Упэўненая перамога Pauline
Песьня праекту Pauline «Маё мора» перамагла ў першым туры аўдыёчарту на Tuzin.fm у сэзоне 2015—2016.
«За галасаваннем сачыла, бо ў ім прымала ўдзел песьня, якая стала дэбютам для майго гурта. Мне было цікава паглядзець, чым усё скончыцца, ну, канешне, праз сацсеткі заклікалі галасаваць. І неабходную падтрымку песьня атрымала. А гэта заўсёды прыемна», — зазначыла сьпявачка Паліна Цімохіна, голас праекту Pauline пасьля перамогі сваёй песьні «Маё мора». Яна зь цікавасьцю праслухала песьні ўдзельнікаў туру і некаторыя зь іх уразілі надзвычай: «Цікавы праект Teleport. Дзіўны такі, незвычайны. Не хапала, на мой погляд, нечага такога ў Беларусі. Спадабалася песьня Irdorath. Аранжыроўка атмасфэрная такая, словы — усё супала».
Цяпер гурт Pauline працягвае запісваць новыя песьні. Зусім нядаўна да музыкаў далучыўся новы гітарыст, якога хутка ўсім прадставяць. Найбліжэйшы выступ — 10 кастрычніка на першым у Беларусі фестывалі падарожжаў, дзе можна будзе пачуць акустычны сэт Pauline. Таксама ў гэтым месяцы заплянаваны акустычны канцэрт у Доме Фішэра. Увогуле ўсё самае цікавае здараецца нечакана, кажа Паліна Цімохіна, і запрашае сачыць за навінамі сваёй каманды ў афіцыйнай суполцы.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ