MorkvoЦвет. Запоўніць пралом і ўбачыць сьвет
Дуэт MorkvoЦвет прэзэнтуе ў новым туры альбомнага чарту на TuzinFM сваю дэбютную працу «Брешь», у якую ўвайшлі найлепшыя беларуска- і расейскамоўныя творы.
Музычная канцэпцыя MorkvoЦвет у выкарыстаньні дзьвюх гітараў і двух галасоў. Што на жывых выступах, што ў студыі. На думку стваральнікаў каманды Яўгена Белановіча і Паўла Рыжкова гэтага цалкам дастаткова, каб перадаць усё, што яны хочуць данесьці да слухача. А розныя хіміка-хірургічныя ўмяшаньні ў натуральнае гучаньне голасу ды інструмэнту засьмечваюць слухавыя каналы ў галаве, паўжартам кажуць музыкі.
Ідэйная канцэпцыя «Бреши» ў неадназначнасьці, якую адлюстроўвае 10 песень альбому. «З аднаго боку мы запаўняем праломы ў кожным з нас. І чым актыўней мы гэта робім, тым большымі яны становяцца і тым мацней на нас уплываюць, — тлумачаць музыкі. — Зь іншага боку, тая „брешь“ — гэта шчыліна, празь якую прабіваецца сьвет. Гэта вакно, празь якое мы бачым усё больш сьвету, па меры таго, як намаганьнем волі адкрываем яго».
Асобнай увагі варты трэк «Звар’яцелы генэрал», на які быў зьняты кліп. У ім вядзецца ўжо не пра асабісты пралом, а пра агульны для ўсіх. «Гэта тое, да чаго мы ідзем. „Звар’яцелы генэрал галаўнога мозгу“ пагражае кожнаму з нас. Важна адчуваць межы і не дапускаць усёдазволенасьці. А песьня якраз пра адсутнасьць гэтых межаў», — заўважаюць стваральнікі MorkvoЦвет.
Альбом «Брешь» запісваўся і зводзіўся на студыі «Воздух» у Берасьці. Гукарэжысэр — Андрэй Багданаў. Мастацкае афармленьне належыць The Tanya. Акром інтэрнэт-рэлізу альбом выйшаў на CD. Замовіць яго можна ў саміх музыкаў праз афіцыйную суполку.
TuzinFM
Дождж, Брама сонца, Костёр, Буря, Паведамляйце - закранулi. Наогул, лепей гучаць творы на беларускай мове.
КАМЕНТАВАЦЬ