Ірына Дрыга: «Мы ня можам прымусіць дазволіць канцэрт гурту Dzieciuki»
Першы намесьнік міністра культуры Ірына Дрыга афіцыйна адказала наконт забароны фольк-панк гурту з Горадні.
У звароце да Мінкульту, вялося пра тое, што ўпраўленьне ідэалягічнай работы Менгарвыканкаму адмовіла без матываванай прычыны ў выдачы гастрольнага пасьведчаньня на чарговы канцэрт з сэрыі «Жывы Тузін», у якім меўся выступіць гурт Dzieciuki. Кіраўнік парталу Tuzin.fm Сяргей Будкін, як арганізатар гэтага мерапрыемства, абскардзіў рашэньне ідэолягаў у вышэйстаячай арганізацыі. У лісьце ў Мінкульт ён зазначыў, што лічыць рашэньне ідэолягаў незаконным ды просіць абавязаць выдаць пасьведчаньне на права арганізацыі канцэрту гарадзенскай каманды ў Менску.
На зварот Сяргея прыйшло два адказы — адзін зь Мінкульту за подпісам першага намесьніка міністра культуры Ірыны Дрыгі, а другі з таго ж ўпраўленьня ідэалёгіі. Спадарыня Дрыга зазначыла, што Міністэрства культуры накіравала скаргу ва ўпраўленьне ідэалягічнай работы Менгарвыканкаму для паўторнага разгляду. Ідэолягі разгледзілі заяву і далі адказ за подпісам начальніка ўпраўленьня культуры Віталіны Рудзікавай: рашэньне аб адмове ў канцэрце «Дзецюкоў» было прынята на падставе п.5 гл. 2 «Палажэньня аб арганізацыі і правядзеньня культурна-відовішчных мерапрыемстваў». Гэта значыць, што музыкаў вінавацяць або ў прапагандзе вайны, або ў экстрэмісцкай дзейнасьці, або яны ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы, грамадзкаму парадку, маральнасьці і здароўю насельніцтва, правам і свабодам грамадзянаў, або (і гэта самы цьмяны пункт — заўвага ТГ) парушаюць «патрабаваньні Палажэньня ды іншых актаў заканадаўства», у тым ліку аўтарскае права і сумежныя правы. Што менавіта з гэтага пераліку стасуецца з творчасьцю «Дзецюкоў» і які мэханізм прыняцьця такога рашэньня Віталіна Рудзікава не патлумачыла, зазначыўшы толькі, што «дадатковай інфармацыі па гэтым пытаньні ня маем».
Віталіна Рудзікава, фота minsknews.by
Ірына Дрыга ў сваю чаргу зазначыла, што «Міністэрства культуры не надзелена правам прымушэньня ўпраўленьня ідэалягічнай работы Менгарвыканкаму да выдачы пасьведчаньня на дадзенае мерапрыемства».
Арганізатар канцэрту Сяргей Будкін зьбіраецца абскарджваць рашэньне чыноўнікаў у судовым парадку.
Пакуль жа гурт Dzieciuki ўжывую можна пачуць на канцэрце ў Беластоку, які музыкі даюць 25 лютага. Да 31 сьнежня дзейнічае зьніжка на квіткі. Кошт квітка 19 рублёў + бясплатная віза, калі трэба. Падрабязнасьці можна дазнацца на сайце арганізатараў.
Tuzin.fm, фота Belta.by
КАМЕНТАВАЦЬ