Новая вэрсія Tuzin.fm
3653 / 0
27.09.2016

Новая вэрсія Tuzin.fm

З надыходам восені мы па традыцыі распачынаем новы музычны сэзон. У гісторыі «Тузіна» ён будзе 14-м па ліку. Цяпер наш сайт стаў больш зручным у карыстаньні.

Новая вэрсія сайту адаптаваная пад мабільныя прылады, зроблены невялікі рэдызайн некаторых блёкаў у бок большай нагляднасьці. Дапрацаваны разьдзел «Выканаўцы». Усе тры гіт-парады цяпер аб’яднаныя ў адзін блёк.

Мы стартуем з адмысловага «Засьпявай-туру», куды трапілі песьні фіналістаў конкурсу «Засьпявай 3.0». Кампазыцыі, якія зоймуць па выніку галасаваньня першыя тры месцы працягнуць барацьбу ў далейшым галасаваньні па даўняй схеме — кожны тур апошнія тры песьні саступаюць месца тром навічкам. Паралельна, вас чакае 9 прэм’ераў. Гэтыя песьні ўвойдуць у другі тур галасаваньня. Тыдзень прэм’ераў распачынае Юзары, які вырашыў паставіць на беларускую мову настолькі, што стаў весьці свае афіцыйныя старонкі па-беларуску. Сачыце за прэм’ерамі, будзе яшчэ шмат чаго цікавага.

Чацьверты сэзон запар з аўдыёчартам стартуюць і чарты кліпаў ды альбомаў беларускіх выканаўцаў. Сёлета ў іх ратацыя будзе адбывацца больш актыўна — два навічкі штотур будуць замяняць двух аўтсайдэраў.

Працягнем і оф-лайн праекты. Будзем рады бачыць усіх на ўзнагароджаньні і вялікім канцэрце пераможцаў трэцяга конкурсу «Засьпявай 3.0» з гэтай нагоды ў клюбе «Coyote» 22 кастрычніка. Кожны з выступоўцаў рыхтуе выдатны сэт, а скончыцца вечар канцэртам Navi.

Мы ўжо рыхтуем шорт-ліст намінантаў на нашу прэмію «Героі году», якая ўручаецца ў дзьвюх намінацыях — «Дэбют году» і «Гурт году». Сьпіс прэтэндэнтаў апублікуем у лістападзе, а дата правядзеньня прэміі ранейшая — дзень супадзеньня магічных лічбаў 12.12.

Таксама заклікаем далучацца да акаўнтаў у сацыяльных сетках.

У Facebook пераходзім з суполкі на афіцыйную старонку. Гэта дасьць ў далейшым большыя магчымасьці для нашай дзейнасьці — будуць тут і эксклюзіўныя аўдыё- і відэа прэм’еры і розныя іншыя цікавосткі. Заклікаем сачыць за абнаўленьнямі і ў нашай суполцы «УКантакце». Тут вас чакаюць ня толькі «тузіноўскія» навіны і прэм’еры, але і цікавыя аўдыёпадборкі, фотасправаздачы з канцэртаў, відэа. Атрымліваць паведамленьні зь сьвету беларускай музыкі і анонсы найбольш цікавых падзеяў можна таксама праз Twitter. Зусім нядаўна зьявілася старонка «Тузіна» ў Instagram. Выкладаем тут жыцьцёвыя здымкі з закулісься, рэдакцыйныя сэлфі з зоркамі і сёе-тое з працоўных будняў нашага невялічкага калектыву.

Запрашаем далучыцца да нашай аўдыёстрымінг-плятформы ў Soundcloud, бо пераводзім паступова сюды ўвесь свой архіў, і ўсе прэм’еры таксама адбываюцца тут. А на канале Tuzin.fm на Youtube можна знайсьці відэазапісы беларускіх выканаўцаў розных часоў — кліпы, якія ўжо сталіся клясыкаю і ўдзельнікаў усіх відэачартаў, рарытэтныя архіўныя запісы, а таксама жывыя выступы, зьнятыя на «тузіноўскіх» імпрэзах.

Вітаем (ізноў) у нашым сьвеце. Будзьце ў курсе і слухайце беларускае!

P.S. Пакідайце свае меркаваньні адносна новага выгляду Tuzin.fm у камэнтарах.

 

Каманда Tuzin.fm

Тэгi: