
Героі году-2016. Шорт-ліст у намінацыі «Адкрыцьцё» (+аўдыё)
Дзевяць выканаўцаў трапілі сёлета ў шорт-ліст намінацыі «Адкрыцьцё году» музычнай прэміі «Героі году», якую ладзіць партал Tuzin.fm.
Партал Tuzin.fm па традыцыі падсумоўвае вынікі году і вызначае найлепшых у дзьвюх намінацыях — «Адкрыцьцё году» і «Героі году».
У намінацыю «Адкрыцьцё году» трапляюць тыя выканаўцы, якія сёлета ўпершыню заявілі пра сябе ўсур’ёз (пры гэтым яны могуць ня быць дэбютантамі). У адрозьненьне ад другой намінацыі «Героі году», у яе можна намінавацца толькі адзін раз. Сьпіс намінантаў складае рэдакцыйная рада парталу Tuzin.fm. Улічваецца: творчая актуальнасьць і арыгінальнасьць, наяўнасьць студыйных запісаў і музычных відэа, актыўнасьць у сацсетках, канцэрты, удзел у конкурсах і фэстывалях, супольная праца зь іншымі гуртамі. Галоўным, але не вызначальным крытэрам, зьяўляецца таксама наяўнасьць беларускамоўных песень у рэпэртуары гурта.
Сёлета на «Адкрыцьцё» намінуюцца дзевяць гуртоў (выканаўцаў).
Ferris Wheel
Гэты гурт упершыню заявіў пра сябе летась. Ды яшчэ як — хлопцы запісалі свой дэбютны сынгл «Выбар» з духавіком «Ляпісаў» Уладам Сянкевічам, які неўзабаве стаў паўнавартасным удзельнікам каманды. Сёлета яны прэзэнтавалі свой дэбютны альбом, які зводзілі ажно ў Інданэзіі. Сярод пярлінаў іх праграмы — ска-кор «Маладыя гады», напісаны на верш Максіма Багдановіча. Выхад рэлізу музыкі падмацавалі канцэртамі ў Менску і Маскве. Наперадзе — выступы ў Калінінградзе і Смаленску, а на 2017 год яны ўжо маюць запрашэньні на шэраг канцэртаў у Беларусі, Расеі і Фінляндыі, а таксама на ўкраінскі фэст «Рок-булава».
Intelligency
Упершыню мы пра гэты праект напісалі ў 2014-м, калі Ўсевалад Доўбня й Юры Тарасевіч намацалі свой стыль, які назвалі «тэхна-блюзам». Праз год музыкі выдалі свой першы беларускамоўны сынгл «Восень» і былі названыя «надзеяй году». І ўжо ў самым канцы 2015-га цалкам апраўдалі ўсе авансы, калі выдалі першы студыйны альбом «DoLoven» на ангельскай мове з масай гітоў. Посьпех падмацавалі сёлета яшчэ адным рэлізам — беларускамоўным міні-альбомам «Мова». І, канечне, жывымі выступамі пашыраным складам (а часам з удзелам струннага квартэту) якіх у гурта было багата — як у цэнтры Менску на фэсьце вулічнай музыкі і на сольных канцэртах у Беларусі, так і за мяжой: яны прайшлі адбор «Басовішча», трапілі ў лайн-ап Halfway Festival у Польшчы, «Джаз Коктебель» і «Файне місто» ва Ўкраіне.
The Superbullz (раней The Superboyz)
Ска/фанк-праект, які сёлета заснавалі ўдзельнікі топавых беларускіх гуртоў — «Крамбамбуля», «J:Морс» і Trubetskoy. Салістам стаў басіст Алесь-Францішак Мышкевіч. Стаўка зробленая на відэаролікі, якіх за год было зроблена ажно шэсьць. Заявілі пра сябе музыкі анімацыйным ролікам пра беларусаў будучыні, а на Купальле прэзэнтаваў кліп на безумоўны гіт — песьню «Маці». Замацавалі посьпех яшчэ адным кліпам на яшчэ адну беларускую тэму «Back 2 Da Old School», зь якой яны зьбіраюцца прабівацца на конкурс «Эўравізія». На 7 лістапада музыкі прэзэнтавалі антыкамуністычны сынгл «Чарка-шкварка». Акром таго, музыкі актыўна выступалі ўжывую, іх можна было пачуць як на разагрэве «Иванушек International» (!), так і рок-фэсьце «Мост». Увосень зьмянілі назву з The Superboyz на The Superbullz, бо высьветлілася, што свае «супэрбойзы» ўжо ёсьць у Расеі.
BarRokka
Ляўрэтка першага конкурсу «Засьпявай» (2014) Лізавета Леўчык некалькі гадоў пісала песьні «ў стол», а сёлета знайшла аднадумцаў, каб рэалізаваць свае музычныя мары. Безь ніякіх гітараў. Гурт BarRokka выкарыстоўвае ў сваёй музыцы фартэпіяна, кантрабас, акардэон і бубны. Музыкі заявілі пра сябе самотнікам «Мяжа» і кліпам на гэтую песьню, далі ўжо некалькі сольных канцэртаў, зьняліся на БТ, прайшлі адбор на «Бардаўскую восень» і неўзабаве маюць прэзэнтаваць міні-альбом.
Tony Fadd
Бубнач IQ48 Антон Мацулевіч, які мае свой «хатні» праект Tony Fadd, на зьдзіўленьне, мабыць, сабе самому, сваім калегам па гурце ды наогул усяму сьвету, зьдзейсьніў прарыў глябальнага маштабу. Сёлета ён стаў першым беларусам у гісторыі, які быў намінаваны на «Грэмі». Сынгл на яго музыку «Trap Queen» у выкананьні амэрыканскага рэпэра Fetty Wap дасягнуў 2-й пазыцыі ў Billboard, стаў плятынавым у Амэрыцы, Новай Зэляндыі і Даніі, залатым у Аўстраліі і Вялікабрытаніі. Колькасьць яго праглядаў на Youtube перасягнула ўжо 500 мільёнаў (!). Трэк зацанілі Jay-Z і Біёнсэй ды перасьпявалі Эд Шыран і Тэйлар Сўіфт. На галоўнай гіп-гоп прэміі ў ЗША BET Hip Hop Awards гэтая праца прызнаная песьняй году, а сам Антон названы прадусарам году (прадусар у іх разуменьні — аўтар музыкі). Антон працягвае працу, ён таксама спрадусаваў два трэкі зоркам эма-панку Fall Out Boy. Ды не забыўся на сваіх — запісаў біты для сынглу B:N: «Хвалі» ды ўласна бубны для новага альбому IQ48 «Трымай свой час», зь якім мае намер граць і надалей.
Snop Snou
Гурт, названы ў гонар аднаго з альбомаў Леаніда Фёдарава з расейскага «АукцЫону», працуе ў рэдкім для беларускай сцэны жанры на сутыку індзі-року і электроннай музыкі. Песьні стварае толькі па-беларуску, бо ня хоча быць «яшчэ адным ангельскамоўным гуртом на беларускай індзі-сцэне». Хлопцы заявілі пра сябе сёлета — самотнікам «Літасьць», цудоўным кавэрам для конкурсу «Засьпявай» на песьню «Я, да жалю, ня пан», які адзначыў Лявон Вольскі, далі некалькі сольных канцэртаў. Пры канцы ліпеня яны прэзэнтавалі свой першы поўнафарматны альбом «Танцпляц». Задума яго такая — перад прыходам апакаліпсісу людзі сабраліся ў адным месцы, каб патанчыць у апошні раз.
Рэй
Поп-выканаўца зь дзьвюма вышэйшымі адукацыямі, кінуў працу ў банку ды цалкам прысьвяціў сябе музыцы. Ён зьвярнуў на сябе ўвагу парачкаю танцавальных песенак, падпісаў кантракт з расейскім лэйблам «Союз» ды пераехаў у Маскву. Яго песьні трапілі ў шчыльную ратацыю больш як на 100 радыёстанцыях, артыст цэлы час знаходзіцца ў няспынным туры па Расеі. Але ў адрозьненьне ад большасьці тутэйшых выканаўцаў, якія робяць кар’еру на Ўсходзе, не забыўся на свае карані, а наадварот — вырашыў іх падкрэсьліць. На адным з тэлеэтэраў ён апрануў майку з нацыянальным арнамэнтам. Летась запісаў беларускамоўны сынгл, на які быў зьняты кліп, які пратачыўся ў расейскі тэлеэтэр. Наўздагон Рэй падрыхтаваў сваю вэрсію «Калыханкі» Зьмітра Яўтуховіча і прэзэнтаваў лірык-відэа на яе. Артыст кажа, што мае намер і надалей знаёміць сваю публіку зь беларускай культурай.
Sakramant
Па-шчырасьці, слаба верылася ў тое, што тая частка гурта Litvintroll, якая заснавала пасьля распаду іншы фольк-мэтал праект Sakramant, здолее прапанаваць нешта ўцямнае з аднаго боку і пазбавіцца «тролеўскага» ценю з другога. Пагатоў, што іншая частка разам з франтмэнам Андрэем Апановічам зацьвердзіла сябе пераемнікамі «троляў», што і адлюстравала ў сваёй новай назьве, камэнтарах ды афішах з пазнакаю «Trollwald. Ex-Litvintroll». Ня будзем тут займаць нечы бок, але старт праекту Верабейчыкава-Стаціўкі ўзяў куды больш шматабяцальны старт, чым праект Апановіча і кампаніі: магутны дэбютны сынгл «Русалка» з гасьцявым вакалам Лэсьлі Найфа з Gods Tower, густоўная візуальная падача ды мэрч, міні-альбом «Чортаў скарб», у якім быў прэзэнтаваны новы вакаліст Браніслаў Рамановіч ёсьць доказам гэтаму. Сваю дзеяздольнасьць музыкі пацьвердзілі шэрагам жывых выступаў на фэстах у Беларусі і Расеі, былі адзначаны вугорскім мэтал-зінам ды атрымалі добрыя прапановы на канцэрты налета.
Ільля Фаляжынскі
Малады сонграйтэр зь Менску зрабіў сваю прыродную няўпэўненасьць прыкметаю стылю. Разгледзіць арыгінальнасьць ягоных сьпеваў і непаўторнасьць выканальніцкай манеры паслухаўшы толькі адну песьню немагчыма — мусіць таму Ільля ня меў посьпеху ані на фэсьце «Бардаўская восень», ані на конкурсе «Засьпявай 3.0». Напоўніцу ён выказаўся ў сваім дэбютным альбоме «Схавацца ў туман», у якім ці ня першы дакладна сфармуляваў ідэю пакаленьня 20-гадовых беларусаў: схавацца ў туман і выйсьці ўжо ў іншы час, у іншай краіне, дзе ўсё выглядае ня так напружна.
Сьпіс намінантаў складзены рэдакцыйнаю радаю парталу Tuzin.fm у складзе: Сяргей Будкін, Хрысьціна Дарапей, Натальля Стрыжак, Яўген Шапчыц, Вецер Мэханічны, RWD, Алег Хаменка, Віктар Сямашка, Мікалай Тамашэвіч.
«Адкрыцьцё году» па вэрсіі Tuzin.fm называецца з 2007 году. У 2007-м «Адкрыцьцём году» быў названы рок-праект Пятра Ялфімава — PitBull, пасьля — Tlusta Lusta (2008), The Toobes (2009), Akute (2010), Паліна Рэспубліка (2011), «Людзі на балоце» (2012), Hurma (2013), Leibonik (2014), Pauline (2015).
Сёлетні пераможца будзе названы на канцэрце «Героі году», які адбудзецца 12 сьнежня ў клюбе «Грай».
НАБЫЦЬ КВІТОК
ДАЛУЧЫЦЦА ДА ПАДЗЕІ ЎКАНТАКЦЕ/FACEBOOK
12.12.2016. 19:00. Кафэ-клюб «Грай» (вул. Інтэрнацыянальная, 33). Прэмія «Героі году — 2016». Уваход — 8 руб. (першыя 20), 12 руб. (папярэдне), 15 руб. (у дзень). Даведкі па тэл. +375 29 687-20-93.
Tuzin.fm
Рабіце свае прагнозы! Каго лічыце найлепшым адкрыцьцём у беларускай музыцы за 2016?
Intelligency ці Tony Fadd :)
Рэй малайца!!
КАМЕНТАВАЦЬ