Віталь Рыжкоў: Што дзеду гніла, то ўнуку міла (аўдыё)
4508 / 0
18.05.2016

Віталь Рыжкоў: Што дзеду гніла, то ўнуку міла (аўдыё)

Выніковы камэнтар ад сябры журы «Засьпявай 3.0» паэта Віталя Рыжкова, які абіраў найлепшых, уяўляючы, што ён першы, а магчыма, і адзіны, слухач новай песьні.

Разважаю, думаю, якую ж песьню штогод спадзяецца адшукаць (у тым ліку — падштурхнуўшы да яе стварэньня) конкурс «Засьпявай». Народны шлягер, як у залатыя часы супрацы беларускіх паэтаў і эстрады? Сучасны поп-гіт — каб потым гучаць, пажадана, з кожнага праса і радыёкропкі ды па-над танцпляцоўкамі начных клюбаў (а беларуская паэзія праціскалася б праз зручнае для рытмічнага паскокваньня «бум-тынц»)? Новае сьвежае гучаньне песьні неадкрытага самародка, які раскрыўся, прасьпяваўшы сучасны верш? Нечуваную гармонію слова, музыкі і сьпеву, самабытную і пасьпяховую? Хм.

Усё гэта, відаць, так (хоць і не ўяўляецца ў спалучэньні), усё гэта, падобна, суправаджаецца пэўнай прагай шырокага посьпеху такой песьні, адкрытай ці створанай з дапамогай конкурсу. Але ці патрэбная гэтая слава напраўду?

Колькі чытачоў мусіць быць у сапраўднай паэзіі (лічыцца, што няшмат) і колькі слухачоў у напраўду добрай песьні (лічыцца, што шмат) — гэта вырашаць кожнаму па меры ўсьведамленьня крытэраў добрага, важнага і папулярнага разам з гэтым. У любым разе, усё — і добрае і кепскае — некалі пачынаецца (а часам і сканчваецца) з адзінкі: першага чытача, альбо слухача.

Абіраю, уяўляючы, што я — першы, а магчыма, і адзіны, слухач новай песьні. Сямідзесяці васьмі новых песень.

У сьпяванай паэзіі сёлета шмат клясных прыкладаў незвычайнага падыходу да паэзіі. Вельмі цешуся, бо верыцца, што ўзровень будзе расьці і надалей. Але найбольш мне (можа стацца, адзінаму) адгукнуліся раней ня чутыя мной Nancy Rich зь песьняй на верш Ніла Гілевіча. Так, жывы запіс, але я ўяўляў сябе побач на рэпэтыцыйнай кропцы. Песьня ж запішацца. Падчас запісу, спадзяюся, ня згубіцца ні настрой, ні гітарка, ні эмоцыя. Так, не радыёфармат, гаражняк, «зноў ракешнік», «не для шырокіх масаў» — усё так, так. Але дужа клясна крочыць ці ехаць на ровары з такой музыкай у навушніках, дзе верш-роздум нясьпешна разгойдваецца бадзёрым рытмам і гітарай. А! Камусьці можа падацца, што «скрыміць» клясыку, раўці Ніла Гілевіча, глотку рваць на ціхай паэзіі — гэта блюзьнерства, жэсьць і няправільнае разуменьне сутнасьці тэксту, дык, як кажуць, што дзеду гніла, то ўнуку міла. Можа і павінна быць!

1. Nancy Rich — Кляновы лісток (на словы Ніла Гілевіча)

2. Станіслаў Чахоўскі — Астэроід (на словы Ігара Канановіча)

3. Сон-трава — Горадзе наш (на словы Насты Кудасавай)

4. Чтобы-чтобы — Мірны хоп (на словы Марыі Мартысевіч)

5. Адарвірог — Баляда пра паўстанца Ваўкалаку (на словы Ўладзімера Караткевіча)

6. Кацярына Ваданосава — Бурштынавае мора (на словы Кацярыны Ваданосавай)

І «Кавэр» вельмі парадаваў гэтым годам. У свой Топ-6 выбіраў падчас ірацыянальна — дзесьці за эмоцыю новага позірку на твор, недзе за нечакана падноўлены саўнд. Ведайце, што ёсьць яшчэ і сёмае, і восьмае, і дзявятае месца для вартых і годных выканаўцаў, якіх я з фармальных прычынаў не згадаў тут. І хай, відаць, кожны падумае пра сябе. Гэтым разам нельга адназначна сказаць, што адзінае жаданьне ад праслухоўваньня кавэра, нават добрага, — тэрмінова пераслухаць арыгінал песьні. (Рэйтынг пададзены не па месцах, а ў адвольным парадку – ТГ).

SnopSnoǔ — Я да жалю ня пан (кавэр на «Народны альбом»)

Yellow Power — Котка (кавэр на «Новае Неба»)

U.G.oslavia — Фабрыка (кавэр на N.R.M.)

Leibonik — Я рок-музыкант (кавэр на «Мрою»)

Яўген Барышнікаў — Вы шуміце, шуміце (кавэр на «Сяброў»)

Яўген Цярэнцьеў — Вераніка (кавэр на «Песьняроў»)

А вось намінацыя «Пераклад» падалася ўсё ж заўчасна ўведзенай сёлета ў конкурс. Чакаў ад аўтараў перакладаў большай сьмеласьці там-сям, адсутнасьці памылак, трапнейшых знаходак і літаратурных удачаў. Тым ня менш, усе, каго згадаў (і не згадаў) — малайцы! Бадай, не вылучаў бы нікога асобна. (Рэйтынг пададзены не па месцах, а ў адвольным парадку — ТГ)

Дыяна Аргер і Яўген Сірота — Хачу ўсяго (Queen cover)

Mk-band — Я зьмяняю сьвет (Eric Clapton cover)

Віктар Лупасін — Багэмская рапсодыя (Queen cover)

Дзіма Нікановіч, Вольга Сацюк і Мікіта Найдзёнаў — За табой (Eros Ramazzotti cover)

Яўген Цярэнцьеў — Ноч у ліпні (Кипелов cover)

Bar Akaryna — Дзе кветкі ўсе (Pete Seeger cover)

Віталь Рыжкоў, для Tuzin.fm

Даведка ТГ: Віталь Рыжкоў — паэт, музыка. Нарадзіўся ў 1986 годзе ў Магілёве, жыве ў Менску. Быў фіналістам конкурсаў да 100-годзьдзя газэты «Наша Ніва» (2007), імя Карласа Шэрмана (2009), уладальнік прэміі часопісу «Дзеяслоў» (2008) і «Дэбют» імя Максіма Багдановіча (2011). Пераможца слэму фэстывалю «Березневі Коти — 4» (Украіна). Супрацоўнічаў як аўтар тэкстаў і перакладчык з гуртамі Mauzer, «Глюкі», Zatoczka, «Пані Хіда», Nizkiz, Ганнай Хітрык, Віталём Варанко, SP Kava. Мае ўласны музычны праект Angst, удзельнічае таксама ў рэп-праекце Belaroots.