
Pauline і «Крамбамбуля» — «Героі году — 2015» (фота/відэа)
Партал Tuzin.fm назваў галоўнае адкрыцьцё і найлепшы гурт у беларускай музыцы.
Сёлета ўзнагароды прайшлі на 12-годзьдзе парталу Tuzin.fm. Акрамя дзьвюх галоўных намінацыяў былі абвешчаныя пераможцы ў намінацыях «Кліп году», «Песьня году» ды «Альбом году», якіх абіраюць наведнікі сайту. Вядучым канцэрту стаў аўтар культавай тэлепраграмы «Відзьмо-Невідзьмо» Сяргей Філімонаў.
«Кліпам году» стала відэа гурта Re1ikt на песьню «Чаго ты, лося». У намінацыі «Песьня году» перамагла кампазыцыя «Будзь злой» праекту «Мама». А «Альбомам году» ў выніковым галасаваньні слухачы абралі альбом гурта Akute «Рэальнасьць і сны».
На сцэне выступалі заяўленыя ў шорт-лісьце выканаўцы. Адкрыў канцэрт сваім выступам гурт Zolki band. Селёта музыкі выдалі падвоены самотнік «Холадна з вамі», зьнялі некалькі відэакліпаў. Выступ атрымаўся зараджальным і моцным ня толькі ў дачыненьні да гуку, але і па энэргетыцы, якая сыходзіла ад музыкаў.
Далей музычную частку цырымоніі працягнуў малады і цікавы рэп-выканаўца Angst, які пасьпеў адзначыцца ўдзелам у праекце Tuzin.fm «Re:Песьняры», выдаць cынгл і доўга трымацца на першых прыступках гіт-параду зь песьняй «Няма каханьня».
Сьледам за ім публіка вітала на сцэне Паўліну Цімохіну з гуртом Pauline. У гэтым годзе музыкі сталі фіналістамі Revolution Music Fest Belarus і конкурсу «Засьпявай 2:0», паўфіналістамі «Маласольнага фэсту», пераможцамі DreamFest ArtRock.
Першую часткуканцэрту скончыў гурт Teleport. Музыкі сёлета выдалі альбом «Maukliva» і сталі аднымі зь пераможцаў конкурсу «Засьпявай 2:0».
Усе гэтыя выканаўцы ўвайшлі ў лік прэтэндэнтаў у намінацыі «Адкрыцьцё году». У шорт-ліст таксама ўвайшлі гурт «Ілюжан», выканаўца аўтарскіх песень Стась Сілка, праект Яна Маўзэра «Мама». Пераможцаў абвесьціў гурт Leibonik, які ўзяў «Адкрыцьцё году — 2014». Узнагароду атрымаў гурт Pauline.
У прэтэндэнтах на галоўную ўзнагароду «Героі году» сёлета былі: Brutto, Navi, «Крамбамбуля», Tonqixod, Зьміцер Вайцюшкевіч, Šuma ды гурт Re1ikt. Navi і Re1ikt узялі ўдзел у канцэрце.
Алесь Дзянісаў з гурта Dzieciuki, які быў прызнаны «Герояму году — 2014» адмыслова прыехаў з Горадні, каб выканаць адказную місію і абвесьціць пераможцу — гурт «Крамбамбуля». Сёлета музыкі далі маштабны канцэрт у Вільні, выдалі шыкоўны альбом «Чырвоны штраль» ды сышлі ў лясы. Але абяцалі вярнуцца. Узнагароду за ўвесь гурт атрымаў саксафаніст і адзін з вакалістаў гурта Павал Аракелян, Лявон Вольскі граў у гэты дзень канцэрт у Варшаве.
Поўны фотарэпартаж з узнагародаў на budzma.by.
Натальля Стрыжак, Tuzin.fm, фота Аляксандра «Tarantino» Ждановіча, загалоўнае фота Юліі Сакалоўскай, відэа Яўгена Шапчыца
Згодны з рашэннем журы.
Няхай Паўлін па радзіва круцяць замест Пугачыхі і іншай расейскай брыдоты...
КАМЕНТАВАЦЬ