
Андрэй Хадановіч: «Каралі зьнікаюць, а застаюцца прынцы»
Сябра паэтычнай рады на Tuzin.fm і кіраўнік Беларускага ПЭН-цэнтру ўратаваў дзесяць песень для МЭГА-туру з увагаю на новыя імёны.
Цытата ўверсе ўжытая невыпадкова. Сярод дзесяці выбраных песень вы амаль ня знойдзеце вэтэранаў беларускай музыкі, затое ўбачыце іх маладых калегаў (Кульлінковіч ня лічыцца, ён заўсёды малады). У прынцыпе, «каралі» нікуды ня зьніклі. Варашкевіч, Вайцюшкевіч і Міхалок — па-ранейшаму мае героі, але ацэньваецца ня сума заслугаў, не легендарнасьць асобы, а канкрэтная песьня, праўда ж? Вядома, я сто разоў магу памыляцца, але здаецца, сёньняшнія Brutto й Trubetskoy не зусім дацягваюць да ўлюбёных «Ляпісаў», «Крама» й Вайцюшкевіч радавалі і нашмат лепшымі песьнямі, а вось іх маладыя канкурэнты па статусе мусяць выдаваць максымум, на які здольныя. А цяпер, як сказаў бы ўжо згаданы Кульлінковіч, «рушымся» на саму «дзясятку». Выбар суб’ектыўны, парадак альфабэтны.
Akute «Марнатраўны сын». Песьня цудоўная. Прыдумай хлопцы яе самі, назваў бы геніямі. Але сваю вэрсію клясыкі 90-х зрабілі файную: што трэба, захавалі на правах нятленкі, рэшту — цікава пераасэнсавалі, адпаведна сваёй стылістыцы й павевам часу. Не зьдзіўлюся, калі кавэр прыйдзецца даспадобы маладзёнам, якія нават паняцьця ня маюць, хто такія Аксёнцаў з Коранем. Праўда, аднаго пытаньня зь беларускай акцэнталёгіі ў мяне так і ня зьнялі. Дагэтуль не разумею, што такое «сУнiчныя палі», з такім вось націскам. Што хацеў сказаць, напрыклад, Адам Глёбус, называючы сучАсьнікаў «сУчасьнікамі» — разумею, а вось гэтага — не.
Андрэй Макарэвіч «Сьнег». Сказаць, што Макарэвіч — сапраўдны майстар і культавы музыка, — нічога не сказаць. Дзясяткі, калі ўжо ня сотня, улюбёных песень розных часоў. Плюс прыстойная грамадзянская пазыцыя што да пуцінскай агрэсіі, якая (пазыцыя, не агрэсія!) толькі дадае творцу павагі слухачоў. Прынамсі, сярод тых, хто слухае беларускую музыку. Плюс цалкам прыстойны беларускі пераклад песьні, які зрабіў Юры Несьцярэнка. І больш чым прыстойнае выкананьне. Шмат каму зь беларусаў можна павучыцца правільна вымаляць гукі. І ставіць націскі:).
Angst «Няма каханьня». Талент ёсьць талент, і ён нікуды не зьнікае, калі яскравы паэт засвойвае сумежную тэрыторыю — і пачынае рэпаваць свае тэксты. Пагатоў, і ранейшыя вершы былі блізкія да рэпу. Пазнавальны голас, знаёмая энэргетыка, вынаходлівасьць у працы са словам, той жа паэтычны максымалізм і прэтэнзіі да несправядліва ўладкаванага сьвету. Толькі, спадзяюся, цяпер у гэтым зможа пераканацца шырэйшая аўдыторыя. Можа быць, тыя, што раней ленаваліся чытаць на паперы (шмат літараў і ўсё такое), наслухаўшыся, разгорнуць адпаведную кніжку. Калі ўжо чапляцца да драбязы, з таго, што выканаўца — сур’ёзны паэт, вынікаюць ня толькі перавагі, але й пэўныя недахопы. Увесь тэкст аднолькава «шчыльны», і на яго фоне зусім не вылучаецца рэфрэн. Ёсьць, так бы мовіць, над чым працаваць далей. Лепш — удасканальваючы рэфрэны, чым пагаршаючы астатні тэкст. Пакуль што галоўны акцэнт — як у традыцыйным вершы, на апошнім радку: «Каханьне нават ня бог, каб так у яго верыць». Баюся, сёй-той сур’ёзна завісьне на слове «нават».
Дыяна Громава «Адкажы». Падумаў, а чаму ў гіт-парадзе ня можа быць папсы? Тым больш, калі яна някепская. Гомельская дзяўчынка-вундэркінд трохі падрасла. Ва ўсіх сэнсах. Думаю, беларуская песенька ў рэпэртуары — найлепшае, што зь ёй пакуль што здарылася. Па тэксьце відаць, што аўтар зь літаратурнымі амбіцыямі трапіўся. Паглядзеў на сайце: так і ёсьць, ляўрэат прэміі «Залаты апостраф» Мікіта Найдзёнаў. Па сумяшчальніцтве, лідар гурта Hurma. Песенька выйшла бадзёрая і какетлівая. Па-свойму іранічная, як на старэйшых школьнікаў-слухачоў. Чаго вартае хоць бы такое? «А ты не хвалюйся, яшчэ я знайду сабе лепшага, лепшага за цябе…» На месцы адрасата-падлетка, я якраз пачаў бы хвалявацца. Карацей, неблагая эстрада. Салодкая, як хурма. Мне асабіста вуснаў ня вяжа.
Ілюжан «Як мае быць». Маёй музычнай кваліфікацыі не стае, каб на неабходным узроўні ацаніць усе вартасьці прапанаванай музыкі. Але інтуітыўна адчуваю, што ўсё тут добра, цалкам адпаведна назьве. Падабаецца і вакал, і здольнасьці музыкаў, і добры настрой, які тут несумнеўна ствараецца. Песьня, якую грэх было б не ўключыць у лік пераможцаў. Бо адчуваю, што сам яшчэ ня раз з прыемнасьцю яе паслухаю. То хай і наведнікі «Тузіна» слухаюць.
Нагуаль «Маладзік удалы». Заўсёды любіў «Нагуаль», хоць трохі раздражняла, што не да канца разумею іх фанэмнай мовы. Часам верыў, што гэта сапраўдная вусная народная творчасьць якой-небудзь іншаплянэтнай цывілізацыі. Цяпер вось упершыню пачуў на зразумелай мове й пераканаўся: так і ёсьць. Як мастакі часам падрабляюць карціны клясыкаў, Паўлёнак мог бы падрабляць фальклёр. Толькі цяпер ён напісаў песьню не за іншаплянэтнікаў, а за беларусаў. Суб’ектыўна трохі нагадала Кірчука, толькі моцна абкуранага, прычым у кальян Кірчуку трапіўся тытунь (ці што ён там курыў?) з маладзільнымі яблычкамі.
Neuro Dubel «На Марс!». Калі «Нагуалю» толькі ўдаецца стылізаваць творчасьць іншаплянэтнікаў, то Кульлінковічу і стылізаваць нічога ня трэба: касьмічны прыхадзень-гастарбайтар даўно прызямліўся ў Менску і дзесяцігодзьдзямі дурыць галовы даверлівай публіцы: «Ляжыць у сваёй беларускай зямлі / Ў драўляным апошнім сваім караблі», — сьпявае ён у «Крамбамбулі», а публіка слухае, расчульваецца, рыдае, і нават не здагадваецца, пра які карабель гаворка. І толькі раз-пораз покліч продкаў даецца ў знакі: творца то на «зьвёздачкі» загледзіцца, то на Марс заклікае. Апошняе — яшчэ як пераканаўча, з касьмічным размахам і стылістычным дыяпазонам: ад празрыстых намёкаў на Шастаковіча да ўлюбёнага ў Сонечнай сыстэме верша Агніі Барто пра бычка. Калі вас усё гэта не пераканонвае й вы ўсё яшчэ на зямлі, не адчайвайцеся: «Партвэйн — ежа не для ўсіх».
Shuma «Песенька». «Песенька мая харошая…» — абвяшчаюць яшчэ на пачатку прыўкрасныя Руся й Надзея, і абсалютна вас не падманваюць, песьня вельмі клясная. Галасы чароўныя, музыка й словы аўтэнтычныя (цяпер кажу без усякага сьцёбу), электронная апрацоўка абсалютна на месцы. Нібыта неспалучальныя рэчы добра спалучаюцца, ахутваюць далікатнай варажбой, і ты завісаеш у мэдытацыі, і сам не заўважаеш, як вызначаесься з улюбёнай песьняй. Якая проста ня мела б тут канкурэнтаў, каб не наступны твор.
Tonqixod «Конрад Валенрод». Як і ў выпадку з Angst’ам, таксама адзін з найлепшых сучасных беларускіх паэтаў Уладзь Лянкевіч у сваёй музычнай іпастасі. Толькі тут — у годным таварыстве сваіх паплечнікаў-музыкаў, сьвежасьпечаных ляўрэатаў «Басовішча». Бадай што самы непапсовы, адназначна самы эпічны, магчыма, самы амбітны й элітарны ў гэтай дзясятцы праект. Са сваёй тэхналёгіяй чарадзейства й варажбы. Зь верай у свайго слухача, які ацэніць усе складаныя гульні — як на музычным, так і на паэтычным узроўні. Дарэчы, можаце выпрабаваць і сваю, так бы мовіць, слухацкую кваліфікацыю. Калі за адзінаццаць з паловай (!) хвілінаў, якія доўжыцца песьня, вы не задрамаеце й нават асалоду атрымаеце, то ня ўсё яшчэ страчана. Зрэшты, калі задрамаеце, таксама някепска: дзівосныя рэчы могуць прысьніцца.
Vuraj «Вэлытай, пэрэпылко». Абрадавая палеская песьня, што адлюстроўвае заканчэньне жніва, думаю, пасавацьме для годнага завяршэньня любых рэйтынгаў і гіт-парадаў. Песьню можна пачуць ня толькі на канцэртах гурта, але й на сьпеўных сходах, што пасьпяхова праводзіць яго лідэр Сяргей Доўгушаў. Так што можна зараз паслухаць, а потым завучыць нескладаны тэкст. Або раздрукаваць і прыйсьці на сьпеўны сход. А заадно ўжо і сьпяваць навучыцца. І гурт стварыць. І песьню напісаць. Якую неўзабаве будуць абмяркоўваць наступныя экспэрты «Тузіна Гітоў».
Усе названыя экспэртам песьні возьмуць удзел у выніковым МЭГА-туры на Tuzin.fm і пазмагаюцца за гонар звацца найлепшай беларускай песьняй музычнага году. Старт МЭГА-туру — 27 ліпеня.
Андрэй Хадановіч, для Tuzin.fm, фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
Андрэй Хадановіч — паэт, перакладчык, сябра экспэртнай рады-2015 на Tuzin.fm. Нарадзіўся 13 лютага 1973 году ў Мінску. Скончыў філфак i асьпірантуру пры БДУ. Выкладае замежную літаратуру ў БДУ, кіруе перакладніцкай майстэрняй пры Беларускім Калегіюме. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, з 2008-га — старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру. Аўтар кніг вершаў «Листи з-під ковдри» (2002, па-украінску), «Старыя вершы» (2003), «Лiсты з-пад коўдры» (2004), «Землякi, альбо Беларускiя лiмэрыкi» (2005), «From Belarus with Love» (2005), «Сто лі100ў на tut.by» (2006), «Swieta nowego rocku» (2006, па-польску), «Берлібры» (2008), «Несіметрычныя сны» (2010), «Нататкі таткі» (2015). У 2007 годзе на лэйбле BMAgroup выдаў аўдыёкнігу «Абменьнік». Вершы перакладаліся на расейскую, польскую, англельскую, латыскую, летувіскую, нямецкую, славацкую, украінскую мовы. Перакладае з францускай, украінскай і польскай моваў. Песьні ў яго перакладзе на беларускую мову сьпявалі Indiga, Сяргей Пукст, «Воплі Відоплясова», Алена Сьвірыдава, «Мумий Тролль».
КАМЕНТАВАЦЬ