Vinsent: «Я адразу схапіў, як уладкаваны заходні сьвет, а беларускі не зразумеў дагэтуль» (аўдыё)
4958 / 0
09.12.2015

Vinsent: «Я адразу схапіў, як уладкаваны заходні сьвет, а беларускі не зразумеў дагэтуль» (аўдыё)

Галоўрэд Tuzin.fm Сяргей Будкін паразмаўляў з рэпэрам Вінсэнтам пра кіно, Каржа, Алексіевіч і новы альбом «Vir», выдадзены празь пяць гадоў паўзы.

Зь Вінсэнтам мы так доўга размаўлялі апошні раз больш чым два гады таму ў Варшаве. У яго ўжо нібы склалася жыцьцё ў Польшчы, да ўсяго вось-вось на экраны мусіў выйсьці фільм «Жыве Беларусь», дзе ён зьняўся ў галоўнай ролі. У польскім драматычным тэатры ішла «Чарнобыльская малітва» паводле Алексіевіч, да пастаноўкі якой ён спрычыніўся, дапамог з падборам музыкі. Наладжваліся сувязі, адкрываліся пэрспэктывы. Але ў той размове тэму ад’езду на просьбу музыкі мы не краналі. Крыху пазьней стала зразумела чаму: Вінсэнт і ня думаў надоўга заставацца за мяжой, хоць некаторыя ўжо запісалі яго ў катэгорыю заўсёдных эмігрантаў. Неўзабаве ён вярнуўся на Радзіму, запісаў тут студыйны альбом, зьняў кліп і цяпер зьвязвае сваё жыцьцё толькі зь Беларусьсю.

— Ты задумаў стрэліць па-сур’ёзнаму яшчэ ў 2011-м, калі набраў жывы склад. Што не атрымалася тады?

— Усё адклалася. У першую чаргу праз удзел у фільмах «Вышэй за неба» і «Жыве Беларусь». Потым мяне выціснулі з гэтай краіны, шмат часу займалі побытавыя пытаньні, паездкі па сьвеце з тым жа фільмам. Песьні пісаліся і ў гэты час, але студыйная праца распачалася толькі сёлета.

— Табе не казалі, што ты дзіўна неяк зрабіў, калі пасьля некалькіх гадоў жыцьця ў Варшаве вярнуўся ў Менск? Бо шмат хто зь беларусаў, наадварот, імкнецца жыць, вучыцца, працаваць за мяжой.

— Казалі, так. Прычым казалі там, за мяжой, нашы змагары так званыя: куды ты едзеш, маўляў, там жа крывавы рэжым, у такім пляне. Я перакананы, што чалавек, які змагаецца за Беларусь, павінен гэта рабіць у Беларусі. Магу, канечне, зразумець журналістаў, якім тут небясьпечна знаходзіцца, яны робяць карысную справу за мяжой, калі займаюцца сацыяльна важным сайтам, напрыклад. Гэта яшчэ апраўдваецца. А вось беларускім палітыкам за мяжой, на маю думку, быць немагчыма.

— З чым табе давялося разьвітацца ў сувязі зь вяртаньнем у Беларусь найперш?

— З камфортам. Там вельмі лёгка наладжваецца быт. Схапіў вельмі хутка, як уладкаваны заходні сьвет, а вось беларускі дагэтуль не зразумеў. У Беларусі жывуць вельмі розныя людзі, кардынальна розныя, чаго ня скажаш пра тую ж Польшчу ці іншыя краіны, дзе даводзілася быць. Напрыклад, заходжу неяк у менскую кавярню, дзе самаабслугоўваньне, пытаюся ў дзяўчыны, якая там працуе: «Дзе ў вас відэльцы?» — «У нас такого нет», — адказвае. Пасьмяяўся, сяджу, ем, а тут падыходзіць яе калега і просіць расьпісацца на сурвэтцы, кажа, што слухае маю музыку… Хоць тут горш у побытавым плане, але жыць цікавей. Тут людзі больш шчырыя ў сваёй радасьці ці злосьці. Плюс вельмі сумаваў па сябрах і сям’і. Было такое, што нават нейкія сьвяты адзначаў адзін, потым і там зьявіліся сябры, але ўсё адно адольвала моцная туга.

Vinsent на здымках фільму «Жыве Беларусь»

— Скажы шчыра, ці лічыш ты фільм «Жыве Беларусь» пасьпяховым праектам?

— Не шкадую, што ўзяў у гэтым удзел. Фільм выканаў сваю місію і заняў сваё месца.

— Але ня стаў зьявай, якой мог бы стаць. Прынамсі, чаканьняў ад яго было больш.

— Мне цяжка ацэньваць яго аб’ектыўна, бо я ў ім удзельнічаў. Але калі задумацца, то як можна ацаніць посьпех фільму аб’ектыўна? Гэта ж польскі фільм, але нават на фэстывалях яго часам называлі беларускім, бо задзейнічаныя беларускія акторы, размаўляюць па-беларуску і пра Беларусь зьнята, хоць і ў Польшчы. Усё-такі гэты фільм перамог у шмат якіх фэстывалях і шмат дзе быў паказаны, ад Індыі да Амэрыкі і Гаваяў. На ўсіх гэтых паказах, я лічу, мы годна прадставілі Беларусь і шмат чаго пра яе расказалі па-за фільмам: так, у стужцы паказаны трэш, але людзі бачылі нас і разумелі, што беларусы — эўрапейцы, абсалютна адэкватныя.

— Ці сур’ёзна ты мысьліш у кірунку кіно надалей? Ці ёсьць варыянты працягу тваёй акторскай кар’еры?

— У сэрыялах дзеля грошай здымацца дакладна ня буду. Калі зьявяцца рэальна цікавыя прапановы, то пагаджуся. Але дзе ў Беларусі можна зьняцца, калі ў нас нічога не здымаюць? Мне цікавае незалежнае маладое кіно. І з Польшчы ўжо былі прапановы — вось зьняўся ў кароткамэтражным мастацкім фільме польскай рэжысэркі Караліны Форд «Prześwity», ён цяпер у фэстывалях удзельнічае.

Кадар зь фільму «Prześwity»

— Значыць, музыка для цябе перадусім?

— Музыкай я магу займацца пастаянна, і залежыць тут усё фактычна ад мяне, у адрозьненьне ад таго ж кіно.

— На што робіш стаўку ў сваім новым альбоме?

— На сучасны гук. Гэта абсалютна заходні альбом, і ён моцна адрозьніваецца ад таго, што я запісваў раней. Наўмысна за модай не ганюся і асаблівых мэтаў ня стаўлю, але тэндэнцыі адсочваю. І дадатковая карысьць у тым, што беларуская мова гучыць у кантэксьце вельмі сучаснага прадукту. Гэта вельмі істотна, бо стэрэатыпы пра беларускую мову як пра вясковую дагэтуль вельмі моцныя. А вось, напрыклад, мой альбом «Vir» вельмі ўрбаністычны. Гэта чысты гіп-гоп…

(Падчас нашай размовы да Вінсэнта падыходзяць два хлопцы 20—22 гадоў, выбачаюцца і просяць зь імі сфатаграфавацца.)

— Акурат хацеў спытаць, ці не баісься, што цябе маглі тут падзабыць за час адсутнасьці…

— Ёсьць ядро прыхільнікаў, якія пастаянна цікавіліся, калі будзе альбом і калі будуць жывыя выступы. І гэта матывуе нешта рабіць далей. Безумоўна, калі пра цябе не чуваць пару гадоў, то новая моладзь пра цябе можа і не дазнацца, але за ўсімі ня ўгонісься. Лічу, што лепш выдаваць моцны альбом раз на пяць гадоў, чым нагадваць пра сябе штогод слабейшымі рэлізамі. Я адчуваю, што мой альбом чакаюць.

— Ці адрозьніваецца нечым Vinsent-2010, калі выйшаў дэбютны альбом «Пачатак», ад Vinsent’а ўзору 2015 году?

— Узрасла тэхніка. У гіп-гопе яна вельмі важная. Ёсьць такое паняцьце, «флоў» — мэтад, з дапамогай якога ты нанізваеш словы на біты. Дык вось — флоў зьмяніўся на новым альбоме. Думаю, што мова стала багацейшая. Сьветапогляд больш філязофскі — менш канкрэтыкі, больш роздуму стала. У песьнях з альбому няма гістарычных сюжэтаў, тым ня менш патрыятызм і духоўнасьць засталіся. Раней форма падачы была простая і казалася пра канкрэтныя рэчы. Тым ня менш старых песень не саромеюся, яны будуць гучаць на канцэртах.

— Вельмі часта цябе параўноўваюць з Каржом. Ты кажаш, што беспадстаўна, бо ты робіш беларускі рэп, а ён — расейскі. Дык чаму так адбываецца, што расейскамоўнай пісьменьніцай Алексіевіч мы ганарымся і ўключаем яе ў наш культурны кантэкст, а расейскамоўнага рэпэра — не?

— Цяжка аналізаваць што да якой культуры адносіцца. Але Корж — гэта канкрэтна расейскі рэп, 100-працэнтны…

— А Алексіевіч — не расейская літаратура?

— Алексіевіч можа быць і расейскай літаратурай, але я рады за грамадзянку Рэспублікі Беларусь, якая атрымала Нобэлеўскую прэмію. Гэта важна для станаўленьня Беларусі.

— Ну а калі Корж атрымае «Грэмі», будзе гэта важным для станаўленьня Беларусі?

— Вось беларус Антон Мацулевіч (Tony Fadd) напісаў для Fetty Wap біт, і гэтая песьня, «Trap Queen», была ў «Білбордзе» №1. Лічу, што гэта вельмі крута, бо Антон — беларускі бітмэйкер, тут не прыдзярэсься, бо гэта музыка. Чувакі ў Штатах паглядзелі і сказалі: ваў, у Беларусі ўмеюць рабіць біты. Гэта пазытыўна для краіны. Макс Корж мог рабіць беларускі рэп і меў беларускія песьні, але з сваіх прычынаў ад гэтага адмовіўся. Калі Макс зробіць беларускамоўны альбом, можна будзе пра нешта казаць, пакуль жа гэта чыста расейскі рэп. Такіх, як ён, безьліч.

— І ўсё ж ці мэтазгодна падзяляць выканаўцаў, якія працуюць тут, на беларускі і расейскі рэп? Чаму гэта ўсё ня можа звацца «беларускі рэп» ва ўсёй сваёй моўнай шматстайнасьці?

Ёсьць такое паняцьце — «польскі рэп». Нікому да галавы ня прыйдзе, што польскі рэп можа быць на нямецкай ці расейскай мове. Рэп на расейскай мове — гэта расейскі рэп, у Польшчы гэта адназначна. А мы тут шмат думаем, наша гэта ці ня наша. А на Радыё Бі-Бі-Сі пра гэта ня думаюць і пра ўсіх расейскамоўных рэпэраў зь Беларусі кажуць «russian rap».

— Ці можа здарыцца фіт Вінсэнта і Каржа?

— Калі ён здольны па-беларуску напісаць — калі ласка, па-расейску сьпяваць ня буду. Да Максіма добра стаўлюся, мы даўно знаёмыя. Калі яму была патрэбная мая дапамога, ён прыяжджаў да мяне на хатнюю студыю, яшчэ да таго як стрэліў.

— У цябе на новым альбоме, дарэчы, ніводнага фіту няма насуперак рэпэрскім завядзёнкам. Чаму?

— Я лічу, калі чалавек купляе альбом пэўнага выканаўцы, то ён хоча чуць менавіта яго. Калі я хачу паслухаць альбом Кэндрыка Ламара, а ў яго там на кожнай тэме па пяць корашаў з Комптану пяе, то гэта выклікае непрыманьне — ну не хачу я іх слухаць. Мне здаецца, што альбом — гэта справаздача за пэўны час ад канкрэтнага сольнага выканаўцы. Сам я фіты люблю і зрабіў іх даволі шмат — з :B:N:, з Akute, з IQ48, пад Новы год будзе з Shuma прадстаўлены дуэт, але ў альбоме іх няма. У песьнях прысутнічаюць іншыя вакалы, яны зробленыя як сэмплы, а вось іншага артыста няма.

Vinsent падчас запісу сумеснага трэку з Shuma. Фота Вольга Куваева

— Сярод тых, з кім ты супрацоўнічаў, няма ніводнага рэпэра. Чаму?

— Шчыра кажучы, з рэпэрамі ніколі не было цікава пісаць сумесныя трэкі. Цікавасьць была ў тым, каб паяднаць стылі — рэп і рок, рэп і фольк.

— А ў беларускай рэп-музыцы ты адчуваеш нейкі зрух? Усё ж ты ладзіў некалі фэстываль беларускамоўнага рэпу. Што, дарэчы, з гэтай ідэяй?

— Пакуль фэст ладзіць не зьбіраюся. Думаю, што выканаўцы, якія там выступалі, і самі здольныя ладзіць сабе выступы. На той момант гэта было цікава — сабраць усіх, але на сёньня мэта ўсё ж прэзэнтаваць свой альбом, крута і якасна. І гэта адбірае шмат сілаў. У беларускім рэпе вылучаю для сябе хутчэй не выканаўцаў, а асобныя трэкі. З апошняга спадабаўся трэк Ангста «Няма каханьня», і артысты, і музыка — бітмэйкеру рэспэкт. Зроблена цікава, якасна і сучасна.

— Пасьля Менску ты прэзэнтуеш альбом у Лёндане. Як атрымалася зладзіць там канцэрт і на якую публіку разьлік?

— Мяне запрасілі беларусы Вялікабрытаніі. Яны пэрыядычна ладзяць у сябе канцэрты нашых выканаўцаў. Было б дзіўна прэзэнтаваць беларускамоўны альбом і разьлічваць на замежную публіку. Натуральна, прыйдуць найперш беларусы, якія жывуць там, ну і цікаўныя жыхары Лёндану.

— Лёндан — гэта добра, але ў Беларусі акрамя Менску ты плянуеш выступаць?

— Вельмі хацелася б зладзіць тур па Беларусі, але гэта праблемна. Калі яшчэ ў Менску можна нешта арганізаваць, то ў абласным цэнтры зьяўляюцца перашкоды. Але будзем спрабаваць, іншага выйсьця няма, бо тут наша публіка.

Cпампаваць альбом «Vir» можна на інтэрнэт-лэйбле «Пяршак»

Размаўляў Сяргей Будкін, Tuzin.fm, для budzma.by