
Sciana: Мы застаемся тут (аўдыё-прэм’ера альбому)
Гурт Sciana прадстаўляе на сайтах Tuzin.fm і Budzma.org свой альбом «Мы застаемся» — трэці нумарны дыск за сваю 14-гадовую гісторыю.
У назьве новага альбому берасьцейцаў закладзена іхняя пазыцыя — яны застаюцца тут і цяпер, з сваёй музыкай і мовай. Рук не апускаюць, у чужую краіну не зьяжджаюць ды працягваюць ствараць новыя песьні, хутчэй насуперак, чым дзякуючы абставінам.
Неяк так склалася, што рок-гурты, што ўтварыліся пры канцы 90-х, у нас чамусьці дагэтуль лічацца «маладымі ды таленавітымі» (найперш IQ48, Sciana, Re1ikt). Між тым, у гэтых музыкаў даўно сфармаваная музычная і жыцьцёвая філязофія і яны абсалютна заслужылі да сябе адпаведнага стаўленьня. Як, скажам, маладыя фольк-музыкі прымаюць «Старога Ольсу» (абсалютных пагодкаў «Сьцяны», між іншым) — яны «айцы». Sciana — адзін з тых гуртоў, які сфармаваў аблічча беларускай альтэрнатыўнай музыкі новага стагодзьдзя. Яны маюць актуальны гук, шалёную энэргетыку, абсалютна пісьменныя тэксты ды аранжыроўкі.
Дыск «Мы застанемся» збольшага складзены зь нятленак, правераных гадамі на выступах у тутэйшых клюбах ды пабах ды замежных канцэртных залях ды оўпэн-эйрах. «Сьцяноўцы» наогул да выданьня рэлізаў падыходзяць зь нейкім асаблівым трапятаньнем, таму і выходзяць у іх альбомы гады ў рады: дэбютнік «Рыфы лёсаў» быў у 2002, а наступны «Кропка вяртаньня» толькі ў 2010. У новы дыск увайшлі дагэтуль нявыдадзеныя гіты «Make Yourself» (больш вядомая, як «Можна быць») ды «Калыханка», праўда ўжо без саксафона. Музыкі вымушана адмовіліся ад гэтага інструмэнта, бо саксафаніст іхні лёзунг не падзяляў і заставацца ў гурце бязь яўных пэрспэктываў не хацеў. Замена жывога інструмэнта электронікай выглядала на рызыкоўную, але апраўдала сябе — асабліва цікавы сымбіёз атрымаўся ў песеньцы «Ліхтары». Песьню «Вясна.by» наогул аддалі на апрацоўку новаму ўдзельніку каманды Валерыю Сакалову, вядомаму з электронных праектаў Too late: Frozen i SKLF, і ён зьмяніў твор да поўнай непазнавальнасьці. Альбом дарыць некалькі новых гітоў — найперш «Апошнюю песьню», запісаную ў дуэце з Касяй Леванюк з гурта TerraKod, фактычна загалоўны нумар альбому. А трэкам «Рагамабіль» каманда руйнуе стэрыятып пра тое, што грае выключна суворую музыку з экзыстанцыйнымі тэкстамі.
Sciana зрабіла практычна немагчымае — яна запісала альбом, яшчэ цікавейшы за папярэдні, які і паругаць не было за што. Яны «айцы», гэта факт.
Сяргей Будкін, Tuzin.fm
Спампаваць з Tuzin.fm адным файлам
Хто што думае наконт альбому? Рабіць хлопцам сольную прэзэнтацыю ў Re:Public?
Вядома, трэба!!!
Дык пад назвай "Можна быць" вядомая як раз песня "Можна быць", не?)
Блытаніна выйшла, бо і ў адной, і ў другой у рэфрэне ёсьць фраза "Можна быць". Вядома ж, "Можна быць" і "Make Yourself" - дзьве розныя песьні.
Запрашаем на салянку ў Рэпаблік. Там будзе і Сьцяна - 1/12/2013!
Інфа: +375 29 649 08 88
Прэзентацыя новага альбому заплянавана на 20 сакавіка ў Менску, клюб "Піраты". Сачыце за інфармацыяй на нашым партале.
Жывая прэзэнтацыя альбому ў "Піратах" 21 сакавіка (пятніца).
Забраніраваць, замовіць і набыць квіты http://www.kvitki.by/by/event/19419
КАМЕНТАВАЦЬ