Яўген Кучмейна («.К»). Самараскладаньне ў жывым этэры (аўдыё/відэа)
Cамы загадкавы беларускі санграйтэр, які сёлета выступіць на польскім Halfway Festival, распавёў у інтэрвію Tuzin.fm пра складанасьць выбару тэгаў, уплыў беларускіх народных казак разам з порнафільмамі вытворчасьці Private і расклаў сябе на асобныя складнікі проста падчас гутаркі.
ТГ: Санграйтэр, бард, чалавек-аркестар — як называць цябе і твой праект .К?
Як зручней вам так і называйце, я ў тэгах практычна не арыентуюся. Адзін мой добры сябар падабраў тэгі, другі ўпісаў іх і выклаў трэкі ў нэт.
ТГ: Гэтая вось твая канцэпцыя мінімалістычная — яна ад таго, што ты не знайшоў паплечнікаў?
І ад гэтага таксама. Папраўлю толькі — паплечнікам ня час яшчэ прыйсьці было. Нікога і нічога я не шукаў. Але гэта толькі маленькі складнік ад асновы, як і месца стварэньня запісу, мой культурны і духоўны ўзровень разьвіцьця і многае іншае. Самае галоўнае — прадстаўленьне пра Жывое ў мастацтве. Вось гэта жывое павінна быць у запісе. Яно дазваляе перажываць чалавеку падчас яго праслухоўваньня. Жывога няма — усё марнае. Я ясна бачыў як гасьне песьня, калі яе нагружаеш шматлікімі інструмэнтамі, таму вяртаўся назад да асновы — гітары і вакалу. Гэтыя два інструмэнты хоць нешта перадавалі.
.К выступае на прэміі «Героі году — 2014» парталу Tuzin.fm, дзе быў намінаваны на «Дэбют году», фота Tarantino, Budzma.by
ТГ: А што наогул цябе змусіла ўзяць у рукі гітару?
Любоў да гітарнай музыкі прывяла да гітары (сьмяецца). Прыкладна ў пяць гадоў песьня «Атас» гурта «Любэ» рванула маю некранутасьць. Пазьней «WDYSLN» ЛэдБелі (Nirvana cover) дабіла яе. У пятнадцацігадовым узросьце, вясной, мой сябар — .Б —, прынес чырвоную тонкую кніжку «В. Цой — аккорды». Я прыйшоў да хаты, адчыніў яе — песьня «Звезда по имени солнце», — узяў у рукі гітару, уважліва па транскрыпцыі прыціснуў першы аккорд Am, гахнуў па струнах, уключыў мафон і параўнаў гук з маёй гітары з запісам — ура! Так я стаў граць пастаянна. Да гэтага глядзеў на гітару як моцна заклапочаны на недаступную пані-сэкс-машыну.
ТГ: Хто на цябе паўплываў у пляне творчасьці?
Маю неабходнасьць адушавіць творы некаторых аўтараў, бо яны былі і ёсьць мае жывыя настаўнікі.
Літ.:
Беларуская народная казка «Піліпка Сынок», «Рабінзон Круза» Даніеля Дэфо, «Сымон Музыка» Якуба Коласа, «Вішнёвый сад» Антона Чехова, «Так говорил Заратустра» Фрыдрыха Ніцшэ, «Падлетак», «Бесы» Фёдара Дастаеўскага, «Джанкі» і «Підар» Ўільяма Бэроўза, «Голад» Кнута Гамсуна, «Роза Міра» Данііла Андрэева, «Дао дэ дзінь» Лао Цзы, «Настаўленьні» Шры Рамана Махаршы, «Мартиролог» Андрэя Таркоўскага ды іншыя.
Маст-ва:
Леанарда, Вэласкес, Рэмбрант, Рафаэль, Рабэр, Далі, Вэрмэер, Врубель, Ван Гог, Гагэн, Яцэк Ерка.
Рэж-ра:
А. Таркоўскі, А. Сакураў, І. Бэргман, Ю. Нарштэйн, А. Зьвягінцаў, Р. Брэсон, Л. Бунюэль.
Порнафільмы вытворчасьці Private.
Муз:
Nirvana, Screaming Trees, The Jesus Lizard, Smashing Pumpkins, Meat Puppets, Mark Lenigan, Shellac, Perl Jam, Jessica 93, Before Car, Killing Joke, Rammstein, Marilyn Manson, Nine Inch Nails, Ministry, Killing Joke, Joy Division, Cure, Віктар Цой, Radiohead, Xiu-Xiu, Swans, Pink Terns Blue, Wovenhand, Lilium, The Denver Gentlemen, 16 Horsespower, Earth, True Widow, OM. Bohren & der club of gore, Shape of Despair, Kaliber 44, Amon Tobin, Portishead, Massive Attack, DJ Krash, «Гражданская оборона», раньні «Сплин», «Аукцыон», «Кино», «Я слева сверху», Tequilajazzz, раньні «Би-2», Дэльфін, «Самое большое простое число», «Х..й забей», «Нож для фрау Мюллер», «Звуки му» ды іншыя.
Фізычныя людзі:
Мама, Тата, сябры, сяброўкі і таварышы, а таксама залатая сямёрка невядомых грамадзтву маіх гуру, якія падтрымліваюць мяне заўсёды.
(аўдыё дададзена 23.07.2016) ТГ: А як ты ставісься да таго, калі цябе параўноўваюць, скажам з тым жа раньнім «Сплином», «Пикником» ці яшчэ кім? Не злуесься?
Ляяльна. Усе параўнаньні «маёй» творчасьці з кімсьці і чымсьці, ва ўсялякім разе тыя, што да мяне дайшлі, адпавядаюць рэчаіснасьці. Думаю, калі б я выдаў прадукт сваёй самасьці ў канцэнтрыраванным чыстым выглядзе — не давялося б даваць інтэрвію Сяргею Будкіну ды іншым работнікам культуры. Праект «Кропка К» быў бы зусім нецікавым грамадзтву, паколькі яго мала хто б зразумеў. Музыка мая — гэта працэсс пазнаньня і пошуку самога сябе. На дадзеным этапе ў музычным пляне я магу раскласьці сябе на асобныя складнікі:
— містыцызму Андрэя Таркоўскага;
— папсовасьці Аляксандра Васільева;
— расейскай адкрытасьці Лёні Федарава;
— істэрыі Джымі Ст’юарта;
— рвані і мэлядызму Курта Кабэйна;
— жыцьцёвасьці Рэмбранта;
— зьвярынага бэдтрыпу польскіх Kaliber 44;
— плаксівасьці Тома Ёрка і Бэт Гібанз;
— мэлянхолію Юджэнта Эдвардза;
— пародзістай прастытуціі гурта Muse;
— скрупулезнасьці Далі;
— лютага дэманізму Swans;
— камуністычнасьці Ягора Летава;
— мэтазамагільнасьці Shape of Despair;
— дубаломнасьці гурта «Кино» і Joy Division;
— скамароства Пятра Мамонава
…і гэтак далей. Працэс працягваецца.
ТГ: Для цябе ў прынцыпе важная пры выступе наяўнасьць публікі?
Колькасьць важная, калі стаіць пытаньне заплаціць за арэнду памяшканьня (каб ня выйсьці ў мінус), і калі адчуваю сябе рок-зоркай. А так — не.
ТГ: Ці гатовы ты сам рабіць нешта дзеля прасоўваньня? Альбо чакаеш, што цябе выпадкова пачуюць, прызнаюць і палюбяць?
Я гатовы толькі ствараць, запісваць музыку і выступаць зь ёй максымальна самааддана — гэта ўсё, што я магу і павінен рабіць дзеля сябе, дзеля самапрасоўваньня і дзеля людзей. Усё астатняе — не мая справа і толькі зьбівае ўнутраны компас, які ня так лёгка і хутка потым наладзіць. Таксама не чакаю празнаньня і любві. Усё гэта ў мяне ёсьць у больш чым дастатковай колькасьці.
ТГ: Дзякуючы альбому «Унісон» пра цябе даведалася больш шырокае кола. Ці ты адчуў нейкія зрухі ў гэтай сувязі?
Так. Стаў часьцей выступаць з праектам «Кропка К» і адказваць на падобныя пытаньні.
ТГ: Найбольш удала з твайго альбому пайшла песьня «Малады М», якая з паўгоду трымаецца ў нашым чарце. Ці дапамагла ў гэтым беларуская мова, як лічыш?
Ня ведаю што тут дапагло, а што перашкодзіла. Ведаю толькі, што «Малады М.» дастаткова выпакутаваны твор. І сама мова тут не галоўнае, больш важна яе падача. Спачатку песьня задумвалася на сур’ёзнай местачковай трасянцы, на якой я размаўляў у дзяцінстве і падлеткам. Яна найбольш падыходзіла для вылучэньня вобразаў майго архаічнага дзяцінства ў паэтычнай форме. Але словаў у песьні па выніку аказалася так мала, што канцэпцыя «сур’ёзнай трасянкі» не спрацавала. Паколькі трасянка ў маіх родных краях бліжэй да беларускай мовы, я перапрацаваў тэкст на яе, белмову, але не да канца.
ТГ: На беларускай мове пісаць больш складана?
І складана, і лёгка, і так сабе пішацца на расейскай, беларускай, зьмяшанай і на птушынай мовах. Я бачу мову як гукавую форму. Калі я гэтую гукавую форму прыладжваю да музычнага узору, то павінна паўстаць больш-менш стабільная аб’ектыўная гармонія. Калі яна не ўзьнікае, працую далей. Ва ўсялякім разе натуральна выказацца дапамагае той інструмэнт, зь якім у мяне гістарычна склалася больш адносінаў. Калі гаварыць пра мову ў якасьці інструмэнта, то да 18 гадоў я карыстаўся трасянкай, астатнія сем гадоў больш расейскай і менш беларускай. Вось так.
ТГ: У цябе ёсьць яшчэ адзін праект — «Дэмантаж характару». Што ён зь сябе ўяўляе?
Гэта неадназначны складаны калектыў трох незалежных творчых адзінак, якія ідэйна канфліктуюць паміж сабой, але дзейнічаюць як адзін мэханізм. Праяўляе сябе гэты арганізм з трох бакоў: хаатычныя імпрэзы, dj-міксы з частак імпрэзаў, прадуманы гадамі матэрыял.
Афіцыйная суполка праекту .К
.К возьме ўдзел у Halfway Festival, які пройдзе ў амфітэатры Падляскай опэры і філярмоніі ў Беластоку з 26 да 28 чэрвеня 2015 году. Па традыцыі, Tuzin.fm выступае беларускім партнэрам гэтага мерапрыемства, якое зьбірае найлепшых санграйтэраў з усяго сьвету. Тут выступалі Wovenhand, Mountain Goats, Low Roar, SoKo, Sivert Høyem Local Natives, Phosphorescent. Зь Беларусі на сцэну Halfway ў розныя гады выходзілі «Людзі на балоце», Паліна Рэспубліка, Re1ikt, FolkRoll, HandmadE, Navi.
Сёлета ў Беласток прыедуць амэрыканскія выканаўцы The Antlers, Sharon van Etten і William Fitzsimmons, She Keeps Bees, Gabriel Ríos (BE), Garbanotas Bosistas (LT), Sister Wood (UK/PL), Nathalie and the Loners, Jóga i Oly з Польшчы, Maggie Björklund (DK), Moddi (NO), Vök (IS). Апрача канцэртаў пройдуць таксама кінапаказы, выстаўкі і аўтарскія сустрэчы.
Да канца траўня квіткі будуць каштаваць да 80 злотых (на адзін дзень), з 1 чэрвеня будзе даражэй. Даступныя таксама абанэмэнты на ўсе дні фэсту па 160 злотых (ільготны) і 180 злотых.
Падрабязьней пра Halfway Festival на сайце фэсту, а таксама ў афіцыйнай суполцы.
Tuzin.fm
очень хороший
один из немногих на кого пойду послушать
КАМЕНТАВАЦЬ