Топ-12 лета-2016. Вольскія пануюць (аўдыё)
Рэйтынг самых запатрабаваных песень гэтага лета ўзначаліла 18-гадовая сьпявачка Адэля Вольская. У першую пяцёрку трапілі яшчэ два яе творы, да ўсяго чатыры кампазыцыі ў топ-12 належаць аўтарству яе таты.
Усяго на канале нашага парталу ў Soundcloud у пэрыяд з 1 чэрвеня 2016 да 1 верасьня 2016 году зафіксавана 72 400 праслухоўваньняў (для параўнаньня — улетку 2014-га было 20 000, улетку 2015-га — каля 31 000). Больш за ўсё песьні з каналу «Tuzin.Streaming_Belarus» слухалі ў Беларусі (48 819). На другім месцы — Расея (4859), трэцяя — Україна (4472). Пасьля ідуць ЗША (3281), Польшча (2306) і Канада (1257).
Па выніку, сьпіс самых запатрабаваных трэкаў на канале выглядае наступным чынам.
12. Dzieciuki — Трымайся, браце! (515)
Беларускі варыянт песьні італьянскіх партызан — адзін з галоўных гітоў новага альбома гарадзенскай панк-каманды «Рэха», які быў прэзэнтаваны ў сакавіку на Tuzin.fm. У вясновым рэйтынгу яна мела 4-е месца, цікавасьць да яе захавалася і ўлетку.
11. Dzieciuki — Чорны хлеб і гарбата (517)
На 11 месцы бонусны трэк з таго ж дыску «Рэха» — польскі гіт пра камуністычныя рэпрэсіі, які зьяўвіўся ў 1974 годзе. У арыгінале трэк завецца «Czarny chleb i czarna kawa», ён атрымаў вядомасьць у выкананьні гурту Strachy na Lachy. Dzieciuki адаптавалі тэкст пад беларускія рэаліі (пераклаў песьню Аляксандар Памідораў). І цяпер яна выдатна заходзіць на выступах каманды.
10. Dzieciuki — Давыд Гарадзенскі (581)
І яшчэ адзін трэк «Дзецюкоў» утрымаўся ў топ-12. Увесну «Давыд Гарадзенскі» ачольваў рэйтынг. Наогул жа, гэта самая запатрабаваная песьня з «Рэха». На Soundcloud яе праслухалі 4047 разоў. Рэальныя лічбы праслухоўваньняў гэтага ды іншых трэкаў куды большыя, бо альбом быў прэзэнтаваны таксама на нашым сайце, «УКантакце» і на Youtube.
9. Leibonik — Я рок-музыкант (599)
Песьня гурта «Мроя», якую гурт Сяргея Башлыкевіча перасьпяваў для конкурсу «Засьпявай 3.0» дадаўшы адзін куплет ад сябе. Яе высока ацаніла журы — яна трапіла ў фінал у намінацыі «Беларускі кавэр», упадабалі слухачы, а сам гурт выступіў у адным канцэрце зь Лявонам Вольскім.
8. Кася Камоцкая — Белая лебедзь (682)
Песьня, якая ўвайшла ў топ-100 найвялікшых беларускіх твораў усіх часоў, была напісаная ў 1999 годзе. Гэта быў плён супрацы вакалісткі «Новага Неба» і саліста Kriwi Зьмітра Вайцюшкевіча, якія сышліся на запісе «Народнага альбому» і вырашылі зрабіць песьню разам па-за ўсімі праектамі і гуртамі. Вайцюшкевіч зрабіў аранжыроўку і сыграў на флейце, а Кася чульліва прасьпявала словы Анатоля Сыса. Адным зь першых песьню пачуў філёляг Вінцук Вячорка, які сказаў: «Дык у беларускай мове няма слова „лебедзь“ у жаночым родзе!», а потым зрабіў паўзу і дадаў: «А цяпер будзе!».
7. 25 АБ-БА Аркестр — Зямля (783)
Яшчэ адзін гіт гурта «Мроя», перасьпяваны на новы лад з удзелам Лявона Вольскага і беластоцкіх школьнікаў для праекту «25 АБ-БА Аркестр» (2015). Арыгінал жа быў запісаны для альбому «Дваццаць восьмая зорка», што выйшаў на вінілавай кружэлцы на фірме «Мэлёдыя» ў 1989-м.
6. ZET — Белакрылы анёл (824)
Яшчэ адна адметная песьня аўтарства Вольскага трапіла ў летні рэйтынг. «Белакрылы анёл» — галоўны гіт сэзону 2004—2005 на «Тузіне», правёўшы на вяршыні гіт-параду практычна ўвесь сэзон. Адзін з экспэртаў чарту Лукаш Сьцепанюк неўзабаве пасьля прэзэнтацыі «Анёла» назваў яе «адной з самых геніяльных песень беларускага року». На жаль, пасьля спыненьня дзейнасьці праекту ZET, Вольскі яе не выконвае.
5. Адэля Вольская — Цудоўны сьвет (1816)
Эстафэту ад Лявона пераймае ягоная дачка — 18-гадовая Адэля, якая акурат улетку дэбютавала на Tuzin.fm з сваім дэбютным ЕP. Прынялі яго на ўра. Гэтую песьню сьпявачка напісала пасьля шпацыру па горадзе. Яна кажа, што вельмі любіць гуляць на самоце і насычацца звычайнымі прыроднымі зьявамі: сонейкам, ветрам, дажджом: «Падчас такіх шпацыраў я адчуваю сябе вельмі шчасьлівай, бо разумею, што наш сьвет цудоўны».
4. Голая манашка — Танец-фрык (2115)
Песьня фіналістаў «Засьпявай 3.0», напісаная на верш Зьмітра Вішнёва «Слодыч грыбной мовы». Яна мае ўвайсьці ў альбом з працоўнай назвай «Саюз Юнацтва». Менавіта так будзе гучаць новая «Голая манашка» — гурт ужо даўно культавы і вечна малады.
3. Жадан і Собаки — Рок-музыкант (2474)
Гурт з Харкава на чале з славутым украінскім паэтам таксама натхніліся творчасьцю гурта «Мроя». Выпадак унікальны — два кавэры на адну і тую ж песьню ўвайшлі ў топ-12. У інтэрпрэтацыі Сяргея Жадана «Рок-музыкант» загучаў па-ўкраінску на ска-манер і набыў тым самым зусім іншы сэнс і настрой. Песьня зажыла сваім жыцьцём — яе дужа любяць выконваць на канцэртах музыкі.
2. Адэля Вольская — Адэлька-сардэлька (2527)
Другая песьня з дэбютнага EP сьпявачкі, названая так, бо такой мянушкай Адэлю называў тата ў дзяцінстве: «Я заўсёды злавалася, калі ён мяне так называў, бо лічыла, што ён мяне абражае. Але цяпер гэтая мянушка для мяне, як цёплы ўспамін зь дзіцячых часоў майго жыцьця».
1. Адэля Вольская — Усё атрымаецца (3904)
Загалоўная песьня з EP Адэлі стала самай запатрабаванай на нашым канале гэтым летам. Сьпявачка так распавядае пра гісторыю напісаньня твору: «Яна зьявілася падчас майго прабуджэньня ў сонечны дзень — я адчула неапісальную радасьць і зразумела, што як бы ні было складана, усё адно ўсё атрымаецца, калі чалавек насамрэч гэтага вельмі хоча. Таксама на гэтую песьню паўплывала мая любоў да людзей. Людзі мяне вельмі натхняюць: іх позіркі, жэсты, манера размовы і энэргетыка».
Tuzin.fm, загалоўнае фота Зьмітра Ягорава
КАМЕНТАВАЦЬ