
Музыка аптымістаў. Дэбютнік ад супэргурта Паўла Трыпуця
Музыкі гуртоў Volski, «Крамбамбуля» і «J:морс», аб’ядналіся ў гурт OpTeamist Project, які прэзэнтуе на TuzinFM дэбютны альбом «Галасы рэчаіснасьці».
Гэтая праца ў гітарыста і кампазытара Паўла Трыпуця высьпявала чатыры гады. Музыка сабраў вакол сябе сапраўдных прафэсіяналаў, каб рэалізаваць даўнюю мару — запісаць сольны дыск аўтарскіх інструмэнтальных кампазыцыяў. «Я зь юнацтва заслухоўваюся такімі музыкамі, як Стыў Вай, Рычы Коцэн, Грэг Гоў, таму безумоўна іх творчасьць паўплывала на мяне. І я вельмі рады, што побач апынуліся адзінадумцы, якім таксама цікавая такая музыка. Дзякуючы ім гэты праект зьявіўся на сьвет. Мы пастараліся перадаць усю сваю любоў да фанку, ф’южну і рок-музыкі», — кажа з нагоды прэм’еры аўтар.
У OpTeamist Project задзейнічаныя музыкі, зь якімі Павал выходзіў на сцэну ў складзе розных гуртоў — Сяргей Адамовіч, Уладзімер Міхновіч, Міхаіл Пендо, Павал Мамонаў. Плён іх працы даступны на асноўных лічбавых плятформах. Паслухаць і спампаваць альбом можна на Bandcamp, Spotify, Apple Music і Youtube.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ