Пераможца «Басовішча» .К: «Мяне цікавяць памежныя станы» (+відэа выступу)
Першае вялікае інтэрвію Яўгена Кучмейны, лідэра гурта .К, у якасьці пераможцы Конкурсу маладых гуртоў «Басовішча-2016».
Беларускамоўны рэпэртуар заўжды быў галоўным крытэрам, па якім гурты траплялі ў конкурсную частку фэстывалю «Басовішча». Аднак сёлетні конкурс парушыў гэтую традыцыю: на сцэну выйшлі дзьве беларускамоўныя каманды — M.G. ды Haina, два дзьвюхмоўныя праекты — Intelligency ды .K ды наогул інструмэнталісты — The Glitchhh. На гэтым сюрпрызы ня скончыліся: пры ўсёй разнастайнасьці творчых манер канкурсантаў пераможцам стаў праект .К, а дакладней — адзін Яўген Кучмейна з акустычнай гітарай у руках.
Нягледзячы на тое, што нядаўна сольны праект Яўгена Кучмейны .К ператварыўся ў гурт, яму ўсё ж давялося выступаць самому. Празь візавыя пытаньні бубнач Ігар Волгін ня змог прыехаць, таму і басіст Арцём Германовіч назіраў за выступам у якасьці гледача. Аднак і адзін Яўген змог зайграць настолькі пераканаўча, што журы назвала яго фаварытам. Абраць пераможцу сябрам журы сёлета было вельмі складана, бо фіналісты былі надзвычай моцныя. Абралі .К, бо палічылі вартай увагі канцэпцыю яго творчасьці. Гарэцкі пісаў пра дзьве душы беларусаў. І ў Яўгена выходзіць арганічна спалучаць іх у сваіх песьнях. Ён адчувае дваістасьць нашага сьвету і прымае яго, падарожнічае па мяжы сустрэчы гэтых дзьвюх душ, патаемнымі сьцежкамі заглыбляецца ў іх ды чуе там песьні, якія і трансьлюе нам. Адсюль і спалучэньне моваў, і экспрэсіўная падача. Да таго ж адметнае гучаньне: у Яўгена з дапамогай вакалу і гітары атрымалася шчыльна напоўніць гукам фэстывальную прастору ды трымаць увагу слухачоў ад першай да апошняй хвіліны выступу. Гэта дарагога варта.
На другі дзень фэстывалю, перад выступам .К ужо ў якасьці пераможцы конкурсу, мы сустрэліся зь Яўгенам Кучмейнам, каб паразважаць пра музыку, мову, памежныя станы і новы альбом.
ТГ: Ці гатовы ты быў да перамогі?
— Мне заўжды здавалася: ну як я магу падысьці? Фэст усё ж пэўным чынам зьвязаны з палітыкаю. Зараз патлумачу. Вось я перамог — гэта значыць, што мяне будуць падтрымліваць цэлы год (ну, вядома, ня кожны дзень грудзьмі карміць, але тым ня менш). Нібыта кажуць: «Вось, ён прадстаўнік беларускай авангарднай музыкі, музыкі, на якую можна спадзявацца». І ў мяне быў стэрэатып, што «Басовішча» ўскладае надзеі на людзей ці гурты, якія гатовыя на музыкальным фронце весьці барацьбу, у палітычным рэчышчы. А я ніколі ня мог сябе знайсьці ў палітыцы — я дыстанцуюся ў бок анарха, то бок асабістай свабоды перш за ўсё. Можна і трэба сьпяваць пра аб’яднаньне людзей вакол ідэяў свабоды, роўнасьці, бацькаўшчыны, але я найперш зьвяртаюся асабіста да чалавека, каб ён знайшоў радзіму ў сабе і прыйшоў дамоў не са зьнешняга боку, а зь сярэдзіны. Вось, таму мне было дзіўна, што мяне выбралі. Але канечне, я вельмі рады, бо гэта значыць, што і мая схема працуе, што людзям трэба часам паглыбляцца ў сябе, а ў мяне выходзіць ім у гэтым дапамагчы.
ТГ: Шмат пытаньняў было да мовы тваіх песень. Чаму твая праграма ня цалкам беларускамоўная?
— Бо ў маёй музыцы мова ня можа быць наперадзе. Я нават яе не выбіраю, яна сама выбіраецца: некаторыя песьні цякуць на пэўнай мове, а нейкія — не. Вось у «Птица С». беларускамоўная частка вырасла абсалютна натуральна, як дрэва, праз тры гады пасьля напісаньня песьні.
Я карыстаюся некалькімі мовамі — беларускай, расейскай, гаворкай. І не хачу сабе супярэчыць, мовы ў маёй галаве пераходзяць адна ў адну ды накладаюцца на музычную думку. І мяне не спыняе, што ў адной песьні мяжуюць дзьве мовы. Галоўнае — данесьці да чалавека думку. Аднак ёсьць у мяне такія песьні, якія рацыянальна зразумець цяжка, бо гэта абстракцыя. Тады мая думка ў тым, каб перадаць гэты стан. І гэта для мяне каштоўна. Ты знайшоў гэты стан, ты яго адчуў — гэта значыць, што ты ўжо прачнуўся дзесьці, у гэтым старым сабе пачаў жыць.
ТГ: Але ж ты сьпяваеш ня толькі чыстымі мовамі — зьяўляюцца і плыні сьвядомасьці.
— Гэта можна называць па-рознаму: плыньню сьвядомасьці, як ты сказала, ці тарабаршчынай, як на адным беларускім сайце напісалі, ці мовай рыбы, як часьцей за ўсё называю я. Наогул, усё гэта пачалося даўно. Я быў і ёсьць фанатам разнастайнай музыкі і з Захаду і з Усходу. Пачаў граць, пераігрываць 200, 300, 400 песень, я запісваў іх на мікрафончык, баяўся забыць, хацеў усе вывучыць. У нейкі момант пачаў рабіць свае песьні. Ангельскай мовы я ня ведаю, але вось гэтая падача, уласьцівая маім улюбёным гуртам і вельмі блізкая мне, дала штуршок для нараджэньня тарабаршчыны. А яшчэ я ад самага пачатку не сабраў сталы калектыў, ня склалася. Потым аказаўся ў Суботніках, дзе ў мяне не было нават пульта, каб спалучыць адначасова голас і гітару. І я ўключыў гітарную прымочку ў вакал — тады пачаўся абсалютна новы гук і мова рыбы загучала па-іншаму. Тэкст жа прыходзіць пасьля, а спачатку — музыка. Я прыдумляю вакальную партыю, падачу, хоць яшчэ й ня знаю, аб чым буду пець, ня бачу тэмы. На некаторыя песьні тэкст не кладзецца наогул, ці кладзецца, але песьня пачынае быць васьмібітнай — ніякай тайны, ніякай казкі, яна робіцца вужэйшай. Тады я проста пакідаю рыбу — вакал тады ператвараецца ў сола-інструмэнт. Я добра ўмею гэтым кіраваць, мне вельмі камфортна, і эмацыйны выхад адбываецца і ён набагата большы, чым калі б я саліраваў на гітары.
ТГ: Усе, хто бачыў твае жывыя выступы, ведаюць пра надзвычаную эмацыйнасьць падачы, нібыта ты ўваходзіш у першабытны транс. Ты сьвядома гэта робіш?
— Я для гэтага і сьпяваю, каб чалавек прыгадаў гэты чысты, старажытны стан, як у далёкім дзяцінстве. Усё, пра што я сьпяваю, калі ўскрываюся, — людзі адчувалі ў гэтых станах. Але потым ты жывеш, ты працуеш, у цябе пачынаюцца адны і тыя ж калідоры па жыцьці, аднолькавыя маршруты — і жыцьцё робіцца такім, нібыта ты яго ўжо ведаеш. Але насамрэч ты нічога ня знаеш — гэта такі лябірынт, чарговая схема ў мазгах, праграма, якая добра працуе. Кажуць жа, што дзеці бліжэй да бога, бо ў іх мазгі незасьмечаныя. Мы можам толькі уяўляць, які стан быў у дзяцінстве, а прыгадваць з гадамі ўсё цяжэй і цяжэй. Брэдбэры добра апісвае гэта, але ў тэкставай форме, а я хачу ў музычнай. Памежныя станы страху і жаху, жарсьці і каханьня, энэргіі і хуткасьці.
ТГ: Складаецца ўражаньне, што ты балянсуеш на мяжы. Адкуль гэта?
Я з памежжа. З аднаго боку ў гэтым можна бачыць нешта аб’ектыўнае, простае фізычнае разьдзяленьне краін, але адначасова — гэта і сымболіка, гэта энэргія, што ходзіць вакол нас. Ды й наогул перабываю на памежжы — памежжы псыха і прытомнасьці. Мне і сны такія сьняцца, што межы раптам зачыняюцца ці, наадварот, пад суседзкім домам адчыняецца праход у іншы сьвет. Усё гэта зьмешваецца з вобразамі маёй дзіцячай вёскі — гэта мая зямля, мая радзіма, куды я хачу прыйсьці і дзе я хачу быць. Містыцызм, калі ён ува мне ёсьць, то ён адтуль, для мяне гэтыя сны самыя галоўныя.
ТГ: Адсюль і адчуваньне памежжа сну і рэчаіснасьці ў альбоме «УніСон»?
— Так, але ён памежны яшчэ і па іншай прычыне. Мне давялося самому рабіць у ім усё. А так нельга: кожны мае рабіць сваю справу, трэба максымальна падключаць людзей. Іншае пытаньне, што не заўсёды іх можна знайсьці ў патрэбны момант, а я не магу жыць, не ўвасобіўшы думкі ў песьні, гэта як маё дзіця. Я не імкнуся цяпер да сям’і, для мяне песьні як дзеці.
ТГ: Ці ня шлях гэта да шызафрэніі, калі ўсё робіш сам?
— Шлях да шызы — адназначна. У Суботніках я прыйшоў да высновы, што калі шмат на сябе бярэш, то адназначна станеш шызікам. Але мне аднаму атрымалася лягчэй дамовіцца з самім сабою, зразумець, што я хачу, і гэта сабе патлумачыць. Былі людзі, якія прапаноўвалі запісаць мяне бясплатна на студыі, і я спрабаваў зь імі працаваць. Але яны ў іншых аспэктах не ідуць на кампрамісы, адмаўляюцца ўспрымаць маё бачаньне матэрыялу.
ТГ: Нядаўна да цябе далучыліся басіст і бубнач. Як працуецца не аднаму?
— Не лягчэй, але ня так шызафрэнічна. Калі я зусім вар’яцею, то яны яшчэ не настолькі і могуць сказаць, што ня так. І наадварот. Адзін аднаго падштурхоўваем, трымаемся за плечы. Усё свабодна, няма цэнзуры.
ТГ: Вы цяпер працуеце над трэцім альбомам. Зьяўленьне паплечнікаў адбілася на характары новага матэрыялу?
— .К — праект акустычны і ў гэтым яго каштоўнасьць. І я імкнуся гэта ўтрымаць, хай гэта ўжо й цэлы гурт. Бас па партыях мусіць выходзіць з акустычнай гітары. Зрэшты, ён у ёй ужо быў, я чую яго і выцягваю адтуль, каб ён падтрымаў акустычную гітару ці быў самастойным, калі ён варты таго, каб вылучыцца. І з барабанамі ў нас спэцыфічная схема. Я зрабіў бібліятэку сэмплаў Ігара і пачаў выстаўляць некаторыя партыі, а ён потым павінны іх пералабаць. Але так, як сыграў комп, яму цяжка зрабіць, бо ў яго іншыя схемы ў галаве. Па выніку атрымоўваецца дзіўны гук. Але зноў жа, будуць у новым альбоме песьні, дзе барабаншчык так уваліў, што перавёў усё на сябе. Я такое прымаю, бо галоўнае, каб песьня жыла. Падчас запісу я проста он-лайн накладаў эфэкты і плыньню, адным дублем запісваў песьні, каб увайсьці ў правільны стан, каб зьявілася энэргія. Калі я спыняюся на першым куплеце, а потым асобна пішу рэфрэн, то ператвараюся на машыну. І мы ўсе трое гэта разумеем. Карацей, мараль у тым, што трэба шукаць сяброў па сьветапоглядзе.
ТГ: Дзіўна чуць ад цябе такое. Па папярэдніх альбомах у цябе склаўся вобраз адзіночкі.
— Вось табе і памежжа. У папярэдніх альбомах я ўсё адзін рабіў — пісаў тэкст, музыку, граў гэта, выстаўляў мікрафоны, запісваў, заганяў у комп, звадзіў, рабіў майстэрнг. Гэта адзін бок. А з другога боку я і кроку ня мог зрабіць, не параіўшыся зь сябрамі. Я ўвесь час дасылаў ім варыянты, якіх былі сотні, бо сам ня мог адэкватна ўспрымаць матэрыял.
ТГ: А як ты ўспрымаеш тое, што ствараюць беларускія музыкі?
— Вельмі радуе, што саўнд палепшыўся. Радуе, што беларусы граюць у разнастайныя стылях. І ня варта спрабаваць за некім угнацца. Культуры, вядома, трэба міксаваць, але трэба сябе не забываць. Вось гэты стрыжань захаваць, які ў табе першапачаткова закладзены, бо ты яго найлепш ведаеш і ён будзе непадобным ні на што. Тут ты альбо на фольк, этніку, традыцыю абапіраесься, альбо лезеш глыбока ў сябе і ўскрываеш рэчы, якія можаш пабачыць толькі ты. Кожны з нас — непаўторны мутант і ў ім ёсьць, што браць, і гэта будзе каштоўнасьцю, калі ты зможаш яе неяк перадаць людзям. І гэта будзе добра для ўсяго чалавецтва, бо такім чынам ствараюцца новыя каштоўнасьці, а патрэбныя заўжды новыя каштоўнасьці, бо бязь іх грамадзтва будзе засыхаць, як дрэва без вады. Чаму ж вы сабралі такі склад гуртоў на конкурс? Пэўна, таму што за гэтыя гады прыйшло адчуваньне, што трэба пераглядаць крытэры і ацэнкі. Чаму мы так хочам новых людзей і новую музыку? Бо надзея патрэбна. І мы шукаем.
Размаўляла Хрысьціна Дарапей, Tuzin.fm, фота Аляксея Сіпачова
КАМЕНТАВАЦЬ