. А вось трэк са словамі «Прыпыніцца на рэкламу – мае жыцьцёвыя планы» бадай што галоўны посьпех праграмы. Прыблізна так мог гучаць той жа Neuro Dubel на сваіх першых альбомах, каб меў дуду і пяяў па-беларуску. Тады – «пазаўчора» – гэтая праца магла б стаць заўважнай.

Кашлаты Вох – Пазаўчора, інтэрнэт-рэліз, 2013

Спампаваць

SB, «Тузін Гітоў»/Budzma.org

КАМЕНТАРЫ:

  • Уладзiк / адказаць
    04.11.2013 / 14:53

    Кажыце што хочаце, але мне падабаецца iх кавер на "Машыны"!

  • И. М. Северянин / адказаць
    10.11.2013 / 19:29

    Скажу больше: "Машыны" - единственная песня, которую тут можно слушать. Или мне так показалось, поскольку сила кавера подавляет всё остальное.

  • КАМЕНТАВАЦЬ