Алесь Ясінскі. Інтэрнацыянальны і навагодні (прэм’ера EP)
Пераможца «Бардаўскай восені — 2014» запісаў пад Новы год самотнік разам з расейскай сьпявачкай Аленай Мядзьведзевай і чэскай рок-зоркай Івай Марэшавай «Сьвет нібыта ўздыхнуў», які прадстаўляе на партале Tuzin.fm.
Cамотнік складаецца зь дзьвюх вэрсіяў адной песьні. «Песьня „Сьвет нібыта ўздыхнуў“ — гэта мае пажаданьні ўсім людзям. Хачу, каб Новы год прынёс Вам радасьць, цеплыню і шчасьце, каб мы былі разам, каб сьвет жыў у міры, сяброўстве і любові. Каб усе перамены былі да лепшага», — кажа яе аўтар, баяніст, гітарыст, кампазытар, удзельнік гурта BosaeSonca і лідэр The Unlimited Trio Алесь Ясінскі.
Алена Мядзьведзева
Першая вэрсія — на беларускай мове, засьпяваная дуэтам з расейскай сьпявачкай Аленай Мядзьведзевай (Алёна Медведева) і з удзелам альтыста Ільлі Чарнаклінава. Другую вэрсію пераклала на чэскую мову і прасьпявала Іва Марэшава (Iva Marešová), вядомая сьпявачка чэскай рок-сцэны і м’юзыклу. Дарэчы, на апошнім сваім канцэрце Іва разам з Аляксандрам выканалі песьню на беларускай мове на верш Уладзімера Караткевіча, зь якой Ясінскі сёлета перамог на фэстывалі «Бардаўская восень». «Вельмі ўсьцешаны, што беларуская мова і беларуская песьня кранае маіх чэскіх і расейскіх калег і сяброў. Нягледзячы на нейкія адрозьненьні, нас шмат што аб’ядноўвае. Лепей натхняць адно аднаго і дапамагаць».
Алесь Ясінскі і Іва Марэшава
Алесь Ясінскі дэбютуе на «Тузіне» ня толькі як аўтар і выканаўца ўласнай песьні, але і як гукарэжысэр — абодва запісы зроблены на ягонай хатняй студыі.
«Выдатных дэбютаў усім Вам у Новым годзе! — жадае Алесь. — Хай у Вашым жыцьці адбываюцца цуды, зьдзяйсьняюцца Вашыя мары. А лепей — зьдзяйсьняйце іх самі!»
Алесь Ясінскі запрашае ўсіх, хто будзе ў Празе 2 студзеня наведаць сьвяточны акустычны канцэрт гурта BosaeSonca ў клюбе Paliárka.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ