
«Лягерныя песьні» ў фры-джазе. Новы альбом ад «Фантастычных плыўцоў»
Авант-джазавы ансамбль зь Менску «Фантастычныя плыўцы» запісаў сваю працу «Лягерныя песьні» разам з брытанска-польскім саксафаністам Філіпам Пальмэрам.
Рэліз выдадзены на францускім лэйбле Murmure Intemporel Netlabel. Куратар лэйблу Жан-Люк Эрвэ Бэртэлю кажа, што быў прыемна зьдзіўлены, атрымаўшы запіс зь Менску й упадабаў альбом цалкам зь першага праслухоўваньня: «Музыка падаецца напалову імправізаванай, з добра запісаным гукам, з дасканалай эвалюцыяй кожнае часткі ды з добрым пачуцьцём гумару ў некаторых трэках. Мае ўлюбёныя эпізоды — гэта „Легенда“, „Этап 3“ і „Этап 4“. Вельмі добры „авант-джазавы“ альбом!»
Новая праграма «Фантастычных плыўцоў» атрымала імя ад загалоўнае песьні, ноты й тэкст якой адшукаў паэт і дасьледчык літаратуры Віктар Жыбуль. «Лягерная песьня» на словы расейскага абэрыўта Аляксандра Ўвядзенскага й музыку аўтара гімну БССР Нестара Сакалоўскага датуецца 1935 годам. Адмыслова для альбома «Плыўцоў» яе агучыў у Купалаўскім музэі ў Менску кампазытар і хормайстар Максім Іўкін. Запіс астатніх твораў адбываўся ў гаражнай студыі на ўскрайку сталіцы.
«Кожная кампазыцыя будавалася на пэўнай размове між інструмэнтамі. Імправізацыя абмяжоўвалася адмысловымі інструкцыямі ды графікамі», — кажа стваральнік ансамблю Віктар Сямашка. — Упершыню мы выкарысталі фартэпіяна толькі эпізадычна. Раней менавіта яно задавала тон і лад нашай музыцы. Тут жа рэй вядуць духавое трыё й рытм-сэкцыя». У кампазыцыі «Этап 4» да асноўнага складу «Плыўцоў» дадаецца хор «Кум-Кума». У працы паўдзельнічаў брытанска-польскі саксафаніст Філіп Пальмэр, а таксама вядомыя па розных праектах прадстаўнікі менскае андэграўднае сцэны. У іх ліку Фрыдрых Самотны (сакс) і Эрык Арлоў-Шымкус (кантрабас).
На вокладцы альбома зьмешчаны фотаздымак аднаго з «гулагаўскіх» аркестраў, які стварыў рэпрэсаваны дырыгент Барыс Райскі — легенда беларускага джазу. І варта дадаць, што напярэдадні публікацыі «Лягерных песень» «Фантастычныя Плыўцы» зьмясьцілі ў Сеціве сваю канцэртаграфію.
Спампаваць «Лягерныя песьні»: у lossless/у mp3
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ