«Сёмы Прэм’ер Тузін» — інтэрнэт-прэм’ера складанкі (аўдыё/спампаваць)
На партале Tuzin.fm — прэзэнтацыя складанкі «Сёмы Прэм’ер Тузін» з найлепшымі гітамі музычнага 2014 году.
Сёмы па ліку «Прэм’ер Тузін» выходзіць пасьля вымушанага перапынку ў тры гады. За гэты час выданьне дыскаў канчаткова страціла свой сэнс, таму мы разглядалі магчымасьць выданьня чарговай справаздачнай складанкі на USB-флэшцы ў CD-боксе, каб гэтым падкрэсьліць тэндэнцыю апошніх гадоў і канстатаваць адыход СD-фармату. Але забаўка задарагая, таму мы пайшлі самым простым шляхам — прэзэнтуем «Сёмы Прэм’ер Тузін» у фармаце інтэрнэт-рэлізу. На наступны год з нагоды 12-годзьдзя нашага парталу будзем думаць над магчымасьцю выданьня найлепшых песень 2003—2015 на вініле.
Гэта складанка падрыхтаваная слушным музычным інтэрнэт-парталам Tuzin.fm па выніках гіт-параду ў 2014 музычным годзе. Дзякуй у падвядзеньні вынікаў году ўсім нашым наведнікам, а таксама экспэртнай радзе з кіраўнікоў і прадстаўнікоў беларускіх клюбаў у складзе: Андрэй Старцаў (Re:Public, Менск), Гарык Аганджанян («Чердачок», Віцебск), Андрэй Лазук («Графіці», Менск), Яўген Агапаў (TNT Rock Club, Менск), Уладзімер Кубышкін (Tarantino, Менск).
«Залаты Тузін» — 12 галоўных песень гіт-параду на партале Tuzin.fm у музычным сэзоне 2014:
1. Песьняры — Кацярынка маладая (музыка Рамана Козырава, словы Вячаслава Шарапава)
2. Майтай — Полымя (музыка і словы: Андрэй «Тай» Дзяркоў)
3. Landau feat. Zolki Band — Сьнежань (музыка гурт Landau, словы f.s.t.)
4. Pauline — Пачакай (музыка і словы Паліна Цімохіна)
5. Navi — Не засынай (музыка і словы Арцёма Лук’яненкі і Ксеніі Жук)
6. BosaeSonca — Неба (музыка Алеся Ката-Зайцава, словы Анатоля Сыса)
7. ZnaROCK&Вожык — Тацяна (музыка: Вожык і ZnaROCK, словы: Вожык)
8. Akute — Наскрозь (музыка: Akute, словы: Рамана Жыгарава)
9. Стары Ольса — Ave Maria (музыка і словы народныя, пераклад на беларускую Зьмітра Сасноўскага)
10. Haina — Ціхі акіян (музыка Haina, словы Ільлі Паплёўкі)
11. Nizkiz — Гуантанама (музыка Nizkiz, словы Аляксандра Ільіна)
12. TonqiXod — Насыпаць горы (музыка TonqiXod, словы Ўладзя Лянкевіча)
Песьняры — Кацярынка маладая
«Песьняры» сьпявалі пра Алесю, Вераніку, Марысю, Стасю, Александрыну ўрэшце рэшт. А вось пра Кацярынку яшчэ не. Кампазыцыя «Кацярынка маладая» была напісаная ў 2014 годзе. Аўтарам словаў стаў Вячаслаў Шарапаў, цяперашні мастацкі кіраўнік «Песьняроў», які працуе ў ансамблі ўжо 15 гадоў, а аўтарам музыкі — Раман Козыраў, клявішнік і музычны кіраўнік «Песьняроў». «Гэта найвышэйшы кляс! Школа Мулявіна павінна жыць вечна. І сіла гэтай школы якраз не ў старых песьнях, якія гэтыя ды іншыя „Песьняры“ ўжо пераўтварылі ў кіч, хоць некаторыя і называюць гэта постмадэрнізмам. Моц у разьвіцьці», — зазначыў экспэрт «Тузіна» і дырэктар клюбу Re:Public Андрэй Старцаў.
Майтай — Полымя
Беларускамоўны дэбют каманды Андрэя Дзяркова атрымаўся звышудалым — песьня доўгі час трымалася ў лідэрах чарту, змагалася за 1-е месца ў выніковым туры і карысталася вялікім попытам слухачоў. На сваю першую песьню на роднай мове Андрэй натхніўся творамі Ўладзімера Караткевіча. Экспэрт «Тузіна» прадусар Уладзімер Кубышкін вылучыў гурт з агульнай масы дэпрэсіўнага року, яго падкупае асабістае стаўленьне лідэра каманды Андрэя Дзяркова да музыкі, да якасьці гучаньня: «У „Майтай“ сымбалізм ва ўсім, аўтар глыбока капае і гэта адчуваецца. Няглядзечы на яўны андэграўнд на выхадзе, якаснае выкананьне бачнае няўзброеным вокам».
Landau feat. Zolki Band — Сьнежань
Менавіта гэты сьпеў берасьцейскай каманды з прыгажуняй Ленай Калейнікавай на вакале прызнаны найлепшым у выніковым мэгатуры на «Тузіне». Гурт Landau працуе ўжо чацьверты год, але сапраўдным адкрыцьцём стаў толькі сёлета. Гэтую песьню музыкі выканалі разам з Раманам (f.s.t.) з гурта Zolki Band, які і напісаў да яе тэкст. «Мы пачалі працаваць над гэтай кампазыцыяй яшчэ ў 2011-м, а давялі да ладу толькі цяпер. Па-сутнасьці гэта рэфлексія чалавека на падзеі сьнежня 2010 году, таму песьню так і назвалі — паводе месяца», — кажа Лена.
Pauline — Пачакай
Navi — Не засынай
Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук напісалі гэты твор на моры, падчас адпачынку. Дапісвалі па дарозе дамоў у цягніку. «У гэтай песеньцы — лета, мора, галька, цягнік», — кажа Арцём. А Ксенія дадае: «Пад гэтую песьню проста хочацца адпачываць у думках, заплюшчыць вочы ды ўяўляць што-небудзь самае прыгожае для сябе». Улюбёны гурт беларускіх рамантыкаў упэўнены, што тут увасабляецца гармонія чалавека з чалавекам ды чалавека з прыродаю. Экспэрт «Тузіна», дырэктар бітлз-клюбу «Чердачок» у Віцебску Гарык Аганджанян адрэагаваў адпаведным чынам: «Гэта вельмі гарманічная кампазыцыя, выдатная выкананая. Яе можна слухаць некалькі разоў запар».
BosaeSonca — Неба
Гэтую песьню Алесь Кот-Зайцаў напісаў на верш свайго ўлюбёнага паэта — Анатоля Сыса. «Як ён сам, так і гэтая песьня, для мяне ўласна ўвасабляюць Беларусь у вобразах і словах. Яна крыху сумная, але сум гэты сьветлы і чысты. Думаецца мне, што ў нейкай ступені так Беларусь і жыве — у чыстым, сьветлым суме», — кажа лідэр Алесь. Гэтая ды іншыя песьні з акустычнага альбому «Адпусьці» заслужылі найвялікшай пахвалы ад экспэрта «Тузіна» Сяргея Філімонава, які назваў музыку гурта BosaeSonca «прадуктам высокай якасці, які сьмела можна паставіць побач са знакамітымі камандамі сусветнага ўзроўню». Вядучы культавай перадачы «Відзьмо-невідзьмо» паставіў каманду Ката-Зайцава на адну прыступку з брытанцамі Turin Brakes.
ZnaROCK&Вожык — Тацяна
Рэпер Вожык распавядае, што яго натхніла на напісаньне гэтага трэку дзявочая прыгажосьць: «У Беларусі шмат прыгожых дзяўчат. Мы ў гэтым пляне перадавая краіна Эўропы. У кожнага свая Тацяна, таму не забараняецца імя ў прыпеве зьмяняць на якое заўгодна іншае. Песьня мажліва не адбылася б, каб не спантанны лайв пад гітару у Сяньне на возеры. Пасьля гэтага я і вырашыў зьвярнуцца да сваіх сяброў з ZnaROCK». Песьню ўпадабаў экспэрт «Тузіна», арт-дырэктар клюбу «Графіці» Андрэй Лазук, які лічыць ZnaROCK недаацэненым беларускім гуртом, які павінны на беларускіх фэстах быць у сьпісе хэдлайнэраў. Бо гайдае: «Гэткія новыя IQ48 — драйвовыя рытмы, вясёлыя, гумарныя ды няглупыя тэксты. Цікавы склад, ды й самі музыкі вельмі харызматычныя».
Akute — Наскрозь
«Наскрозь» — першая песьня гурта, паказаная публіцы пасьля выхаду другога альбому «Не існуе». Яе аўтар Рома Жыгараў кажа, што напісалася яна вельмі хутка — проста на адной хвалі. І менавіта яна прадвызначыла асноўную лінію трэцяга альбома каманды. Вакаліст Стас Мытнік дадае, што на пэўны час «Наскрозь» стала яго ўлюбёным творам з усяго рэпэртуару Akute. Песьня ачаравала не аднаго Стаса. Яна пратрымалася ў чарце ўвесь сэзон ад 1-га да выніковага туру. «Akute працягваюць рабіць вельмі прыватную музыку, працуючы ў жанры жыцьцёвага саўндтрэку: вось выйшла новая песьня, а яна ўжо год як значыць для ўсіх нас столькі ўсяго. Пакуль яны пра нас, яны мне падабаюцца», — адзначыла экспэрт «Тузіна» журналістка і пісьменьніца Тацяна Заміроўская.
Стары Ольса — Ave Maria
Дакладная назва гэтага сьпеву — «Cuncti simus concanentes», альбо «Засьпявай Адзінай Паньне». Арыгінал музыкі і словаў зьмешчаны ў рукапісе 14 стагодзьдзя «Чырвоная кніга кляштара Мансэрат». Там напісана, што гэтую песьню можна выконваць паломнікам, якія спыніліся ў манастыры і маюць жаданьне сьпяваць і танчыць. Па-беларуску «Авэ Марыя» загучала ўпершыню якраз у выкананьні «Старога Ольсы», дзякуючы перакладу Зьмітра Сасноўскага. «Гэты ансамбль для мяне заўжды быў і застаецца першым ды адзіным у тым кірунку, які ён прадстаўляе», — адзначыў экспэрт «Тузіна» Генадзь Шостак. Цікава, што пасьля зьяўленьня гэтага твору, «ольсаў» сталі актыўна запрашаць з выступамі розныя рэлігійныя арганізацыі, хоць рэлігійных сьпеваў у рэпэртуары «ольсаў» усяго чатыры.
Haina — Ціхі акіян
Гэты рок-гурт вырашыў прынцыпова не выкарыстоўваюць электрагітары, а драйв перадаваць з дапамогай баяну, скрыпкі ды бубнаў. «Ціхі акіян» — першая песьня новай каманды Ільлі Паплёўкі з прэтэнзіяй на гіт. Яна распавядае найперш пра своечасовы выбар, пра рашучасьць і сьмеласьць. «У ёй можна адчуць адначасова і прагу новага, і страх перад ім. Жаданьне нешта зьмяніць без дакладнага пляну дзеяньняў. Інтуітыўная гатоўнасьць рызыкаваць без уяўленьня, чым менавіта давядзецца рызыкаваць», — кажа лідэр Haina.
Nizkiz — Гуантанама
У вэрсіі магілёўскіх музыкаў «Гуантанама» не амэрыканскі лягер на Кубе. «Гэтую мэтафару мы скарысталі, каб падзяліцца ўнутранымі перажываньнямі, распавесьці пра тую турму, якая ёсьць унутры чалавека, пра межы ды рамкі, якія мы самі для сябе выдумляем», — кажа аўтар словаў, вакаліст Nizkiz Аляксандар Ільін. Песьня надта спадабалася слухачам, у тым ліку экспэрту «Тузіна» Ангеле Эсьпіносе, гішпанкі, улюбёнай у беларускую культуру: «3 хвіліны і 26 сэкундаў узьнёслага музычнага захапленьня. У нас рэдка знаходзіцца трэк такой чысьціні». Першы беларускамоўны досьвед музыкі палічылі за ўдалы, назвалі ў гонар гэтай песьні свой 3plet-альбом ды запісалі новую песьню на роднай мове.
TonqiXod — Насыпаць горы
Гурт з паэтам Уладзем Лянкевічам скарыў інтэлектуальную публіку сваім першым уцямным запісам, у якім адбілася асацыяваньне беларусаў з амэрыканскімі індзейцамі, якое перасьледуе аўтара твору. Трэк каштоўны як з пункту гледжаньня музычнага, так і тэкставага. «Гэта адна з вэрсіяў адказу на нашы, мясцовыя, бясконцыя нараканьні ды пытаньні, і трошкі на вечныя. Гэта альтэрнатыўная канцэпцыя ўладкаваньня тутэйшага космасу і разам з тым жарт», — кажа Уладзь. Экспэрт «Тузіна» Зьміцер Безкаравайны вылучыў гэты твор, бо выйшла эстэтычна, зьмястоўна, правакацыйна. «Мне падабаецца, калі беларускія гурты шукаюць нешта новае і нестандартнае, а яшчэ больш падабаецца, калі яны гэта знаходзяць», — адзначыў кіраўнік праекту Experty.by.
Складанка «Прэм’ер Тузін — 2014». Падрыхтаваная рэдакцыяй інтэрнэт-парталу Tuzin.fm
Каардынатар выданьня — Сяргей Будкін
Майстарынг — студыя «Осмос»
Аздабленьне — студыя «Адліга»
Тuzin.fm 2014: Сяргей Будкін, RWD, Wiecier Mechaniczny, Хрысьціна Дарапей, Яўген Шапчыц, Віктар Сямашка, Натальля Стрыжак, Алег Хаменка
СПАМПАВАЦЬ «СЁМЫ ПРЭМ’ЕР ТУЗІН» З БОНУСАМ +30MP3
Дзякуй! Дадамо ў калекцыю )
КАМЕНТАВАЦЬ