Конкурс «Засьпявай 2.0». Адкрый для сябе беларускі космас!
10015 / 2
16.03.2015

Конкурс «Засьпявай 2.0». Адкрый для сябе беларускі космас!

Партал Tuzin.fm разам з дабрачынным фондам «Вяртаньне» пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!» і парталу TUT.BY абвяшчаюць новы сэзон конкурсу «Засьпявай 2.0» з прызавым фондам 1000 эўра.

Адкрый для сябе беларускі космас і падзяліся гэтым адкрыцьцём з астатнімі! Засьпявай па-свойму вядомы беларускі гіт альбо пакладзі на сваю музыку вядомы беларускі верш, скары публіку і журы ды атрымай годны старт і 1000 эўра на запіс уласнай песьні/самотніка/кліпа.

Умовы ўдзелу:

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца творчыя асобы ва ўзросьце 15—27 гадоў уключна. У выпадку музычных гуртоў гэтае правіла таксама мусіць выконвацца — узрост усіх удзельнікаў ня мусіць перавышаць азначаны цэнз.

Удзельнікам прапануецца паўдзельнічаць у конкурсе ў дзьвюх намінацыях:

1. Кавэр

Трэба самастойна выбраць адну зь вядомых беларускамоўных песень і выканаць яе па-свойму.

Раім карыстацца наступнымі крытэрамі пры выбары твору — арыгінальнасьць музычнага твору, яго папулярнасьць у шырокіх колах, значнасьць для жанру, беларуская мова выкананьня. Будзе таксама вітацца імкненьне перасьпяваць па-беларуску вядомы беларускі твор, першапачаткова напісаны на расейскай, ангельскай ды іншых мовах. Разглядацца будуць песьні, створаныя ў жанры папулярнай музыкі ў яе шырокім разуменьні, пад якое могуць падпадаць узорныя творы эстраднай музыкі, року, рэпу, джазу, фольку, электронікі, аўтарскай песьні ды зьмешаных і сумежных стыляў. Пры выбары можна карыстацца рэйтынгам парталу Tuzin.fm «100 найвялікшых беларускіх песень», які будзе апублікаваны неўзабаве.

Увага! На конкурс прымаюцца толькі неапублікаваныя раней кавэр-вэрсіі на беларускай мове, створаныя адмыслова для ўдзелу ў конкурсе.

2. Сьпяваная паэзія

Трэба самастойна выбраць верш вядомага сучаснага беларускага паэта на беларускай мове (які друкаваўся ў літаратурных выданьнях) і прасьпяваць яго ва ўласнай манеры на сваю музыку.

Вершы сучасных паэтаў можна знайсьці, напрыклад, у часопісе «Дзеяслоў», «Літрадыё», праекце «Чорна-белыя вершы», «Вершы.ру», «Камунікат», суполцы «Літара-А». Таксама можна натхніцца матывацыйным прома-ролікам, зьнятым да першага конкурсу «Засьпявай.by».

 Увага! Творы, дасланыя на конкурс летась, паўторна да разгляду не прымаюцца.

Мы хочам, каб праз асэнсаваньне зробленага ранейшымі пакаленьнямі беларускіх музыкаў, паэтаў і кампазытараў, новае пакаленьне прыйшло да стварэньня сваіх годных і яркіх твораў, якія могуць заняць празь нейкі час сваё пачэснае месца ў будучым рэйтынгу найлепшых беларускіх песень XXI стагодзьдзя.

У заяўку маюць быць укладзеныя:

— зьвесткі пра ўдзельніка: імя і прозьвішча, узрост, месца вучобы/працы, кантактны адрас і тэлефон. Калі заява падаецца ад гурта, то ўказваюцца зьвесткі ўсіх яго ўдзельнікаў.

— інфармацыя пра выканаўцу/гурт і спасылкі на прыклады ўласнай творчасьці (аўдыё, відэа).

— дэма-запіс адной (!) песьні ў аўдыёфармаце слухабельнай якасьці альбо спасылку на загадзя запампаваны ў сеціва відэазапіс з выкананьнем песьні.

— сьціслае апісаньне (да 5 сказаў) на рэалізацыю якіх творчых задумаў могуць быць патрачаны прызавыя грошы.

— фотаздымак выканаўцы ці гурта.

У тэме ліста неабходна напісаць: «Засьпявай», а таксама азначыць назву намінацыі — кавэр ці паэзія.

Увага! Дапушчальна падаваць заявы на дзьве намінацыі адразу, але пры гэтым кожную заяву трэба падаваць асобна.

Прымаем заявы на e-mail: zaspiavaj2015@gmail.com да 1.05.2015 уключна.

Падвядзеньне вынікаў:

Дасланыя кампазыцыі разгледзіць журы, у якое ўвойдуць вядомыя беларускія музыкі, паэты і журналісты. У яго склад увойдуць: музыкі Ігар Варашкевіч («Крама»), Валеры Дайнека («Беларускія Песьняры») і Алег Хаменка («Палац»), паэты Адам Глёбус і Віталь Рыжкоў, культуроляг Максім Жбанкоў, журналістка Тацяна Заміроўская і прадстаўнікі аргкамітэту конкурсу Павал Бераговіч (кіраўнік фонду «Вяртаньне»), Ніна Шыдлоўская (каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі») і Сяргей Будкін (прадусар конкурсу, галоўны рэдактар парталу Tuzin.fm). 

У намінацыі «Кавэр» ацэньвацца перадусім будзе не адпаведнасьць кавэр-вэрсіі арыгіналу і нават ня столькі вакальныя і тэхнічныя магчымасьці выканаўцаў, колькі шырыня творчага мысьленьня і ступень прасякненьня абраным сьпеўным матэрыялам. Будзе зьвернута ўвага на ўменьне перажыць яго наноў, на здольнасьць падаць вядомую песьню па-новаму ў перакладаньні на сваю асобу і надаць вядомаму твору іншае актуальнае гучаньне. Вітаюцца таксама апраўданыя экспэрымэнты з музычнымі стылямі і самой формай твору.

У намінацыі «Сьпяваная паэзія» будзе зьвернутая ўвага як на абраны тэкст, так і на яго арыгінальную музычную падачу, на гарманічнае спалучэньне музыкі і слова.

Імёны пераможцаў будуць абвешчаныя на партале Tuzin.fm., а таксама на рэсурсах партнэраў праекту да 14 траўня.

Прызы.

Па выніках конкурсу  будуць названыя два пераможцы — у намінацыі «Кавэр» і ў намінацыі «Сьпяваная паэзія». Прызавы фонд конкурсу складае 1000 эўра, які будзе разьмеркаваны між пераможцамі (у якіх долях — вырашыць журы). Акром грашовага прызу пераможца атрымае прома-пакет, куды ўваходзіць: запіс у студыі песьні-пераможцы (пры патрэбе), інтэрвію з он-лайн прадстаўленьнем выканаўцы і яго твору, магчымасьць выступіць ужывую на адным з канцэртаў праекту «Жывы Тузін».

Па рашэньні арганізатараў ўдзельнікі конкурсу могуць быць дадаткова ўзнагароджаныя іншымі каштоўнымі прызамі.

Жадаем посьпеху ўсім удзельнікам праекту!

Прома-ролік конкурсу (рэжысэр Арцём Лобач)

Аргкамітэт конкурсу «Засьпявай 2.0»

КАМЕНТАРЫ:

  • Ханна / адказаць
    29.04.2015 / 08:28

    неяк стала крыўдна ад узроставай абмежаванасці:( значыцца, у 30 (асабіста) ты ўжо не малады, не таленавіты, не перспектыўны?!. адчула сябе абражанай:(

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    29.04.2015 / 11:20

    Дзіўныя рэчы кажаце. А калі квіток са зьніжкай на аўтобус прадаюць да 25 год, вы таксама абражаецеся? Ніхто вам не замінае даслаць свае песьні на наш адрас, калі вы лічыце іх вартымі ўвагі.

  • КАМЕНТАВАЦЬ