«Звар’яцелы генэрал» пачынае і перамагае (відэа)
Дэбютны кліп гурту «MorkvoЦвет», які музыкі па ўласным прызнаньні зьнялі ў 2078 годзе, стаў найлепшым відэа зімы-2018 на TuzinFM.
Кліп «Звар’яцелы генэрал» набраў цягам галасаваньня ў зімовым туры відэачарту на TuzinFM 1193 галасы. Аўтары і выканаўцы гэтае песьні ды акторы ды рэжысэры ў відэа на яе Яўген Белановіч і Павал Рыжкоў з гэтае нагоды радуюцца. Кажуць, што яны сачылі за чартам ледзьве не штодня: «Нам гэта было важна, таму што відэа, мякка кажучы, ня надта фарматнае атрымалася. Цікава, як адклікаюцца тыя, хто пабачыў кліп, як галасуюць. Наогул маем вобмаль віртуальных пляцовак, дзе мы маглі б яго паказаць», — кажуць музыкі.
Самі яны аддавалі свае галасы за кліп «Ой чок-чок» гурта «Ягорава гара», зь якім уласна і змагаліся за першае месца. «Нам спадабаўся гэты кліп, ён вельмі цёплы і мае сюжэт. Дабро ў ім перамагае зло, быццам вясна адольвае зіму», — зазначаюць пераможцы.
Цяпер музыкі працуюць над новымі песьнямі, якія ўвойдуць у іх другі альбом. Сачыць за навінамі «MorkvoЦвет» можна праз афіцыйную суполку ў Facebook.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ