
«Мерада». Спазнаць хайвэй
Гурт «Мерада» прэзэнтуе другі студыйны альбом «З’яднае нас дарога», які музыкі раяць слухаць найперш у дарозе.
У рэліз увайшлі 11 кампазыцыяў, выкананых у стылі кантры і блюз-рок. І стылістычна і сэнсава ён працягвае дэбютнік «Проста вер». «Мы даўно хацелі выдаць такі дарожны альбом. Цяпер хіба часьцей музыку слухаюць у машыне, аўтобусе, самалёце. І мы хацелі б, каб гэты альбом для кожнага стаў добрым спадарожнікам і перадаў слухачам тое, што ў нас у душы», — кажа вакалістка каманды Ганна Крамэр. Яна напісала большасьць тэкстаў для песень з гэтага альбому. Cярод ейных суаўтараў — блюзмэн Юрась Ускоў, музыка і літаратар Яраш Малішэўскі, аўтарка шэрагу гітоў гурта «Крама» Наста Гулак.
«Мы выдалі альбом улетку, для нас гэта той час, калі асабліва хочацца расправіць крылы ды ляцець наперад, каб спазнаць нязьведаны яшчэ хайвэй. Так, каб байк пад табой адарваў колы ад асфальту!» — дадае гітарыст Стыў Крамер, аўтар музыкі да ўсіх кампазыцыяў з альбому.
Запіс, зьвядзеньне і майстарынг альбому былі зроблены на студыі Everest, фота аўтарства Стыва Крамэра для вокладкі аформіла Людміла Навакоўская.
Болей песень ад «Мерады» можна пачуць у іх афіцыйнай суполцы.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ