«Апотом». Альбом віртуальнай супэргрупы, які высьпяваў 15 гадоў
Віртуальны беларускі супэргурт «Апотом» прэзэнтаваў свой трэці дыск «Всё ещё», у які ўвайшоў беларускамоўны гіт «Пінокіё».
Першы альбом «Апотом» пад назваю «Там посмотрим» выдалі ў 2001-м, другі «Вот-вот» — праз два гады. На стварэньне трэцяга камандзе спатрэбілася амаль 15 гадоў. Ува «Всё ещё» ўвайшло 9 новых кампазыцыяў, уключна зь песьняй «Пінокіё», якая летась перамагла ў вясновым чарце на TuzinFM. Аб’яднаныя трэкі, як кажуць музыкі, агульнай канцэпцыяй пад назваю «Happy Metal Rock».
Студыйная праца над рэлізам вялася з 2015 году, а пабачыў ён сьвет 14 лютага 2018 году. Над ім працавала каманда на чале з Кірылам Папакулем, акторам, рэжысэрам і прадусарам, удзельнікам самай зорнай каманды КВК БДУ. Да праекту далучыліся сябры па той камандзе Аляксандар Дзямешка і Аляксандар Тыкун, а таксама сябры Кірыла па менскай школе №25 Канстанцін Жукаў ды Сяргей Севярынаў, а таксама шэраг знаных музыкаў. Сярод іх — бубнач Аляксей Волкаў (PostScriptum, Neo, Клёндайк, Cross B. Band ды іншыя), гітарыст Андрэй Дзяменцьеў («Кали Юга», «Бибигония», FLAT, Partyzone, P.L.A.N.). Лідэр праекту «У нескладовае» ды былы гітарыст J:Mors Раман Арлоў прыдумаў і сыграў гітарныя партыі ды стаў сапрадусарам альбому. Іван Селішчаў зь «Петли пристрастия» ўдзельнічаў у «Апотом» з 17 гадоў і тут разнастаіў гітарныя партыі, у тым ліку гардкоравую «Пінокіё». А вядомы расейскі шоўмэн і мультыінструмэнталіст запісаў кавэр-вэрсію на «Пінокіё», якая набрала на YouTube ужо больш за 130 000 праглядаў.
Да альбому таксама спрычыніўся знаны расейскі музыка і кампазытар Аляксей Айгі, які сыграў віртуозныя скрыпічныя партыі ў трэку «Геленджикский романс». Гэтая песьня прагучала ў кінакамэдыі «Новогодний переполох», рэжысэрам якой выступіў уласна лідэр «Апотом». У запісе трэкаў з гэтага альбому таксама паўдзельнічалі піяніст і электроншчык Аляксей Масаліцінаў, праект Evand, пэркусіяніст Алег Рыбалко (гурт «Плато»), скрыпач Баграт Вартанян (Viscious Crusades, гурт Дзьмітрыя Калдуна), клявішнік Дзяніс Варанцоў («Мантана», J:Морс, гурт Алёны Сьвірыдавай). Да ўсяго ў запісе альбому ўзялі і зусім невядомыя пакуль музыкі — дзеткі ўдзельнікаў гурта.
Запісвалі і зводзілі матэрыял гукарэжысэры Генадзь Сыракваш (Pro2studio), Аляксей Зайцаў (Begemot Studio) і Алег Даманчук (Mapletree Studio). Арт-канцэпцыю для альбому распрацаваў Ільля Сяргіеня.
Грошы на выданьне альбому былі сабраныя з дапамогай краўдфандынгу. На плятформе Boomstarter.ru музыкі сабралі 259 000 расейскіх рублёў (крыху больш за 4100 даляраў).
Цалкам рэліз даступны для праслухоўваньня і спампаваньня на старонцы гурта на Bandcamp.com
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ