«Срэбны анёл» ад гурта «Мерада» — найлепшы кліп восені-2018 (+прэм’ера песьні)
4393 / 0
16.11.2018

«Срэбны анёл» ад гурта «Мерада» — найлепшы кліп восені-2018 (+прэм’ера песьні)

У камэнтары з нагоды перамогі ў восеньскім відэатуры на TuzinFM Ганна і Стыў Крамэры распавялі пра сваё разуменьне яскравага музычнага відэа ды прэзэнтавалі новы трэк.

1028 галасоў набраў кліп на песьню «Срэбны анёл», які зьняў рэжысэр Дзяніс Жыгуноў для гурта «Мерада». Музыкі радуюцца з нагоды перамогі. Для аўтара песьні, гітарыста Стыва Крамэра гэтая праца надзвычай важная, бо яна прысьвечаная ягонаму сыну, які загінуў у аўтакатастрофе. «Я музыка, таму магу стварыць помнік толькі ў выглядзе песьні», — кажа Стыў. Разам з вакалісткай Ганнай Крамэр ён дзякуе камандзе прафэсіяналаў, якая працавала над відэа і тым, хто падтрымаў кліп у відэачарце.

Узровень сёньняшніх беларускіх відэа, на думку Стыва Крамэра, досыць невысокі. З восеньскага чарту ён вылучае толькі некалькі працаў калегаў: «Зразумела, што шмат чаго залежыць ад бюджэту, і становіцца крыўдна, калі разумееш, што ўсе ўкладзеныя грошы ў відэа, наўрад ці калі-небудзь акупяцца. Здымка кліпаў у нашай краіне — хутчэй хобі, чым прафэсійны занятак. Выключэньнем у чарце зьяўляецца кліп Brutto на песьню „Годзе“, дзе прафэсіяналізм прысутнічае ўсюды — і ў рэжысуры, і ў здымках, і ў акторскай гульні. Але мне здаецца, што нават хобі можна было б зрабіць цікавей, ствараць кліпы не з набору няхай і прыгожых кадраў, як, напрыклад, у гурта Dzivasil, а прыдумаць нейкі больш зьвязаны сюжэт, напісаць арыгінальны сцэнар, распавесьці зразумелую, цікавую гісторыю. Не магу з гэтай нагоды не адзначыць абсалютна выдатны ва ўсіх адносінах кліп Naviband „А дзе жывеш ты?“. Вельмі шкада, што ён заняў усяго толькі дзясяты радок».

Агульнае фота ўдзельнікаў кліпу на песьню «Срэбны анёл»

Цяпер «Мерада» запісвае свой трэці альбом, які будзе больш акустычным з гучаньня. Рэліз плянуецца на восень 2019 году. На знак падзякі за падтрымку, Ганна і Стыў прэзэнтуюць для наведнікаў TuzinFM адну з новых песень зь яго — «Блюз тваіх вачэй». Яе напісаў Стыў і першапачаткова кампазыцыя выконвалася на ангельскай мове, калі яшчэ «Мерада» звалася Steve Cramer Band. Праз восем гадоў пасьля яе зьяўленьня зьявіўся запіс на беларускай мове. Кранальны тэкст склалі Ганна Крамэр разам з Раманам Салонікавым. Сачыць за навінамі музыкаў можна праз афіцыйную суполку.

TuzinFM