Мы
3786 / 0
18.10.2016

NGe знайшлі сябе

Гурт NGe выдаў альбом «Мы», у якім прэзэнтаваў сваё новае гучаньне. Музыкі спалучылі рок-саўнд з электронным.

«Мы» — першая поўнафарматная праца гурту зь Менску. У яе ўвайшло 10 песень: шэсьць на беларускай мове, чатыры на расейскай. Рэліз адбыўся 18 кастрычніка. Як зазначае вакалістка каманды Вольга Баразна, альбом стаў паваротным пунктам у вызначэньні стылю і гучаньня NGe. «Кожны з нас паспрабаваў удасканаліць спосаб выказваньня сваіх эмоцыяў і ўражаньняў праз музыку. У выніку атрымалася па-сапраўднаму калектыўная творчасьць, гэта адна з прычынаў, чаму альбом атрымаў такую назву».

Студыйная праца вялася на працягу году. Праца над запісам вялася ва ўласнай студыі Gene Studio. Гэта дазволіла не абмяжоўваць сябе, прысьвяціць дастатковую колькасьць часу напісаньню новага матэрыялу, пераасэнсаваць ранейшую творчасьць і песьні, якія яшчэ не выдаваліся, і галоўнае — знайсьці новае гучаньне.

Музыкі аддаюць сабе справаздачу ў тым, што сумесьсю жывой і электроннай музыкі сёньня нельга кагосьці зьдзівіць. Але яны далі сабе волю ў гукавых экспэрымэнтах: засэмплявалі мноства нестандартных гукаў, выкарыстоўваючы падручныя прадметы. Як, напрыклад, гук падаючай цукарніцы. Вольга лічыць, што альбом «Мы» — стылістычна разнастайная работа: «Гэта не выпадковы набор песень, кожны знойдзе ў ім нешта цікавае для сябе, бо ўсе гэтыя песьні пра нас, пра тое, хто такія мы».

Альбом «Мы» можна знайсьці ў сацсетках, на Soundcloud у скарочанай вэрсіі, а таксама ў музычных інтэрнэт-крамах iTunes, Google Play, Deezer, «Яндекс.Музыка».

Tuzin.fm