!OUT: Vuraj адшукаў «Rajok» (аўдыёпрэзэнтацыя альбому)
Фольк-бэнд Vuraj прэзэнтуе на Tuzin.fm свой першы паўнавартасны студыйны альбом. Запісаны ў Берасьці, выдадзены ў Кіеве на сродкі беларусаў Прагі. Франтмэн калектыву Сяргей Долгушаў распавёў падрабязнасьці пра гэтую працу.
Відавочна, што Vuraj, які перпашапачаткова зьяўляўся «пупышкай» фармацыі Fratrez, нарэшце сасьпеў да моцнага і самадастатковага альбому. У адрозьненьне ад першых двух рэлізаў «Rajok» — афіцыйна выдадзеная кружэлка, складзеная менавіта са сьпеваў, а ня казак ці інструмэнтальных тэатралізацыяў. Кожны інструмэнт карпатліва запісваўся паасобку. Прычым асноўны матэрыял быў зафіксаваны ў студыі Vozdooh у Берасьці яшчэ ў 2012 годзе.
БЕРАСЬЦЕ — КІЕЎ
ТГ: Чым вы займаліся амаль два гады пасьля тае берасьцейскае гукасэсіі? Чаму плытка зьявілася толькі цяпер?
— Год працавалі над дэталямі, выпраўлялі памылкі. Я вакал дапісваў. Хацелася, каб у гэтым запісе не было, да чаго прычапіцца. Яшчэ год шукалі, дзе выдаць гэты альбом. Да таго ж пастаянныя канцэрты, іншыя праекты, мае вандроўкі ў Чэхію… Яшчэ з чатыры месяцы спрачаліся як назваць альбом. Працоўная назва была «Літо». Бо вельмі летні альбом атрымаўся. Але вырашылі адмовіцца, каб не ўзьнікала аналёгіяў зь «Зімачкай» Івана Кірчука і «Троіцы».
ТГ: Ты, здаецца, нават зьбіраўся пажыць у Празе?
— Так. Але ўсё ж такі тут справаў куды болей. Дарэчы, беларусы з Прагі падтрымалі выданьне гэтага альбома грашыма. А тэксты для вокладкі рыхтавала дзяўчына зь Віцебску Марына Пятрова. Вырашылі аздобіць альбом на трох мовах — беларускай, украінскай ды ангельскай.
ТГ: Як адшукалі ўкраінскі лэйбл «Наш фармат» ці ён сам вас знайшоў?
— У нас было багата канцэртаў па Ўкраіне. Зьявілася там шмат слухачоў, сяброў. Увогуле, украінскі народ вельмі блізкі да нас і па мове, і па сьпевах.
Так атрымалася, што адна наша слухачка Юлія Надзенка сталася ўкраінскім дырэктарам «Вураю». Упершыню яна нас пачула на фэсьце «Країна Мрій». Дзякуючы ёй, адбыўся гэта рэліз, зьявіліся першыя рэцэнзіі ўва ўкраінскіх часопісах. Нас круцяць на мясцовым радыё.
НОВЫ VURAJ
ТГ: Якія песьні трапілі на плытку? На ранейшых рэлізах яны не сустракаюцца?
— Усе песьні выдадзеныя ўпершыню. Хаця многія выконваюцца на канцэртах ужо некалькі гадоў і сталі свайго кшталту гітамі. Людзі часта пыталіся, дзе іх паслухаць.
ТГ: Вы самі ўсьведамляеце, чым ваш падыход да фальклёру адрозьніваецца ад іншых?
— Напачатку Vuraj быў асобным праектам нашага ансамблю Fratrez. Ніхто ня думаў, што гэта працягнецца. Спачатку мы проста гуляліся з фальклёрам, ня ведаючы асабліва, што гэта за песьні. Цяпер мы працуем з большым разуменьнем сэнсаў, больш грунтоўна… Фактычна мы ствараем свае творы, выкарыстоўваючы народныя сьпевы як зерне. Гэта можна быць мэлёдыя ці нават толькі радочак песьні. У нас няма мэты асучасьніць архаіку.
ТГ: Дыяпазон сродкаў у вашым альбоме даволі шырокі — ад амаль гард-року да амаль акадэмічнага аванграду.
— Гэта зусім новы Vuraj. Нам ня хочацца рабіць нешта просьценькае, бліжэй да людзей. Ня хочацца рабіць тое, што самім не падабаецца. Тут няма танцулек, акром прыджазаванае «Полькі» — адзінага інструмэнтальнага нумару. На альбоме ёсьць вельмі глыбінныя песьні, як «Купальская», якія мы нават на канцэртах не выконваем.
ТГ: Тут таксама ўпершыню гітарыст Андрэй Еўдакімаў узяўся за гармонік.
— Гэта ў песьні «За валом». Мы нават вырашалі, ці ўключаць яе ў альбом. Бо ўжо ўтвараецца цэлая праграма ў гэткім harmonic-style. А наступная кружэлка будзе цалкам складацца з палескіх песень, сабраных падчас маіх экспэдыцыяў.
«ВУРАЙСКАЯ» АФІША
ТГ: Пэўна ж, першыя канцэртовыя прэзэнтацыі кружэлкі «Rajok» пройдуць у Кіеве?
— Так. У Кіеве будзе чатыры канцэрты запар з 20 да 23 траўня на розных пляцоўках. Там жа можна будзе набыць фізычную вэрсію альбому.
ТГ: А калі апошнім разаў быў у сталіцы Ўкраіны?
— Тры тыдні таму. Горад зьмяніўся ў лепшы бок — паўсюль гучыць выключна ўкраінская мова, пануе пазытыўная атмасфэра ды ніякага «быдла».
ТГ: Ці дачакаецца вашых канцэртаў Менск?
— Папярэдне прызначылі дату — 19-га чэрвеня. Пакуль невядома дзе. Пасьля Менску праедзем па іншых буйных і драбнейшых гарадох Беларусі. Прэзэнтацыя будзе зробленая з элемэнтам шоў, як музычная містэрыя.
ТГ: А што рыхтуе тым часам твой другі гурт Fratrez?
— У нас таксама гатовая новая праграма «Чалавек у клетцы». Даволі жудасная музыка з крыкамі, актыўным дыханьнем… Акром таго, будзе вялікі сюрпрыз да хакейнага чэмпіянату — опэра на каньках. Але гэта пакуль сакрэт.
ТГ: Яшчэ ж вы пачалі ладзіць нейкія «сьпеўныя сходы»? Што гэта?
— Гэта бясплатныя адкрытыя сустрэчы пры ўдзеле гурту Vuraj. Адбылося ўжо 2 такія сходы, і чым далей, тым больш людзей. Мы разам развучваем беларускія народныя песьні. На кожную сустрэчу рыхтуецца пэўная тэма. Папросту, я заўважыў, што беларусы вельмі разрозьненыя, баяцца сьпяваць і ня ведаюць свае песьні, акром хіба «Купалінкі». А колькі ж народных песень існуе! Сумна, што іх ня ведаюць. Гэта даўніна, нашыя карані, празь якія можна зьяднацца. Калі сьпявае грамада ў 100—200 чалавек — гэта такая моц! Ёсьць думкі перанесьці сходы за горад на прыроду.
ТГ: Там можна і да стадыёну дайсьці.
— Цалкам мажліва. Мы ўжо зрабілі старонку «сьпеўных сходаў» ў Нэце. Ёсьць думка запісаць цэлы альбом з такім народным хорам.
Віктар Сямашка, Tuzin.fm, фота з афіцыйнай суполкі гурту
Прэм'ера альбому «Rajok» на Tuzin.fm
Выдатны альбом, раю ўсім!
Згодны.
Хоцбь чуваць нешта больш украінскае, чымсі беларускае.
Першы сьпеў проста з Палесься:)
Пiнщына...
КАМЕНТАВАЦЬ