Лепей чым у Парыжы. Ідэолягі ўзяліся за вулічных музыкаў
Музыка Лявон Вольскі і арганізатар вулічных фэстаў Антон Сіманкоў камэнтуюць ініцыятыву менскіх ідэолягаў, якія зьбіраюцца выдаваць дазволы на выступ вулічных музыкаў.
У менскіх ідэолягаў — новы крэатыў. Яны вырашылі ўзяць пад кантроль вулічных музыкаў — вылучыць ім афіцыйныя пляцоўкі ў падземных пераходах гораду і выдаваць адмысловыя дазволы на выступ па праслухоўваньні рэпэртуару. Ідэоляг Віталіна Рудзікава прапануе такую схему: ахвочыя законна граць пад зямлёю могуць падаць заяву праз сайт ці суполку, пасьля чаго іх (усіх ці частку — не паведамляецца) запросяць узяць удзел у фэсьце «Гукі вуліц» 13 траўня, дзе зь іх творчасьцю пазнаёміцца журы (хто ў яго ўваходзіць не паведамляецца), якое ўласна і выдасьць ідэалягічна слушным артыстам і калектывам той самы дазвол, які гарантуе права граць у 12 месцах гораду цягам года. Ім абяцаецца зрабіць прома за дзяржаўны кошт: афішы, анонсы, банэры будзе рыхтаваць арганізацыя «Менскканцэрт».
Віталіна Рудзікава выступае на вуліцы. Фота nlb.by
Віталіна Рудзікава кажа, што перад запускам праекту па кантролі за вулічнымі музыкамі, ідэолягі вывучылі досьвед вулічных фэстаў у Парыжы, Таронта, Маскве і Санкт-Пецярбургу. «На вуліцах замежных гарадоў нам здаецца, што сьвяточная атмасфэра ўзьнікае сама па сабе, але гэта ня так, бо кожны музыка мае адмысловы дазвол, за які часам даводзіцца плаціць. У Барсэлёне, напрыклад, дазвол выдаецца на год, а ў Нью-Ёрку ці Лёндане адбываецца сур’ёзны адбор. Няхай жа і наш горад упрыгожыць новы музычны праект», — кажа чыноўніца.
Tuzin.fm папрасіў пракамэнтаваць гэтую ініцыятыву Антона Сіманкова, арганізатара вулічнага фэсту «Месца пад сонцам» і аднаго з арганізатараў леташняга вулічнага фэсту «Пешеходка»…
Антон Сіманкоў. Фота minsknews.by
«Паставіўся да гэтай навіны нэўтральна. Як чалавек, які змагаўся за вулічную музыку ў сталіцы, без сумневу я рады. Рады і таму, што чыноўнікі зьвярнулі ўвагу на Парыж, Лёндан і Нью-Ёрк. І мы можам ганарыцца, што ў нас зьявілася такая ж пляцоўка, як Храшчацік у Кіеве ці Арбат у Маскве. І сапраўды ў некаторых гарадах музыкі атрымліваюць адмысловы дазвол на выступ, а ў некаторых вулічныя музыкі — мясцовая цікавостка, яны могуць дастаць гітару ды граць дзе заўгодна безь легалізацыі сваёй творчасьці. Асабіста я люблю вулічную музыку за спантаннасьць і шчырасьць. Баюся, што ня ўсе таленавітыя музыкі змогуць атрымаць афіцыйны дазвол. І вельмі баюся, што рабятаў пачнуць жорстка караць за тое, што яны граюць у мэтро без дазволаў. А навошта граюць у пераходах і на вуліцах? Каб падзяліцца ўнутранай гармоніяй з усімі і крыху на гэтым зарабіць. Або калі дужа патрэбныя грошы, а ты ня ведаеш дзе іх узяць… Мне шчыра шкада таго работніка, які будзе адслухоўваць усю музыку. Гэта вымагае вялікіх духоўных высілкаў. Да ўсяго ў кожнага свой густ, таму я і сышоў зь „Пешаходкі“, бо ўнутры засталася пустэча і я не адчуваў, што змагу дарыць людзям сьвята».
…І Лявона Вольскага, які мае досьвед падобных выступаў.
Лявон Вольскі дае канцэрт у пераходзе. Відэа nn.by
«Нарэшце музыкам дазволілі граць у пераходах мэтро, у пераходзе ля ГУМа, дзе я даваў свой юбілейны канцэрт. Але дзіўны факт, што з творчасьцю гэтых музыкаў мусіць спачатку азнаёміцца нейкая камісія, паглядзець рэпэртуар. Я так разумею, што нават калі ў асноўным яны граюць кавэры — трэба праслухаць як і што. Мусіць потым цягам году, як дзейнічае гэты дазвол, у пераходзе будзе знаходзіцца прадстаўнік камісіі, каб адсочваць рэпэртуар і казаць: маўляў, cтоп, гэта ўжо нельга, у мяне ёсьць сьпіс, 52 песьні, гэтай тут няма!»
Камэнтар рэдакцыі:
Вось Лявон жартуе наконт «пастаяннага прадстаўніка камісіі», а ў нашай практыцы быў дакладна такі эпізод: на адным з канцэртаў у межах «Октобэрфэсту» ў Камарове прыйшлі прадстаўнікі Менаблвыканкаму. Са стосам папераў. І з камэраю. Пад руку трапіўся Аляксандар Памідораў. Па паперках не супалі ані тэксты, ані назвы, ані словы, ані колькасьць песень з чаго кантралёры былі вельмі злыя. Ледзьве атрымалася іх залагодзіць гарбатаю і запэўненьнем, што больш такога ніколі не паўтарыцца і артысты будуць трымацца дакладна тых тэкстаў, якія былі пададзеныя на ўзгадненьне.
На што былі ўведзеныя гастрольныя пасьведчаньні? Ясна, каб цалкам кантраляваць канцэртную дзейнасьць. А ў выпадку з выступамі гасьцей зь іншых краінаў яшчэ і папаўняць дзяржаўны бюджэт за кошт дзіўнага пабору, які мусіць сплаціць арганізатар. А таксама, каб выкарыстоўваць дзяржаўны рэсурс дзеля пакараньня, шкоды і помсты ідэалягічна ненадзейным артыстам.
На што цяпер уводзіцца практыка дазволаў вулічным музыкам. Канечне, дзеля таго, каб наблізіць Менск да Барсэлёны. І праматаваць творчасьць вулічных музыкаў за дзяржаўны кошт. Канечне, мы ў гэта верым.
Сяргей Будкін, Tuzin.fm, загалоўнае фота nn.by
КАМЕНТАВАЦЬ