
«Своеасаблівасьць не выключае цытаваньня, а самаіронія — важных рэчаў»
Філёзаф Вольга Шпарага назвала свой топ-12 песень па выніку музычнага сэзону 2015—2016 на Tuzin.fm і паразважала пра парадоксы ў беларускай музыцы.
Мне падабаецца своеасаблівасьць, якая не выключае цытаваньня, але пры гэтым перамагае. Але ж цікава ня толькі гэта — цікавыя таксама парадоксы. Калі пра сьмеласьць на словы Рыгора Барадуліна гучыць музыка ў стылі дыска. Гэта вядзе да іншага вымярэньня абраных мною твораў — пераважная большасьць зь іх самаіранічныя (і спалучэньне дыска са сьмеласьцю і Барадуліным я ўспрымаю таксама як праяву самаіроніі). Але ж гэта самаіронія не выключае важных рэчаў, напрыклад, пытаньня: «А што мы скажам дзецям?». Наадварот, яна дапамагае іх сфармуляваць.
Мне падабаецца, калі ў песьнях узгадваецца нашае грамадзтва, альбо нейкія праблемы, але пры гэтым мы чуем паэтычны голас, які выконвае ролю пасярэдніка. Такім чынам успрыняла я песьні «Сьвечкі» і «Mova». Першая наўпрост вельмі мілагучная і пры гэтым спалучае два зусім розныя настроі, і тэма злачынцаў і ахвяраў у вершы Анатоля Сыса атрымліваецца такім чынам сфармуляванай вельмі далікатна і адначасова нібыта з надзеяй на разуменьне яе значнасьці іншымі. У выпадку ж «Мовы» мы маем супрацьлеглую сытуацыю, калі пытаньне ці праблема фармулюецца музычнымі сродкамі вельмі ляканічна і рытмічна.
«Марозная» і «Лося» здаюцца мне парадаксальнымі яшчэ ў адным сэнсе — яны дазваляюць спалучыць сучасную цьвярозасьць з трывожнымі галасамі альбо прывідамі мінулага. З гэтым спалучэньнем, на мой погляд, мы сутыкаемся ў нашым штодзённым жыцьці вельмі часта, і музычныя творы ў гэтым сэнсе дапамагаюць нам з рэфлексіяй на гэты конт.
Палову абраных мною песень я бы таксама аднесла да аптымістычных, альбо да жыцьцесьцьвярджальных, але пры гэтым не банальных — яны не пра першае каханьне, але пра стасункі; яны заклікаюць радавацца, але распавядаюць і пра зьнікненьне і канец. Маю на ўвазе творы гуртоў Teleport, BosaeSonca, TonqiXod, Sounduk. Такіх песень мне таксама не хапае ў нашым лякальным кантэксьце. Таксама ўключыла ў свой сьпіс «Будзь сьмелым» гурта Brutto, але кавэр на іх ад маладога гурта Cas Lajna «Будзь трусам» мне больш падабаецца.
Усе абраныя песьні я слухала па некалькі разоў, і гатовая слухаць яшчэ і яшчэ пад розныя настроі.
1. Ilo&friends — Сьвечкі
2. Intelligency — Mova
3. Sounduk — Давай сьмяяцца
4. Teleport — Leta
5. BosaeSonca і Ганна Хітрык — Фаервэркамі
6. TonqiXod — Камняпад
7. TonqiХod і Сяргей Пукст — Марозная
8. Shuma — Лося
9. Амплітуда сьмеласьці — Амплітуда сьмеласьці
10. U.G.oslavia — Маладосьць
11. Trubetskoy і Аляксандар Памідораў — Цуд на Каляды
12. Brutto — Будзь сьмелым
Вольга Шпарага, для Tuzin.fm
Вольга Шпарага – філёзаф, кандыдат філязофскіх навук, рэдактарка інтэрнэт-часопіса «Новая Еўропа», супрацоўніца Цэнтра эўрапейскіх дасьледаваньняў (Менск). Аўтарка манаграфіі «Пробуждение политической жизни: Эссе о философии публичности» (Вільня: ЕГУ, 2010), навуковая (су)рэдактарка і ўкладальніца пяці калектыўных манаграфій. Сфэра інтарэсаў: фэнамэналёгія і палітычная філязофія, эўрапейская прастора і месца Беларусі ў ёй, сучаснае мастацтва. Кіраўніца канцэнтрацыі «Сучаснае грамадзтва, этыка і палітыка».
Прыходзьце на Teleport у нядзелю 17 лiпеня у ТНТ, уваход вольны!)
КАМЕНТАВАЦЬ