Ягор Захарка. Топ-7 самай актуальнай беларускай музыкі (аўдыё)
3444 / 0
21.06.2016

Ягор Захарка. Топ-7 самай актуальнай беларускай музыкі (аўдыё)

Арганізатар аднаго з самых пекных беларускіх летніх фэстаў Mirum Music Festival дзеліцца з наведнікамі Tuzin.fm сваёй падборкай самай цікавай і актуальнай беларускай музыкі.

Заўжды і паўсюль кажу, што мы маем багата музычных цікавостак, каб людзі зьвярталі ўвагу на сваё і карысталіся з гэтага здабытку. Але як задаўся мэтай сабраць у адзін топ беларускіх музыкаў, то зразумеў, што тут трэба добра падумаць. Бо агульны рэйтынг для мяне не адлюстроўвае актуальную сытуацыю, бо хочацца заўжды новага. І такі сьпіс мог бы выглядаць на underdog-топ. Таму засяродзіўся на тым, што робіцца тут і цяпер. І задача стала цяжэйшай. Зьмяніўся час. Тое, што мне было цікава раней, для мяне ўжо адмерла. Але ж я добра памятаю тыя часы, калі мы падлеткамі заляталі ў гарадзенскі клюб «Клетка», у парку Жылібэра, і слэмілі пад гарадзенскіх Deviation і Contra-La-Contra. Ці свой першы прыезд юнаком у Менск на канцэрт у нейкі клюбец, што раней месьціўся недзе ля Сьвіслачы і завода «Крышталь» адарвацца пад ТT-34 i Rasta.

Час мінуў і цяпер я вылучаю зусім іншую музыку. Дадам, што ў маім цяперашнім сьпісе няма першых і найлепшых. Усе названыя мною раўназначна родныя для мяне. І як можна заўважыць, абсалютна розныя.

Таму лавіце мой ТОП-7. Маю спадзеў, што па хуткім часе ён пашырыцца да тузіна.

Вялікім адкрыцьцём для мяне ў 2008 годзе быў берасьцейскі breakbeat дуэт 4kuba. Зь Юрам Стыльскім з гурта «Дай Дарогу». Ня ведаю, ці патрэбна наведнікам «Тузіна» распавядаць пра гэты праект? У той час мне вельмі пасавала тое, што яны рабілі. Дыск мне прапанаваў у Літве аднакурснік зь Менску. Гледзячы на гэтага хлопца, ніхто б у жыцьці ня выказаў думку што ў ім могуць быць нейкія патрыятычныя памкненьні. 4kuba яму проста падабаліся, як звычайнаму тусоўшчыку мэйнстрымавых кірункаў. У 2009 годзе яны былі ў Горадні з выступам у клюбе «Фантазія» на вуліцы БЛК. На жаль тыя людзі, якіх я прывеў туды, былі амаль што адзінымі дасьведчанымі ў іх музыцы.

Другое ўмоўнае месца зойме Shuma. Казаць тут шмат чаго не патрэбна. Я вельмі паважаю гэты гурт і шмат ужо было сказана. Маё меркаваньне такое: Shuma — адзін з самых яскравых першапраходцаў, якія асьвяжылі нашую музычную прастору па прыкладзе трэндавага спалучэньня электрамузыкі зь нечым, на першы погляд, неспалучальным. І зрабілі гэта якасна ў большасьці трэкаў. Крута што яны выходзяць на больш шырокую аўдыторыю і імі захапляецца ўсё больш людзей, якіх раней я не заўважаў за імкненьнем сачыць за такімі хвалямі ў музыцы. Мне здаецца — што гэты праект павінен рабіцца вялікай камандай прафэсіяналаў, што дае шанец Русе, Аляксею і Надзеі сканцэнтравацца менавіта на сваёй працы.

«Дзідзюля». Гэты хлопец жыў непадалёку ад маёй школы на вулцы Дамброўскага, і калі яшчэ быў юнаком граў канцэрты ў нашай актавай зале. Наступным разам пачуў яго праз гадоў восем на вечарах АНТ ля Мірскага замка. І ўпершыню ўбачыў, як людзі вакол мяне плачуць. Ад па-добраму кранальнай музыкі. Дагэтуль я вельмі люблю яго музыку і цікаўлюся ягоным жыцьцём.

Зьміцер Вайцюшкевіч. Песьня «Я нарадзіўся тут» у яго выкананьні застанецца ў маім плэйлісьце назаўсёды. Гэта вельмі настальгічная кампазыцыя. З сумным сэнсам, але ж заўсёды дае сваю рэгі-энэргію.

Dzieciuki. Склад гурта, выкарыстаньне разнастайных інструмэнтаў і наяўнасьць двух салістаў дае выдатны вынік. Атрымліваецца шалёная музычная салянка.  Да нацыянальна-патрыятычных тэкстаў стаўлюся з іроніяй за кошт іх разгульнай падачы (акрамя асобных песень). Раю паслухаць ужывую, таму што калектыў бярэ ў першую чаргу энэргіяй, што сыходзіць са сцэны. На музычнай прэміі «Даём рады» я ледзь не саскочыў у агульны слэм. Яны, між іншым, вельмі пасуюць да Brutto на сумесных канцэртах.

Далей, калі не ўнікаць у тонкасьці гукарэжысуры, сярод цікавых і новых праектаў могуць быць названыя маладыя Intelligency. Абраны імі музычны кірунак даволі ўнікальны для Беларусі. Іх заўважылі — і гэтым летам яны адыграюць на двух найбуйнейшых фэстах Украіны і на Halfway у Беластоку. Альбом «DoLoven» можна паставіць на сталае праслухоўваньне і знайсьці ў ім шмат прыемных момантаў.

Ну і канечне ў гэтым сьпісе павінна быць Натальля Куніцкая. Так, сапраўды яна — электракнязёўна. Дарэчы, вельмі прыемна, што Mustelide і Intelligency паедуць з нашай дапамогай на ўкраінскі фэст «Кактэбель джаз фэстываль» у жніўні.

Яшчэ пяць неназваных тут цікавых беларускіх гуртоў возьмуць удзел у сёлетнім Mirum Fest разам з нашымі гасьцямі, сярод якіх будуць Red Snapper Official Band, Onuka, The Hardkiss, «Вагоновожатые», «Меджикул» ды іншыя. Будзем рады бачыць наведнікаў Tuzin.fm, якія прагнуць новай і цікавай музыкі з 12 да 14 жніўня на зялёным лузе, што насупраць Мірскага замку.

Ягор Захарка, для Tuzin.fm