Ігар Варашкевіч: «Калі грошы нас не знаходзяць, то ня буду шукаць»
У камэнтары з нагоды перамогі ў відэачарце роліку на песьню «Белая вада» лідэр «Крамы» прызнаўся, што хоча зьняць кліп на новую кампазыцыю — «Стэфка праз 30 год».
310 галасоў назьбірала ў 7-м туры праца рэжысэркі Стэфаніі Ціхінскай — кліп на загалоўную песьню з найноўшага альбому гурту «Крама». Відэа «Белая вада» бярэ ўдзел у чарце з 1-га туру і заўжды было сярод лідэраў, але ўпершыню ўзьнялася на першую прыступку. Самога Ігара Варашкевіча перамога парадавала, але пры гэтым зьдзівіла — музыка ня думаў, што наведнікі TuzinFM так высока ацэняць гэтую працу. Сам лідэр «Крамы» ня можа назваць ролік дасканалым. «Памылка ў тым, што быў узяты канцэртны трэк, а ён так сабе. Праз абмежаваны бюджэт, магчыма, не да канца раскрываецца і настрой песьні. Тое самае ў нас было і з папярэднім відэа на „Дзяўчынку“».
Сам лідэр «Крамы» любіць глядзець якасныя музычныя кліпы, асабліва яму падабаюцца ролікі Red Hot Chili Peppers. Музыка прызнаецца, што раней на кожную новую песьню меў у галаве нейкую iдэю для ўвасабленьня ў відэа. «Але паколькі гэтыя iдэi нiколi не было магчымасьцi рэалізаваць, дык і я перастаў фантазіяваць. Не хачу хадзiць з працягнутай рукой. Ня думаю, што, напрыклад, Вольскi ходзiць i просiць грошы, яны самi яго знаходзяць (сьмяецца). А калi нас не знаходзяць, то i ня буду шукаць». Тым ня менш, новая песьня «Крамы» — трэцяя частка музычнага сэрыялу пра Стэфку — зноў абудзіла ягоную фантазію. Варашкевіч мае ідэю для відэароліку і хацеў бы яе ўвасобіць. Толькі — зноў жа — няма на тое сродкаў.
Прэм’ера «Стэфкі праз 30 гадоў» у праграме Belsat Music Live
Пачуць Ігара Варашкевіча ўжывую можна ў найбліжэйшы час 29 траўня ў Рэчыцы і 31 траўня ў ягоных родных Баранавічах у межах курсаў «Мова нанова», а 8 чэрвеня «Крама» грае ў «Графіці» з нагоды дня народзінаў клюбу.
TuzinFM, фота Budzma.by
Каретка в кадр попала с оператором)
Гэта ўваходзіць у канцэпцыю праграмы - гледачы могуць бачыць сам працэс здымак.
КАМЕНТАВАЦЬ