Максім Жбанкоў: «Крамбамбуля». Чарка на пасашок
Культуроляг Максім Жбанкоў разважае над прычынамі роспуску праекту Лявона Вольскага: «Крамбамбулю» загубіла менавіта тое, што павінна было ёй дапамагчы.
Нарэшце ў нас стала ўсё як у людзей: героі альтэрнатывы выйшлі ў жорсткую ратацыю. Пажыцьцёвыя генэралы рок-н-ролу паступова вылятаюць на ўскраіны музпрацэсу, так і ня стаўшы яго галоўнакамандуючымі. Сэрыя распадаў і паўраспадаў важкіх праектаў — ад расколу залатога складу N.R.M. да зацяжнога разводу «ляпісаў» (зь дзяльбой зэдлікаў і расьпілоўваньнем сумесна нажытых сэрвантаў) — сьведчыць ня проста пра чарговы крызіс жанру. Штось ня так з энэргетыкай. Тое, што раней «калбасіла й плюшчыла», ужо не працуе. Нядаўняя заява Лявона Вольскага пра закрыцьцё праекту «Крамбамбуля» ў гэтым кантэксьце — не какетлівы жэст лякальнай зоркі, а цьвярозы крок прагматычнага мэнэджара праблемнага прадпрыемства.
Вольскі — выдатны санграйтар, маторны шоўмэн і эфэктыўны прадусар — заўсёды адрозьніваўся вострым пачуцьцём моманту. У рамантычна-пратэставых 80-х ён рабіў з «Мрояй» сьвядомы гардовы «стод-рок», у геройскія 90-я пісаў горка-салодкія гімны барацьбы і волі з N.R.M., потым пайшла паласа сайд-праектаў ад «Народнага альбому» да «Куплетаў і прыпеваў», кароткі рэвалюцыйна-радыкальны шумавы выкід ад Zet, белсатаўскія «навагоднія агеньчыкі», цяперашнія музычныя радыёфэльетоны і змрочная сацыяльная дыягностыка апошняга сольніка «Hramadaznaustva».
«Крамбамбуля» апошняга разьліву
На гэтай дарожнай мапе ў задумы з «Крамбамбуляй», якая доўжылася 15 гадоў, сваё асаблівае месца — досьведу канструяваньня беспартыйных тавараў шырокага спажываньня.
Напачатку нулявых гэта здавалася добрай ідэяй. Пратэставая хваля канца 90-х зьнемагла, сфэра прысутнасьці ў публічным полі радыкальных рок-выказваньняў рэзка звузілася, адміністрацыйны прэсінг на гітарных змагароў узмацніўся. Пры такім раскладзе пісьменны рэбрэндынг ранейшых аўтарытэтаў выглядаў выдатным тактычным ходам: ўцячы ад «чорных сьпісаў», але застацца ў полі ўвагі свой публікі: «Які N.R.M.? Мы — „Крамбамбуля“!»
Гульня ў маскі, дарэчы, была і застаецца фірмовай фішкай Лявона. Акрамя таго, відавочна прысутнічаў стратэгічны інтарэс: прыцягнуць да «беларушчыны» новую публіку, ня столькі «Беларусь, здольную думаць», колькі гатовую танчыць пад уласны «альтэрнатыўны шансон». Застольны праект Вольскага ў зваротнай пэрспэктыве выглядае суразьмерным тагачаснай мутацыі праекту Міхалка: і новая «Крамбамбуля», і абноўлены «Ляпіс» пасьлядоўна ператваралі музычную альтэрнатыву ў камэрцыйны прадукт. Праўда, з радыкальна адрозным вэктарам: «Ляпісы» зазывалі ў Сочы, Лявон разьліваў тэкілу.
«Крамбамбуля» разьліву 2003 году
«Лёгкі» стыль Вольскага задоўга да зьяўленьня індустрыі вышыванак стварыў клішэ бясьпечнага побытавага нацыяналізму — лякальнай весялухай, скокаў ражаных. Усё, зробленае да апошняга часу пад шыльдай «Крамбамбулі», мела адчувальны прысмак тэатральнага «капусьніку», гульнятэкі сусьветнага поп-фальклёру.
Падкрэсьлена трэшовыя касьцюмы, захопленасьць бульварнай біжутэрыяй і вульгарнай мэлёдыкай, сьвядомае электрычнае гучаньне музычнага матэрыялу ў дыяпазоне ад алька-бугі да гапаку — такая агульная «расфакусоўка» аўтарскага зроку была абсалютна апраўданай для агучкі шалёных хмяльных вячорак. Лявон дакладна пралічыў нішу, якая дагэтуль пуставала ў беларускім шоу-бізе, — адсутнасьць застольнай музыкі новага пакаленьня. Праблемай стала іншае: здольнасьць запоўніць гэтую пустэчу ўласнымі намаганьнямі.
Мяркую, «Крамбамбулю» загубіла менавіта тое, што павінна было ёй дапамагчы: мазаічны крэатыў, ТЮГаўскія прыколы і зачараванасьць поп-штампамі. «Крамбамбуля» магла ўсё — ад індыйскіх прыпевак да ірляндзкіх балядаў, ад польскіх сэрыяльных матываў да дваровых куплетаў. І ўсё гучала аднолькава сымпатычна і неабавязкова. «Раз-два-тры — усе за стол!» магло пацягнуць на тры хвіліны весялосьці. І назаўжды вылятала з галавы.
Праект рос ня ўглыб, а ўшыркі, залучаючы ў сваю арбіту ўсё новых гасьцявых пэрсанажаў і чарговыя музычныя архівы. Плынь стылізацыяў пачала стамляць як зацягнуты анэкдот. А простая мова ад першай асобы ў дадзеным фармаце ніяк не атрымлівалася.
Мітусьлівая «Крамбамбуля» не сфармулявала выразнага канцэпту — а таму не стварыла і сваёй публікі. Прыхільнікі «энэрэмаўскага» Вольскага чакалі ад прызнанага рок-партызана большага. Юзэрам застольных танцаў хапіла б і меншага — усё роўна ад каго. Запушчаны аднойчы канвэер мілых глупстваў у нейкі момант стаў працаваць супраць свайго аўтара.
«Крамбамбуля» на канцэрце ў «Шайбе», 2008 год
Сэнсавы канфлікт Вольскага-артыста з Вольскім-забаўнікам абвастрыўся, калі развальваўся N.R.M. — бэнд олдавых нацыянал-нонканфармістаў. Спробы яго разьвязаць прывялі да цікавах мутацыяў, накшталт зьяўленьня N.R.M. (у поўным складзе) на падтанцоўцы аднаго з навагодніх «тэлекарпаратываў» Лявона Артуравіча і выязных канцэртаў «Крамбамбулі» зь фірмовым «Драбадзі-драбада» і …рэпэртуарам N.R.M. пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Мічурынскія спробы па вырошчваньні поп-фольку ўшчэнт прайгралі па ачках традыцыйнай мінімалісцкай рок-публіцыстыцы. Менавіта такі Вольскі, самурай духу з «Пагоняй» у пятліцы, апынуўся рэальна запатрабаваным ўнутры сваёй задуменнай краіны — ды й за яе межамі. «Крамбамбуля» стала сур’ёзнай — і скончылася як «Крамбамбуля». Заставалася толькі паставіць кропку. Пакуль. Бай-бай. Вынось посуд.
Максім Жбанкоў, journalby.com, публікуецца на Tuzin.fm у перакладзе на беларускую з дазволу аўтара
Рэакцыя Лявона Вольскага на крытыку:
Крытыкі крытыкуюць, аналітыкі аналізуюць. Журналісты крытыкуюць і аналізуюць.
"Крамбамбуля" сыходзіць у лясы таму, што... Тут можна выбраць: "вычарпаны патэнцыял", "Вольскі стаміўся", "адсутнічае цікавасьць публікі" і яшчэ дзясяткі розных нэгатыўных падставаў.
Такое ўражаньне, што ў нашай краіне музычнае жыцьцё квітнее і пахне. Выбухоўвае салютам. Паліць напалмам.
Усе пры гэтым сарамліва маўчаць пра сем гадоў без канцэртаў "Крамбамбулі" (і шэрагу іншых выканаўцаў, кажучы афіцыйнаю моваю). Чытаеш, і такое ўражаньне, што мы жывем у нармальнай эўрапейскай краіне, дзе па поўнай праграме руліць шоў-бізнэс. А тое, што хтосьці вымушана ня граў, дык гэта ягоныя праблемы.
Астатнія ж гралі.
Так, астатнія гралі. І ніхто зь іх ня зладзіў акцыю ў падтрымку забароненых. Бо вы ж самі ўсё выдатна разумееце.
Я разумею. Нешта скажаш і сам апынесься ў сьпісе. А так - нармальна, можна граць некалькі канцэртаў на год. У сталіцы і яшчэ сямі гарадах. Ну, дзесяці. За гэта варта змагацца. Змагацца - значыцца, фільтраваць базар і дэкляраваць, наколькі ты далёкі ад палітыкі.
А аналітыкі паразважаюць наконт таго, які гук на якім маім альбоме, "навошта наогул пісаць на гэтыя тэмы", і "Крамбамбуля" сыходзіць у лясы таму, што...
І тут прыходзіць разуменьне, што ўсе мы жывем у сильной и процветающей Беларуси, государстве для народа.
https://www.facebook.com/Volski.Lavon
Вольского можно понять - надоело по переходам и квартирникам блытацца - возраст не тот. Что тут рассусоливать - ясно как божий день. Обидно будет, если сьедет...
КАМЕНТАВАЦЬ