«Re:Песьняры»: жывая прэм’ера 12 верасьня (трэк-ліст і прома-відэа)
12700 / 0
04.08.2014

«Re:Песьняры»: жывая прэм’ера 12 верасьня (трэк-ліст і прома-відэа)

Жывая прэзэнтацыя музычнага праекту «Re:Песьняры» пройдзе ў клюбе Re:Public 12 верасьня. З гэтай нагоды да цяперашняй красы і сілы беларускага року далучыцца беларускі дзяржаўны ансамбль «Песьняры»!

Задума праекту «Re:Песьняры» ў тым, каб паказаць наколькі паўплывала музыка «Песьняроў» на новае пакаленьне беларускіх музыкантаў. Таму ў ім бяруць удзел прадстаўнікі самых розных стыляў, ад джазу і авангарду да рэп-музыкі і індзі-року. У асноўным гэта гурты, якія пачалі працу ўжо ў новым стагодзьдзі. Падбор менавіта гэтых выканаўцаў невыпадковы ­— кожны зь іх зьяўляецца ня толькі вартым увагі і арыгінальным музыкам, але яшчэ і цікавай ды яскравай асобай, прадстаўнікамі культурнай эліты краіны. Яны ня толькі музыканты, але разам з тым акторы, мастакі, паэты, пэдагогі, дасьледчыкі…

Кожны зь іх абраў тую самую песьню, якую лічыць найбольш важнай для сябе. Такім чынам, Akute пяюць «Алесю», Pomidor/off — «Скрыпяць мае лапці», Зьміцер Вайцюшкевіч — «Вераніку», а найлепшы кавэр-бэнд краіны Detroit — «Чырвону ружу»…  

Трэк-ліст праекту «Re:Песьняры» выглядае наступным чынам:

Re1ikt — Жураўлі на Палесьсе ляцяць

Akute — Алеся 

Akana — Каляда 

Pomidor/off — Скрыпяць мае лапці 

Tonqixod — Гусьляр (фрагмэнт) 

BosaeSonca — Ты мне вясною прысьнілася 

Cяргей Пукст — Александрына 

Зьміцер Вайцюшкевіч — Вераніка  

Detroit — Чырвона ружа 

Dzieciuki  — А хто там ідзе

Палац — Завушніцы 

Хор «Унія» — Пагоня

P.S. SP Kava&Angst — Думалі

У праекце таксама плянаваўся ўдзел гурта Naka, які абраў для выкананьня «Малітву» на словы Янкі Купалы, але, на вялікі жаль, аўтар арыгінальнай музыкі да гэтай кампазіцыі Алег Молчан катэгарычна забараніў выкарыстоўваць яго твор. Тым ня менш, гурт Насты Шпакоўскай паўдзельнічае ў канцэртнай прэзэнтацыі праекту, якая пройдзе 12 верасьня ў клюбе Re:Public.

У вялікім канцэрце «Re:Песьняры» возьмуць ўдзел гурты Tonqixod, Pomidor/off, Сяргей Пукст, Зьміцер Вайцюшкевіч, Akute, а таксама БДА «Песьняры».

Своеасаблівым лэйтматывам праекту стала песьня «Думалі», якую выконвае дуэт SP Kava&Angst. Менавіта яна гучыць у прома-роліку аўтарства рэжысэра Арцёма Лобача.

«Трэк „Думалі“ — гэта ліст ад прадстаўнікоў сёньняшняга пакаленьня — і Ўладзімеру Мулявіну, і Янку Купалу. Ліст пра час, у якім мы жывем, чым мы жывем і пра тое, якія мы самі. За рытмічную аснову трэка ўзятае зашыфраванае ў купалаўскім вершы асананснае слова „думалі“, што ўтвараецца на стыку словаў у радку „Я буДУ МАЛІцца і сэрцам і думамі“. Менавіта ў гэтым і быў пабачаны ключ да пэўнай спробы дыягназу пакаленьню: вялікая колькасьць магчымасьцяў і спосабаў існаваньня і, вядома, у якасьці ключа — малітва за будучыню Беларусі», — кажуць аўтары твору.

Праект «Re:Песьняры» прадстаўляюць інтэрнэт-партал Tuzin.fm, фонд «Вяртаньне» і грамадзкая кампанія «Будзьма беларусамі!» пры падтрымцы газэты «Культура» і парталу Tut.by.

12 верасьня (пятніца). Re:Public (вул. Прытыцкага, 62, ст. м. «Кунцаўшчына»). 18:00 — 22:00 Re:Песьняры. Прэм’ера музычнага праекту да 45-годзьдзя «Песьняроў»: Tonqixod, Naka, Pomidor/off, Сяргей Пукст, Зьміцер Вайцюшкевіч, Akute. Пры ўдзеле беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песьняры». Кошт квіткоў: 100 000 (танцпляц, папярэдне), 130 000 (столікі, папярэдне), у дзень канцэрту — 120 000 (танцпляц), 150 000 (столікі). Даведкі праз тэл. +375 (29) 687-20-93.

Набыць квіткі:

паб-клюб “Графіці” (зав.Калініна, 16) – танцпляц

касы Kvitki.by па ўсёй Беларусі – танцпляц і столікі

касы клюба Re:Public (вул.Прытыцкага, 62) – танцпляц

Продаж он-лайн:

праз сайт Kvitki.by – танцпляц і столікі

праз сайт клюба Re:Public – танцпляц 

Падзея ў Facebook

Падзея ЎКантакце

Tuzin.fm