Dzieciuki папоўнілі «чорны сьпіс» (+камэнтар гурту)
7579 / 0
13.04.2016

Dzieciuki папоўнілі «чорны сьпіс» (+камэнтар гурту)

Менскія ідэолягі абвесьцілі гарадзенскаму фольк-панк гурту вайну і маюць намер перашкаджаць ягоным выступам у сталіцы.

Dzieciuki тры разы спрабавалі зладзіць прэзэнтацыю новага альбому «Рэха» ў Менску. Спачатку канцэрт меркавалася правесьці на пачатку сакавіка ў «Пляцоўцы Хол», але незадоўга да гэтага клюб быў зачынены назаўжды. Выступ перанесьлі ў Re:Public на сярэдзіну траўня, але неўзабаве падрыхтаваныя ўжо дакумэнты ў Менгарвыканкам на атрыманьне гастрольнага пасьведчаньня былі адкліканыя — клюб прымаць музыкаў адмовіўся. Яшчэ адна спроба правесьці канцэрт у бары Beer&Wine 15 траўня таксама скончылася безвынікова. Гэтым разам справа дайшла да падачы дакумэнтаў. Ідэалягічнае ўпраўленьне Менгарвыканкаму запатрабавала тэксты песень гурта, а пасьля прыняла рашэньне канцэрт не дазваляць. Матывацыя тая ж, што і ў выпадку з Вайцюшкевічам: чыноўнікі мяркуюць, што музыкі — экстрэмісты і ўяўляюць пагрозу для беларускага грамадзтва. Адказнасьць за забарону выступа гурта ўзяў на сябе кіраўнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі Павал Скалабан.

Паша Трабл, Dzieciuki, на сумесным канцэрце з Brutto ў Беластоку, 12.03.2016

Ідэолягі выявілі неабыякаваць да творчасьці гурту Dzieciuki яшчэ летась у студзені, калі наведалі іхны менскі канцэрт у клюбе «Піраты». У кастрычніку чыноўнікі завіталі на выступ каманды на «Octoberfest» пад Менскам, а ў лютым гэтага году прадстаўнікоў Менгарвыканкаму бачылі на выступе гарадзенцаў на прэміі «Даём рады» ў Re:Public. Відавочна, што пасьля гэтага візыту і было прынята рашэньне больш не дазваляць музыкам граць.

Такім чынам, Dzieciuki папоўнілі неафіцыйны «чорны сьпіс» беларускіх выканаўцаў, творчасьць якіх знаходзіцца пад забаронай. На сёньня ў яго таксама ўваходзяць Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч, а таксама гурт Brutto і пэрсанальна Сяргей Міхалок. Таксама за ўдзел у гурце Brutto займеў праблемы Віталь Гуркоў. Знакамітага на ўвесь сьвет спартоўца змусілі скасаваць кантракт зь Міністэрствам спорту, дзяржава ня хоча фінансаваць яго ўдзел у чэмпіянаце сьвету па тайскім боксе.

Гурт Dzieciuki пасьля свайго апошняга канцэрту ў Беларусі, Віцебск, 26.03.2016

«Ня бачу тут ніякай лёгікі, хоць пайшла агульная хваля: Гуркоў, потым адразу мы. Калі нас ужо прызналі экстрэмістамі, то далей можна чакаць усяго чаго хочаш. Хацеў бы тым, хто прымае такія рашэньні сказаць, каб яны памяталі пра тое, што іх сьцежка даволі тонкая. Напрыклад, у сталінскія часы ідэолягі нядоўга сядзелі на сваіх пасадах. Іх хутка зьмянялі такія ж самыя, а лёс папярэднікаў быў незайздросным… А наконт далейшых выступаў мы ня дужа непакоімся. Мы і раней мелі праблемы. Выступалі падпольна. Будзем спрабаваць і надалей. Для некаторых гэта нейкая гульня. Рамантыка такая. Але для нас такія гульні не зусім цікавыя. Мы паспрабавалі вырвацца з падвалаў. На жаль, пакуль што ў Беларусі гэта зрабіць немагчыма», — зазначыў у камэнтары для Tuzin.fm вакаліст гурту Dzieciuki Алесь Дзянісаў.

Цяпер Dzieciuki знаходзяцца ў туры па Польшчы і Ўкраіне. Найбліжэйшыя канцэрты гурта заплянаваныя ў Адэсе, Кіеве і Чарнігаве. 28 траўня гарадзенцы даюць сумесны канцэрт з Brutto ў Варшаве. Падрабязнасьці — у афіцыйнай суполцы.

Альбом «Рэха», тэксты зь якога напужалі менскіх ідэолягаў

Яшчэ: Dzieciuki. Як гукнеш, так і адгукнецца (прэм’ера альбому!)

«Гарадзенскі гармідар» — дэбютнік гурта Dzieciuki (аўдыёпрэм’ера альбому!)

БОЛЬШ ПА ТЭМЕ ЗАБАРОНАЎ У БЕЛАРУСІ — ПА ТЭГУ ЗА!БАРОНА

Tuzin.fm, фота Аляксандра Кузаса і з суполкі гурту