Dzieciuki дадуць першы канцэрт у статусе «Герояў 2014 году» ў Менску
4608 / 1
19.12.2014

Dzieciuki дадуць першы канцэрт у статусе «Герояў 2014 году» ў Менску

Уладальнік прэміі «Героі году — 2014» гурт Dzieciuki cыграе вялікі сольны канцэрт у клюбе «Піраты» 9 студзеня 2015 году ў межах праекту «Жывы Тузін».

Да свайго сольнага выступу гарадзенцы рыхтуюцца з усёй адказнасьцю. «Менск стаў для нас шчасьлівым горадам, тут нас заўсёды прымаюць вельмі цёпла. Таму гэты канцэрт пэўная справаздача для нашых фанаў. З улікам таго, што за бартом РБ у нас канцэртаў больш чым у роднай краіне, то кожны канцэрт тут на вагу золата. Шчыра запрашаем усіх нашых сяброў ды паплечнікаў!» — кажа вакаліст каманды Алесь Дзянісаў. 2014 год для яго каманды стаў надзвычай плённым — музыкі выдалі альбом «Гарадзенскі гармідар», зьнялі чатыры відэакліпы, зьезьдзілі ў тур па Эўропе і атрымалі прэмію «Героі году» ад парталу Tuzin.fm.

На канцэрт 9 студзеня Dzieciuki рыхтуюць вялікую праграму, куды ўвойдуць як вядомыя песьні, так і зусім новыя рэчы, што ўвойдуць у будучы альбом, праца над якім ужо распачалася.

Выступ гарадзенцаў падтрымае яшчэ адзін цікавы выканаўца, яго імя паведамім за тыдзень да канцэрту.

Канцэрт праходзіць у межах акцыі «Жывы Тузін», якую чацьверты сэзон запар ладзяць партал Tuzin.fm з партнэрамі з грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі!». Весьці яго будзе Аляксандар Памідораў.

9 студзеня. 19:00. Клюб «Піраты» (пр-т Партызанскі, 6а). Канцэрт гурта Dzieciuki. Квіткі, з улікам камісіі апэратара — 100 000 (танцпляц), 130 000 (столік).

Можна набыць он-лайн праз Kvitki.by ці ў касах па ўсёй Беларусі. Інфа: + 375 29 687-20-93.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    23.12.2014 / 16:52

    Раім пасьпяшацца з набыцьцём- у дзень канцэрту квіткі будуць даражэй!

  • КАМЕНТАВАЦЬ