Пяты альбом :B:N:. Шукаць і не знайсьці
Гурт паходжаньнем зь Бярозы выдаў пяты нумарны дыск, у якім рубіць бяздумны і прадказальны «шварцэнэгер-рок» у яго самым стэрэатыпным уяўленьні. У тэкстах — тупа набор дзеясловаў загаднага ладу, часта слаба зьвязаных між сабой і мноства бессэнсоўных клічнікаў.
:B:N: — гурт, які перажыў усё: сындром першага альбому, крызіс сярэдняга ўзросту, поўную зьмену складу. На сёньня гэтыя музыкі хіба адзіныя зь беларускамоўнай плыні рок-гуртоў, утвораных на мяжы стагодзьдзяў, якія ня толькі дажылі да нашых дзён, але і здольныя сабраць на свой канцэрт 500—700 чалавек. Cвой пяты студыйны альбом яго стваральнікі называюць найлепшым у дыскаграфіі. Але гэта не зусім так.
Тэксты каманды ня сталі лепшымі. Па-ранейшаму рыфмуецца «дзень» і «цень» і гэтыя паэтычныя практыкаваньні выглядаюць на вучнёўскія спробы зьдзівіць, маючы ў актыўным лексічным запасе з паўсотні словаў. Тое, што даравальна для іншых, для гурта, які падае сябе як вядучую рок-каманду краіны, проста нонсэнс. Алесь Лютыч пяе па-беларуску 15 гадоў, але дагэтуль ня ведае, як вымаўляюцца беларускія словы («Ты зразумей усіх і напэўна будзе лёгчай», «Не хавайся ў яго дзеля шчасьця сваяго», «Бачылі сваё ў ночах адбіцьцё» і г. д.). Уласна, прасачыць творчую канцэпцыю дыску няпроста — няма тут чароўнасьці, якая ёсьць у тэкстах Akute, няма тут прывабных вобразаў, як у тэкстах «Сьцяны» і, пагатоў, вастрыні Вольскага і Міхалка няма. Тупа набор дзеясловаў загаднага ладу, часта слаба зьвязаных між сабой і мноства бессэнсоўных клічнікаў. Словы лёгка падхапіць, але па выніку ў памяці застаецца нуль. Сам Лютыч тлумачыць ідэю альбому без патугаў на арыгінальнасьць: «Усё, што мы хацелі сказаць у гэтай працы, адлюстравана ў яе назьве». Змрок ахінае і нудота апаноўвае пасьля такога прадстаўленьня.
У музычным пляне :B:N: таксама ня тое каб прагрэсаваў з часу вызначальнага для гурта альбому «Не трывай» (2004). Яны ня сталі цікавейшымі, хоць над альбомам працавалі новыя музыкі. Большасьць песень створаная па той жа схеме: ціхі куплет, гучны прыпеў. І гэта моцна выдае на рамесьніцтва. Не сказаць што Лютыч не шукае шляхоў разнастаіць сваю творчасьць. Між альбомамі ён паказаў, як яго гурт можа гучаць у акустыку ды пад фано — месцамі ўдала і прыгожа сталі глядзецца раней шэрыя і бляклыя нумары. Але канкрэтна ў гэтым альбоме хлопцы рубяць бяздумны і прадказальны «шварцэнэгер-рок» у яго самым стэрэатыпным уяўленьні. Выняткам тут выглядае загалоўны трэк, запісаны з прафэсійнымі бэк-вакалістамі. У ім адчуваецца думка і спроба прасунуцца наперад. У гурта асабліва ўдаюцца баляды, гэта бясспрэчна. Астатні матэрыял хутчэй не для ўдумлівага праслухоўваньня, а як добры напамін пра адрыў на жывым выступе. :B:N: каманда перадусім канцэртная, ледзьве не стадыённага размаху, і ўсе свае недахопы кампэнсуе шчыльнай сьцяной гуку ды эмацыйнай самааддачай Лютыча, які на сцэне паводзіць сябе па-ранейшаму няўпэўнена, але пры гэтым кожную песьню пяе так, нібы робіць гэта апошні раз.
У цэлым :B:N: пачаў гучаць больш зладжана, іх саўнд урэшце набыў аб’ём, вельмі неабходны для такой патаснай музыкі. Заслуга тут ня толькі цяперашніх удзельнікаў каманды, якія яўна на галаву-дзьве вышэйшыя за папярэдніх, але і ўкраінскага саўндпрадусара Дзьмітрыя Іванея, які мае багаты паслужны сьпіс і, сярод іншага, зводзіў быў «Рэальнасьць і сны» Akute.
У гэтым альбоме гурта, як, зрэшты, і ў папярэдніх чатырох, бачны патэнцыял ды імкненьне выказаць нешта надзвычай важнае. Але зь нейкіх прычынаў талент напоўніцу не выяўляецца, а патрэбныя словы не вымаўляюцца. І атрымліваецца стрэл у пустэчу, таўчэньне вады ў ступе, агучваньне тэкставых і музычных штампаў. «Будзе ноч і прыйдзе дзень і пабачыш ты свой цень…»
Сяргей Будкін
КАМЕНТАВАЦЬ