Варанок
8373 / 1
30.01.2014

Турэмны шансон з чалавечым абліччам

Вайцюшкевіч і Бураўкін стварылі іншую рэчаіснасьць, у якой крымінальнікі, шулеры, прайдохі, рызыканты карыстаюцца беларускай мовай і ёсьць, па сутнасьці, асобамі шляхетнымі, што з волі лёсу апынуліся ў неспрыяльных абставінах.

Новы альбом Вайцюшкевіча пакліканы заняць нішу турэмнага шансону. За выкананьне песень на такую тэматыку па-беларуску практычна ніхто ня браўся. Дагэтуль гонар жанру адстойваў хіба толькі Лёша Чыканас з сваімі прыпеўкамі пра хімію ды рэстаран «Бабруйск». Але жыцьцёвая песенька «Хімія, хімія, ты, малая, жджы меня» далей за кола беларускіх анархістаў ня выйшла, а спробы Аляксандра Памідорава напісаць пару-тройку «бандыцкіх» песень успрымалася як ня больш чым жарт. Вайцюшкевіч са слынным, але зусім не забранзавелым паэтам Бураўкіным падышлі да справы больш грунтоўна, прыдумаўшы рэчаіснасьць, у якой крымінальнікі, шулеры, прайдохі, рызыканты карыстаюцца беларускай мовай і ёсьць, па сутнасьці, асобамі шляхетнымі, што з волі лёсу апынуліся ў неспрыяльных абставінах. Аўтараў у дадзеным выпадку не цікавіць анатомія злачынства, яны хочуць перадаць душэўныя перажываньні сваіх лірычных герояў, лёс якіх пераехаў гэты самы варанок.

У гэтым пляне стылізацыю можна палічыць за выдатную. Сумневаў няма, што Бураўкін валодае словам і можа з душою зрыфмаваць на якую заўгодна тэму, а Вайцюшкевіч здольны дасканала ўжыцца ў абраны вобраз. Іншая рэч, што з прычыны сваёй інтэлігентнасьці аўтары зусім ня здольныя апусьціцца да той гнюснай, бруднай, навязьлівай, грубай і бязьлітаснай зьявы, якая завецца шансонам у Расеі. У песьнях Вайцюшкевіча адсутнічае лаянка, яны цалкам пазбаўленыя пошласьці, турэмныя рэаліі ў іх таксама не апісваюцца. Тут паказваецца сьветлы бок (умоўна) зьняволенага пэрсанажа, які думае толькі пра тое, каб «завязаць з былой сваволяй» ды вярнуцца да сям’і. Хуліганская песьня, «з рэаліямі», тут хіба адна — «Рызыканты», і тое яна дабрэйшая нават за самыя добрыя песьні Аркадзя Севернага (здалося, што менавіта на яго творчасьць арыентаваліся перадусім стваральнікі «Варанка»).

Цудоўную паэзію падмацоўвае музычнае суправаджэньне. Дзеля запісу гэтага альбому WZ-Orkiestra аб’яднаўся з Apple Tea, у выніку чаго была створаная цалкам адэкватная тэкставаму матэрыялу гукавая карцінка — мяккая такая, ненавязьлівая, па-добраму карчомная. З бэкамі дапамагла кіраўнічка Concordia Chor Галіна Казіміроўская, жонка Вайцюшкевіча.

Вянчае альбом мікс-вэрсія песьні «Дачакайся, матуля», якая тут глядзіцца як пятае кола ў возе. Аднак нематываваны на першы погляд удзел у ёй рэпэра Вінсэнта ды джазавай сьпявачкі Сашы Захарык тлумачыцца простаю і кранальнаю задумай — аб’яднаць прадстаўнікоў розных пакаленьняў у песеньцы-ўшанаваньні Матулі.

Рэчаіснасьць, прыдуманая Вайцюшкевічам і Бураўкіным, раней ці пазьней супадзе з рэальнасьцю сапраўднай. І тады гэтыя песьні набудуць яшчэ адну вабную рысу — жыцьцёвасьць. Пра такія альбомы, як «Варанок», кажуць: на ўсе часы.

Паслухаць і спампаваць альбом «Варанок» можна ТУТ.

Частка песень з альбому публікавалася раней у выглядзе сынглу ад выдуманага пэрсанажу Хведара Шчавеля.

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.org

КАМЕНТАРЫ:

  • www.Prastora.by / адказаць
    04.02.2014 / 10:26

    Набыць digi-pack кампакт з альбомам "Варанок" можна тут:

    http://prastora.by/muzyka/wz-orkiestra-vajciuskievic-zmicier-varanok

  • КАМЕНТАВАЦЬ