Ліст дадому ад ili-ili
Трыё актораў Купалаўскага тэатру ўзяла ў падмацоўку жывую рытм-сэкцыю, каб стварыць адзін з самых магутных і рамантычных альбомаў 2013 году ў беларускай музыцы.
ili-ili паказалі ўжо на што яны здольныя, калі запісалі альбом «Post Perfect» (2012). Даволі някволая праца, аднак, развальвалася на кавалкі, бо была пазбаўленая ўцямнай канцэпцыі. У сваім беларускамоўным альбоме музыкі гэтую праблему выправілі — іх новая праграма слухаецца цэльна і гарманічна, кожны трэк нібы перараджаецца ў наступны.
Адметнасьць ili-ili ў тым, што яны ня маюць асноўнага харызматычнага вакаліста, партыі разьмеркаваныя паміж Есяневічам, Зуем і Яскевічам, і ў кожнага зь іх свая манера выкананьня: Зьміцер — рамантык, ён сьпявае больш далікатна, з разыначкай, Міхась больш па-цоеўску прагаворвае, а Павал выводзіць ад душы — нібы за сьвяточным сталом.
«list» — даволі няпросты для асэнсаваньня альбом, нягледзячы на яго ўяўную лёгкасьць і паветранасьць. Ён поўніцца песьнямі-адкрыцьцямі, бо аніводзін з 11 трэкаў тут не правальваецца. Акрамя паказаных раней практычна бездакорных гітоў «Танчыць» і «Сэрцы» найперш вылучаюцца «Будзе як будзе», «Шлях», «Мядзьведзіца», запісаная ў дуэце з Настай Шпакоўскай. Кожнаму трэку — ды шчыльную ратацыю на ўсіх тэле- і радыёканалах краіны, і ўвасабляць тады гэтаму гурту нармальны такі беларускі мэйнстрым.
ili-ili яўна намацалі свой стыль і гучаньне. Надалей варта толькі ўдасканальвацца.
Cяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.org
ili-ili — list, Вігма, 2013
КАМЕНТАВАЦЬ