«Re:Песьняры» як прыгода, выпрабаваньне і экспэрымэнт. Частка 4
Заключная частка эсэ распавядае пра рашэньне Сьвятланы Пенкінай аб забароне да ўсялякага выкарыстаньня твораў аўтарства Ўладзімера Мулявіна і таму, што мы будзем рабіць з гэтай нагоды.
За 15 гадоў актыўных стасункаў зь людзьмі ў публічнай сфэры адразу адчуваеш і разумееш, ці хоча з табой размаўляць чалавек, ці адкрыты ён для прапановаў і новых ідэяў. Нават калі ён страшна заняты, знайсьці час і паразумецца зь ім заўжды магчыма. А ёсьць і адваротныя прыклады… Згода Ігара Лучанка аніяк не паўплывала на Сьвятлану Пенкіну. «Позвоните где-небудь через неделю», — быў яе адказ.
Як потым ужо высьветлілася, гэты час быў патрэбны для таго, каб скласьці заяву ў Цэнтар абароны інтэлектуальнай уласнасьці. Праз тыдзень Сьвятлана Аляксандраўна сказала, што паведаміла пра сваё рашэньне ў гэты самы Цэнтар і паклала слухаўку. Якое канкрэтна рашэньне і якія ж усё ж уражаньні выклікаў праект «Re:Песьняры» яна вырашыла ў асабістай размове не паведамляць.
На фота: Алег Моўчан, Ірына Відава, Сьвятлана Пенкіна на прэзэнтацыі альбому Ірыны Відавай «Любовь сказала: Да!» (2006), фота naviny.by
Тым часам, спэцыялісты Цэнтру атрымалі заяву ад Сьвятланы Аляксандраўны і былі ў пэўнай разгубленасьці. Спадарыня Пенкіна прыняла даволі жорсткае і радыкальнае рашэньне — забараніць да ўсялякага выкарыстаньня творы аўтарства Ўладзімера Мулявіна, як у межах нашага праекту, так і ў прынцыпе. «Вядзецца размова аб тым, што дамова на кіраваньне правамі зь Сьвятланай Пенкінай у гэтай сувязі будзе скасаваная», — паведаміў юрыст Цэнтру, якому, уласна кажучы, па ідэі аўтары і дэлегуюць правы ў кіраваньні іх творамі. А тут і кіраваць, атрымліваецца, няма чым. «А можна мы ўсё адно сплоцім за выкарыстаньне песень, як гэта трэба па законе», — цікаўлюся ў юрыста, якая можа быць упершыню ў жыцьці сутыкаецца з такім няпростым выпадкам. Яно можа і можна, але ўсё адно фармальна па законе Сьвятлана Аляксандраўна мае рацыю і анічога з гэтым не паробіш. У выпадку публікацыі песень безь яе згоды і судовага разьбіральніцтва ў гэтай сувязі, Цэнтар меўся б абараняць інтарэсы спадкаемцаў Мулявіна. І, няма сумневу, абараніў бы іх як належыць. Кампэнсацыя можа скласьці ў гэтай справе да 50 000 базавых велічынь. Уявіўся з гэтай нагоды страшны сон: Ірына Міхайлаўна Быкава раптам прымае такі загад, каб творы яе мужа не цытаваліся і, барані Божа, публічна не чыталіся і спаганяе грошы з усіх, хто хоча ўшанаваць яго творчасьць.
Ніякіх крыўдаў на Сьвятлану Аляксандраўну Пенкіну. Яе поўнае права прымаць тыя ці іншыя рашэньні адносна спадчыны свайго мужа і трактаваць яе як выключна сваю справу, бо правы на творы яна мае выключныя. І яе поўнае права не заўважаць розных дзівакоў, якія неабыякава ставяцца да гэтай спадчыны і пры гэтым кажуць, што ня хочуць на ёй зарабіць. Тут ёсьць толькі роспач з той нагоды, што не атрымалася дагрукацца да сэрца шаноўнай распараджальніцы правоў ды прабіць гэтую зацятую абарону. Сумна, што з такой добрай нагоды ня выйшла паразумецца, знайсьці кампраміс і прыйсьці да агульнага рашэньня. Мулявін не аб’яднаў. Дыялёгу ня выйшла. Зрэшты, на што спадзявацца, калі ходзяць легенды пра ролю жанчыны ў гісторыі «Песьняроў»…
Пасьля апошняй спробы ўдакладніць прычыны і матывы такога рашэньня, Сьвятлана Аляксандраўна толькі сказала, што па дазвол да яе трэба было прыходзіць да запісу трэкаў, таму ва ўсёй гэтай сытуацыі можна вініць толькі сябе самога. Шах і мат… Прычым, калі задумацца, то вынік гэтае гульні быў прадказальным у любым разе. Калі б мы зьвярнуліся па дазвол яшчэ ня маючы нічога ў даробку, адмову мы атрымалі б, відаць, адразу. Бо выходзіць, калі б мы атрымалі згоду на пачатку, то гэта б значыла, што спадкаемцам Мулявіна ўсё адно, што там атрымаюцца за песьні. А калі ня ўсё адно, то не было б ніякага дазволу, калі нейкія песьні ім прыйшліся б недаспадобы. Карацей выглядае, што згоду на ўшанаваньне «Песьняроў» мы б не атрымалі аніяк. Ані да запісу, ані падчас, ані пасьля.
На фота: Сьвятлана Пенкіна і Алег Моўчан на прэзэнтацыі дыску «Песьняры. Песьні Алега Моўчана» (2010), фота belapan.com
А яшчэ ёсьць розьніца паміж пастаноўкамі самога пытаньня. Прыйсьці з напрацоўкамі і сказаць: «Вось, мы ўзяліся ўшанаваць, як вам?» выглядае куды лепш за неўцямны зварот з асьцярожным пытаньнечкам ды з пустымі рукамі: «Здрасьці, а можна мы тут „Песьняроў“ ушануем?» Калі б мы зрабілі такім чынам, гэтая выправа ў сьвет нязьведанага проста бы не адбылася. І не адбыліся такія мілыя дробязі, як цудоўны відэаролік Арцёма Лобача, дызайн-крэатыў ад студыі «Адліга» і саміх песень, ясна, не было б. Не было б агульнага фота Місевіча-Кашапарава-Дайнэкі-Ткачэнкі (некаторыя зь іх паміж сабой даўненька не кантактавалі) і праслухоўваньня ў рэдакцыі «Культуры». Не было б гэтай даволі душэўнай размовы у філярмоніі з той жа Пенкінай. Не было б ухвалы Лучанка і гэтага шматка паперы, дзе рукою славутага кампазытара напісаныя назвы сучасных беларускіх гуртоў. Не было б папросту прыгоды, выпрабаваньня і экспэрымэнту. Таму яшчэ да прэзэнтацыі праекту адбыліся шмат якія важныя рэчы, якія зьвязалі гэтыя два паралельныя сусьветы ды ў пэўнай ступені злучылі клясыку і сучаснасьць. Прынамсі, хочацца ў гэта верыць. Што б там хто ні забараняў і ні дзяліў, творчасьць «Песьняроў» не належыць дзяржаве, жонцы, брату ці свату. Яна належыць усім нам.
Такім чынам, з 1 верасьня на партале Tuzin.fm мы пачынаем прэзэнтацыю праекту «Re:Песьняры» з прадмовы, якую адмыслова напісаў пісьменьнік Уладзімер Арлоў. Штодня будзем прадстаўляць па песьні, а 12 верасьня ў менскім клюбе Re:Public адбудзецца жывая прэзэнтацыя праекту «Re:Песьняры».
Што мы НЕ пачуем у сувязі з рашэньнем Сьвятланы Аляксандраўны Пенкінай:
– Фантыстычную вэрсію «Пагоні» мужчынскага хору «Унія» пад кіраўніцтвам Кірылы Насаева, таго самага хору, які рэанімаваў нашы маршы і гімны, альбом якога «Беларускія маршы і песьні» (1998) натхніў на стварэньне супольнага музычнага праекту «Я нарадзіўся тут». Верш Максіма Багдановіча, пакладзены на музыку Ўладзімерам Мулявіным, зроблены ў зьмешаным ансамблева-харавым стылі, раскладзены на шматлікія галасы і выкананыя акапэла.
– Нетрывіяльную вэрсію «Завушніцаў» у выкананьні гурта «Палац». Музыкі абралі гэты твор, бо ў свой час ён быў абсалютна сугучны з агульнасусьветнымі фольк-рокавымі тэндэнцыямі і нават апярэджваў у падыходах да аранжыроўкі. Свой варыянт яны зрабілі наўмысна без гітараў, каб было непадобна да арыгіналу, але захавалі шыкоўную гармонію і зухаватасьць гісторыі. Зьмянілі толькі адно слова ў тэксьце: замест «зьвіняць ёй завушніцы» прасьпявалі «ёй шэпчуць завушніцы». Гэта адвольнасьць зьвязана з гісторыяй аб перакладзе песьні на польскую мову, а потым ізноў на беларускую.
– Экспэрымэнтальную вэрсію «Александрыны» ў вэрсіі Сяргея Пукста. Сяргей кажа, што выбраў яе, бо гэта вельмі загадкавая песьня. Рамантычная, вельмі сьветлая мэлёдыя надае неадназначнаму тэксту характар напаміну пра каханьне. «А я тут убачыў расчараваньне ад каханьня, якое не сустрэў. Таму ў прыпеве зьяўляецца ледзяны подых сьмерці. І ўвесь тэкст, як перадсьмяротны напамін. І ўрэшце пры канцы крык адчаю ад нязьдзейсьненага шчасьця. Пракручаныя назад шпіёнскія сыгналы, зь якіх пачынаецца трэк, кажуць пра тое, што недавер і падазронасьць не даюць ажыцьцявіцца нечаму галоўнаму», — так прадстаўляе забаронены да прэзэнтацыі твор сам выканаўца.
Што можам пачуць:
Песьні ў выкананьні найлепшага кавэр-бэнду краіны Detroit «Чырвона ружа», вэрсія «Каляды» ад Akana, «Скрыпяць мае лапці» ў трактоўцы гурта Pomidor/off.
Справа тут у тым, што гэтыя песьні — народныя. Але аўтарства музыкі ў каталёгу Цэнтру абароны інтэлектуальнай уласнасьці пазначана за Ўладзімерам Мулявіным, бо ён апрацаваў творы для выкананьня менавіта «Песьнярамі». Новыя выканаўцы зрабілі ўласную апрацоўку народных твораў. Рэгістраваць нейкім чынам сваю вэрсію яны не зьбіраюцца, аўтарскія адлічэньні за публічнае выкананьне гэтых твораў у межах праекту «Re:Песьняры» будуць зафіксаваныя за Мулявіным, як даніна павагі. Юрысты кажуць: паколькі творы запісаныя за Мулявіным, спадкаемцы яго правоў могуць афіцыйна забараніць іх публічнае выкананьне. Але тут выходзіць казус — як можна забараніць выкананьне народнай песьні? Выходзіць тады ня можна перапяваць і «Рэчаньку» і «Касіў Ясь», якія меліся ў рэпэртуары «Песьняроў». Факт «народнасьці», кажуць юрысты, мае ўстанавіць адмысловая экспэртыза, якую пры жаданьні замаўляе той, чые правы парушаюцца.
Што пачуем абавязкова:
Re1ikt — Жураўлі на Палесьсе ляцяць (музыка арыгіналу Ігар Лучанок/Алесь Ставер)
Akute — Алеся (музыка арыгіналу Ігар Лучанок/Аркадзь Куляшоў)
Tonqixod — Гусьляр, фрагмэнт (музыка арыгіналу Ігар Лучанок/Янка Купала)
Dzieciuki — А хто там ідзе (музыка арыгіналу Сяргей Картэс/Янка Купала)
Зьміцер Вайцюшкевіч — Вераніка (музыка арыгіналу Ігар Лучанок/Максім Багдановіч)
Bosae Sonca — Ты мне вясною прысьнілася (музыка арыгіналу Юры Семяняка/Міхаіл Шушкевіч)
SP Kava i Angst — Думалі (музыка SP Kava, Вячка Красулін, словы SP Kava i Angst)
У добры шлях!
На загалоўным фота: Сьвятлана Пенкіна ў тэлесэрыяле «Хождение по мукам» (1977). Падчас здымак акторка якраз пазнаёмілася з Уладзімерам Мулявіным. «Песьняры» ў той час ўжо запісалі значную частку сваіх галоўных гітоў, мелі агульнасавецкую славу і гастролі за мяжой.
«Re:Песьняры» як прыгода, выпрабаваньне і экспэрымэнт. Частка 3
«Re:Песьняры» як прыгода, выпрабаваньне і экспэрымэнт. Частка 2
«Re:Песьняры» як прыгода, выпрабаваньне і экспэрымэнт. Частка 1
Сяргей Будкін, Tuzin.fm
Будкін -- малайчы! Вельмі пазнавальныя тэксты
Дзякуй! А ці можна будзе знайсці ў сеціве забароненыя да ваканання песні? Шкада будзе, калі так прападуць.
Шкада ня тое слова, але мы паважаем аўтарскія правы, таму самі выкладаць у сеціва іх ня будзем.
КАМЕНТАВАЦЬ