Топ-12 прэм’ераў лета-2019 (аўдыё)
3356 / 0
25.07.2019

Топ-12 прэм’ераў лета-2019 (аўдыё)

На TuzinFM агляд самых цікавых песень гэтага лета — індзі, рок, панк, мэтал, электроніка, рэп на беларускай мове.

Роллікс — Музыка грае

Летні рэліз гурта з Хэрсону з рэспэктам ужо няіснаму берасьцейскаму рок-гурту Sciana. Лідэр «Ролліксу» Дмытро Ігнатаў сумясьціў свой твор «Манера дебіла» разам з часткаю песьні беларусаў «Рагамабіль» і атрымаўся цалкам сабе гарманічны новы трэк, які добра гайдае асабліва на жывых выступах гурта. Пераканацца ў тым можна, напрыклад, 3 жніўня на буйным оўпэн-эйры «Бандэрштат» непадалёк ад беларускай мяжы. Болей пра трэк.

Magdalinova — Rodina

Дэбютны трэк Марыі Магдалінавай, якая піша музыку, вершы і працуе мадэлькаю. У ім аўтарка ставіць несуцяшальны дыягназ беларускаму грамадзтву: «Я пяю пра „стакгольмскі сындром“ у шырокім кантэксьце, пра сындром вывучанай бездапаможнасьці, які моцна нам перашкаджае». Болей пра трэк.

Harotnica mixViecier

Першы студыйны рэліз ад абноўленага складу Harotnica mix, якая цяпер уяўляе зь сябе экспэрымэнтальнае электра-фольк трыё. Музыкі называюць гэты трэк лірычным выказваньнем жанчыны пра ейныя блуканьні на памежжы адчаю, сноў і летуценьняў. Песьня прайшла доўгі творчы шлях у 11 гадоў — зь яе ўласна і пачаўся праект Harotnica — і цяпер набыла электронную афарбоўку праз сынці і біт, захаваўшы пры гэтым сваё першапачатковае акустычнае гучаньне, якое ёй надавалі домра і кантрабас. Болей пра трэк.

Скандал Family — Сустрэча

Беларускамоўны трэк ад панк-рокавай фармацыі, якая існуе ўжо шэсьць гадоў, мае два альбомы, тры кліпы і дала нямала канцэртаў у Беларусі і за межамі. Музыкі кажуць, што напісалі песьню, каб зьвярнуць увагу на тое, што прыгожая беларуская мова гучыць не настолькі часта, як хацелася. Сама песьня распавядае пра чалавека, які знайшоў свой шлях. У яе ёсьць працяг — трэк «Вандруй».

Dasha Kola — Тры дні

Новы самотнік ад сьпявачкі Дар’і Ярмолік, якая мае на мэце рабіць якасную поп-музыку на беларускай мове. Песьня створаная ў супрацы з пастаянным аўтарам Аляксандрам Пазьняком, які адказны за музыку, аранжыроўку і вытворчасьць трэку. «У ёй апісваюцца развагi дзяўчыны, якая знаходзiцца ў эўфарыі ад знаёмства, якое прыносіць новыя надзеi. Яна балянсуе памiж чаканьнем i рухам далей», — заўважае лідэрка праекту Dasha Kola.

Pawa — Гарэлачка

Электра-фольк каманда зь Менску, якая дагэтуль займалася пераважна апрацоўкамі народных сьпеваў, прэзэнтавала цалкам аўтарскі трэк. «Гарэлачку» музыкі называюць казачнай гісторыяй у трох дзеях, у якой распавядаецца пра прыгоды небаракі-п’яніцы. Меркавалася на гэтую песьню зьняць кліп, але краўдфандынгавая кампанія не прынесла посьпеху.

Kachan — Міні-план

Рэпэр Kachan мяркуе, што ягоны новы трэк самы хуткі ў пляне чыткі ў беларускім рэпе (хто аспрэчыць?). Агулам жа «Міні-план» прэзэнтуецца як прадмова да ўсяго жыцьця і творчасьці — ад нараджэньня праз фармаваньне асобы, расчараваньні, трывогі і адчай да асэнсаваньня таго, як сябе ставіць у гэтым сьвеце.

Vit — Не зламаць

Vit — гэта сольны праект Віталя Пахамовіча, які быў заснаваны летась. Музыка піша, як інструмэнтальныя п’есы, так і песьні ў рок-стылістыцы. Першая з удачаў — трэк «Не зламаць», у якім вядзецца пра беларускую нескаронасьць. Яна ўжо стала песьняй месяца на «Радыё Сталіца» ў чэрвені. Мэта Віталя — пераўтварыць хатні праект у жывы гурт, над чым ён цяпер і працуе.

Dzieciuki — Час касінераў

Сынгл з новага альбому гарадзенскай фольк-панкавай фармацыі, прысьвечаны Кастусю Каліноўскаму, які разам з тым стаў гімнам грамадзкай кампаніі, прысьвечанай папулярызацыі вобразу паўстанца. «Мы заклікаем паказаць разам, што народ, у імя якога Кастусь Каліноўскі ўзышоў на шыбеніцу, памятае свайго героя!» — кажуць музыкі. Болей пра песьню ды кампанію.

Sakramant — Zlydzien

Гурт, які ўтварыўся ў выніку распаду Litvintroll, нагадаў пра сябе першым за тры гады рэлізам. Музыкі кажуць, што на стварэньне песьні іх «натхніла» дзяржаўная цэнзура, зь якой неаднойчы ім давялося сутыкнуцца. «Злыдні сочаць за кожным нашым крокам і словам, спрабуюць ахінуць музычны сьвет у поўную цемру, дзе ім будзе зручна панаваць. Аднак з кожнай новай песьняй у княства морака прабіваецца прамень сьвятла, вакол якога гуртуецца жыцьцё», — зазначае ідэоляг гурта Васіль Верабейчыкаў.

TrollwaldNiawiesta

Практычна адначасова прызнакі жыцьця выявіў і другі аскепак ад Litvintroll. Гурт Trollwald заявіў, што матэрыял для іх дэбютнага альбому цалкам гатовы і пачынаецца працу над ім у студыі. Выхаду альбому можна паспрыяць тут. У падтрымку будучага рэлізу прэзэнтаваны самотнік «Niawiesta» (музыкі кажуць, што пішуць той лацінкаю, якою карыстаўся Каліноўскі).  «Няма нічога больш брыдкага за тое, калі твой лёс вырашаюць іншыя людзі. Няхай і сваякі. Кожны мусіць выбіраць сам, як і што рабіць», — так кажа пра сэнс трэка лідэр каманды Андрэй Апановіч.

Все чужие — Колькі

Беларускамоўны трэк магілёўскай індзі-рок каманды з шасьцігадовай гісторыяй. Лідэр гурта Віталь Вераценьнікаў кажа, што гэтая песьня пра пошук сэнсу жыцьця і самарэалізацыю: «Каб сьцьвердзіць сябе, важна жадаць і дзейнічаць, толькі і ўсяго». «Колькі» ўвайшла ў новы міні-альбом каманды «Результат».

Паслухаць прэм’еры песень беларускіх выканаўцаў можна ў аўтарскай праграме кіраўніка TuzinFM Сяргея Будкіна «Музыка тыдня» на «Беларускім Радыё Рацыя» (98,1 FM у Беластоку і Горадні, 99,2 FM у Берасьці, он-лайн — www.racyja.com) штотыдня ў аўторак у 20:05 з паўторам у нядзелю ў 11:05 (па беларускім часе).

ТОП-12 ПЕСЕНЬ ГЭТАЕ ВЯСНЫ. ЧАСТКА 1

ТОП-12 ПЕСЕНЬ ГЭТАЕ ВЯСНЫ. ЧАСТКА 2

ТОП-12 ПАЧАТКУ ЛЕТА

Увага музыкам! Калі пра вашую прэм’еру не згадалі ў нашых аглядах, магчыма вы забыліся паведаміць пра яе існаваньне нам на мэйл 12tuzin@gmail.com. Дасылайце свае трэкі, інфармацыю пра трэк/кліп/рэліз ды фота. Перавагу аддаём песьням на беларускай мове. Пра новыя цікавыя беларускія трэкі таксама можна паведамляць у камэнтарах да гэтага матэрыялу.

TuzinFM