Ледзьве ўлоўная «Хмарка на траве». Новыя героі беларускай аўтарскай песьні (аўдыё/відэа)
5358 / 1
13.11.2015

Ледзьве ўлоўная «Хмарка на траве». Новыя героі беларускай аўтарскай песьні (аўдыё/відэа)

Выхавацелька дзіцячага садку і настаўнік клясычнай гітары заснавалі сумесны праект для ўдзелу ў фэстывалі «Бардаўская восень». І ўзялі Гран-Пры.

Інфармацыі пра гурт пад непрыкметнай назвай «Хмарка на траве» не знайсьці — у іх няма ані суполкі, ані запісаў у сеціве, ані фотаздымкаў і наогул згадваюцца яны толькі ў сувязі з удзелам на «Бардаўскай восені — 2015». Вядучыя фэсту мелі клопат, бо сказаць пра іх фактычна няма чаго. Яно і праўда — «Хмарка на траве» была заснаваная акурат для ўдзелу ў гэтым фэсьце як дуэт Натальлі Ісаенкі (вакал) і Віталя Барысевіча (гітара), фактычна пагодкаў «Бардаўскай восені». Натальля піша музыку і словы. Яна мае музычна-пэдагагічную адукацыю, працуе выхавацелькай у садку, а акрамя музыкі займаецца стральбой з клясычнага луку, уваходзіць у «Лігу вольных стральцоў». Віталь у свае 22 гады — таксама настаўнік, толькі ён працуе ў музычнай студыі і выкладае клясычную гітару дзецям і дарослым. «Мы граем музыку для роздуму, для таго, каб пакінуць надзею людзям (і сабе перш за ўсё), сьпяваем пра тое, што хоць і ня ўсе сьцежкі патрэбныя, але пра іх трэба ведаць і разумець, як па іх крочыць і з кім», — гэтак Натальля і Віталь прадстаўляюць сваю творчасьць. А заклалі свой музычны праект яны з простай прычыны –– бо ёсьць словы і думкі, якімі хочацца падзяліцца з слухачамі.

Ехаў у Бельск-Падляскі новы дуэт з разьлікам на тое, што іх заўважаць, але пра перамогу нават не думалі. На адборы яны паслухалі калегаў і прыйшлі да высновы, што шмат хто зь іх заслугоўвае перамогі: дасьведчаная Алена Варона, кранальны Ільля Фаляжынскі, эмацыйны Teleport, выдатныя музыкі з «Маркуц-бэнд»… (усе прыметнікі — ад Натальлі). А стаўку рабілі на Стася Сілку, Yulany і Натальлю Нікіціну. Менавіта яны ўтрох і стануць пераможцамі, а вось Гран-Пры дастанецца «Хмарцы на траве». «Першая рэакцыя пасьля абвяшчэньня вынікаў — шок, — згадвае Наталля. — Мы зусім не паверылі, што гэта праўда. Справа ў тым, што гэта быў наш дэбют увогуле на вялікай сцэне, і тое, што мы перамаглі — нечаканасьць для нас, але таксама і вялікая ўдача».

Усе тры ганаровыя сябры журы — паэт і мастак Міхал Анемпадыстаў, музыка Зьміцер Вайцюшкевіч і дырэктар беларускага ліцэю ў Бельску Андрэй Сьцепанюк сышліся на тым, што менавіта Натальлю ды Віталя варта адзначыць галоўным прызам. «Пры мінімалізьме сродкаў выканаўцы вельмі часта дапамагаюць сабе мімікай і жэстамі, часам нават злаўжываюць гэтым. А ў „Хмаркі“ не было ніякага зайгрываньня, а іх выступ зацікавіў і ўразіў. Проста стаяла дзяўчына, да ўсяго без гітары ў руках, і сьпявала. І пры гэтым увесь час трымала на сабе ўвагу. У гэтым ёсьць мяккая харызма, якая рэдка сустракаецца», — тлумачыць свой выбар Міхал Анемпадыстаў. Ён не бярэцца прадказаваць будучыню гэтага гурта, але спадзяецца, што свой дар вакалістка ня страціць. «Бардаўская песьня ў адрозьненьне ад прафэсійнай музыкі грунтуецца якраз на тым, што Богам дадзена. У іх ёсьць гэты пэўны дар, нешта крохкае, далікатнае, ледзьве ўлоўнае. Ён можа захавацца, а можа зьнікнуць», — лічыць Міхал.

Пакуль у «Хмаркі на траве» ёсьць толькі два запісы — песьні «Калыханка» і «Нёман шуміць». Яны маюць надалей працаваць, сур’ёзна наколькі гэта магчыма, плянуюць запісаць іншыя свае песьні, а таксама выступаць ужывую. Гурт ужо атрымаў запрашэньне паўдзельнічаць у менскай прэзентацыі альбому Стася Сілкі «Песьні для глуханямых».

Сяргей Будкін, фота — Алесь Кот-Зайцаў, Tuzin.fm/Budzma.by

КАМЕНТАРЫ: