Прысьвячэньне Майстру
5377 / 0
09.11.2015

«Песьняры». Ня помнік, а жывая інсталяцыя

Сёньняшнім «Песьнярам» наканавана няспынна блукаць сярод вербаў і бярозаў, кветку-папараць шукаць ды сьпяваць пра Купалінку ды Кацярынку ў адной і той жа манеры. Работа такая.

Ёсьць гурты, якія ўвасабляе адна асоба лідэра, і безь яго ўдзелу гурт з такой назвай выглядае на анэкдот. Але, як выяўляецца, усё магчыма ў гэтай краіне абмежаваных магчымасьцяў — у тым ліку N.R.M. бяз Вольскага і «Трубяцкі» безь Міхалка. «Песьняры» яшчэ пры жыцьці Мулявіна падзяліліся на «Беларускія» (безь яго) і дзяржаўныя (зь ім), а пасьля сьмерці музыкі дык наогул распаліся на шматлікія часьцінкі, кожная зь якіх напоўніцу карыстала спадчыну ансамбля. Па выніку дадзеныя «Песьняры» перамаглі ўсіх — цяпер на іх афіцыйным сайце абвешчана, што гандлёвы знак належыць ім і права на яго ахоўваецца «нормамі Мадрыдзкага пратаколу».

Насуперак уяўленьням, ансамбль «Песьняры» — ня кавэр-бэнд нацыянальнага маштабу. Гэта не схадняк Элвісаў, а дзейная творчая адзінка. Музыкі пэрыядычна пішуць свае песьні і выдаюць альбомы — гэтым разам ажно два за раз. У дыск №1 «Прысвячэньне Майстру» ўвайшлі апрацоўкі народных і аўтарскія творы па-беларуску, у дыск №2 «Хмель молодой» — творы па-расейску.

Статус дзяржаўнага ансамблю, безумоўна, абмяжоўвае музыкаў. Яны па змоўчаньні знаходзяцца ў палоне навязаных ранейшай творчасьцю ансамблю вобразаў, адсюль — самацытацыя і экплюатацыя тых жа музычных і паэтычных тэмаў. Ім наканавана няспынна блукаць сярод вербаў і бярозаў, кветку-папараць шукаць ды сьпяваць пра Купалінку ды Кацярынку ў адной і той жа манеры. Работа такая.

Але працу гэтую музыкі выконваюць, трэба сказаць, дужа прафэсійна. Пераканацца ў тым, што цяперашнія «Песьняры» здольныя ня толькі салдацікамі стаяць на сцэне на дзяржаўных канцэртах, а ёсьць дзейным арганізмам, можна было на прэм’еры трыб’юту «Re:Песьняры». Ансамбль п/к Вячаслава Шарапава даў сапраўднага рок-н-рольнага чаду.

У цяперашніх «Песьнярах» сабралася выдатная каманда, якую мацуюць два чалавекі. Найперш гэта Раман Козыраў, вучань выдатнага джазавага піяніста Аркадзя Эскіна, які і фармуе музычнае аблічча сучасных «Песьняроў». Таленавіты музыка, які добра адчувае мэлёдыю, ён піша выдатныя творы і па-за межамі ансамблю (вось — адзін зь іх). Другі чалавек — вядома ж, Вячаслаў Шарапаў (адзіны з складу, хто пасьпеў пайграць з Мулявіным), які піша як музыку, так і словы і намагаецца выйсьці за межы дэкаратыўных тэкстаў. Часам у яго выходзіць сьмешна — як у беларускай вэрсіі «Hotel California», часам дзіўна — як з аўтарскім расейскамоўным тэкстам да «Палянэзу Агінскага», а часам вельмі годна («Ой, княжна» яго аўтарства ўжо стала клясыкай). На новым альбоме можна казаць пра канкрэтную ягоную ўдачу — песьню «Пераборлівыя дзеўкі», дужа добра выйшла «Гэй кола», а таксама сумесны твор Шарапава (словы) і Козырава (музыка) — «Кацярынка маладая», бадай што першы ўцямны гіт новых «Песьняроў».

Справа ясная — параход сучаснасьці адплыў даўно, а «Песьняры» засталіся на беразе. Час гэтай музыкі і такіх падыходаў сышоў, і Беларусь для неабазнанай публікі адкрываюць ужо іншыя. Але гэты гурт і не бярэцца канкураваць на музычным рынку, іх песьні не прызначаныя для чартаў, а альбомы ня будуць біць рэкорды продажаў. Яны існуюць для таго, каб сваёй дзейнасьцю рэспэктаваць Мулявіну. І вельмі добра, што ў іх выпадку можна казаць не пра сьляпое капіяваньне і прыпадабненьне, а пра працяг традыцыяў, няхай з пэўнай кансэрвацыяй. У гэтым каштоўнасьць сёньняшніх «Песьняроў» — яны ўяўляюць зь сябе ня помнік мармуровы, а жывую інсталяцыю ва ўяўным музэі Мулявіна. Асабліва ўдала выходзіць (як і ў выпадку з арыгінальнымі «Песьнярамі»), калі працуюць зь беларускай песьняй і словам. Расейскі матэрыял значна слабейшы, хоць і зроблены так, што некаторыя зоркі расейскага шансону пазайздросьцяць. Агулам жа на фоне наскрозь фальшывай, правінцыйнай і пошлай беларускай эстрады «Песьняры» выглядаюць годна і шляхетна.

Сяргей Будкін