Дарк-псыхадэл ад «.К». Бязь цемры няма сьвятла
«Dobrazol» — трэці нумарны альбом пераможцы «Басовішча-2016» праекту «.K» і першы запісаны ў фармаце трыё.
На зьмены ў складзе паўплываў у першую чаргу пераезд Яўгена Кучмейны зь вёскі Суботнікі ў Горадню: паскорыўся рытм і замест мэдытатыўнага спакою жыцьцё стала складацца са справаў, людзей, падзеяў і месцаў — як добрых, так і злых. Таму Жэня адчуў, што ягоная самотная гітара ня выдасьць таго напору, які чакае горад. Таму і запрасіў у праект новых людзей. Альбом «Dobrazol» запісалі: Яўген Кучмейна — гітара, вакал; Ігар Волгін — бочкі і талеркі; Арцём Германовіч — бас, а таксама Мікалай Палякоў — акардэон і Аляксей Коўтун — віялянчэль.
Год пайшоў на тое, каб звыкнуцца з гэтым трыадзінствам і навучыцца граць і запісвацца менавіта як гурт. Па выніку музыкі задаволеныя тым, што атрымалася. Запіс характрызуецца, як жывы, напорысты і багаты па гуку, у нечым больш прамы, чым папярэднія альбомы, але, відавочна, куды болей кантрасны.
Як вынікае з назвы, тэма альбому — Дабро і Зло. Музыкаў тут цікавіць найперш, як гэтыя паняцьці ўжываюцца ў адным чалавеку, як ідзе змаганьне між добрым і злым у межах адной асобы і які вынік гэтае барацьбы. Таму невыпадкова, што першай запісалі песьню «Один человек». Але адкрывае альбом не яна, а інструмэнтальная кампазыцыя «Сьнег», якая выконвае ролю адпраўнога пункту, дае добры знак, але з ноткаю трывогі, нібы пачатак вандроўкі, калі ня ведаеш чым усё скончыцца. Настройвае на добры лад і трэк «Семена», а вось пасьля тон аповеду зьмяняецца, пакуль трэк «Кінамэханік» не пераводзіць стрэлкі альбому на іншы бок. На сцэну выходзіць злосьць, неспакой, недасканаласьць і паказваюць сваё пачварнае аблічча. Урэшце рэшт — сьмерць асобы ў «Выход и начало» і пераход у «Чёрный вальс». Не засталося больш словаў, яны згубленыя як частка, нязьменна чалавечага, якога цяпер няма… Каб патлумачыць сэнс «Dobrazol» музыкі карыстаюцца словамі нямецкага пісьменьніка Ліёна Фойхтвангера: для таго каб сьвятло ўсьвядоміла сябе, яно мусіць мець перад сабою сваю супрацьлегласьць — цемру.
Аўтарам усіх тэкстаў і музыкі на альбоме выступае Яўген Кучмейна. Для выкладаньня сваіх думак ён карыстаецца, як беларускай, так і расейскай мовай. Мастацкае афармленьне плыткі зрабіў Аляксандар Бакуновіч. На CD альбом выйдзе абмежаваным накладам для сяброў і пераможцаў конкурсаў у афіцыйнай суполцы каманды.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ