Прэм’еры лета-2017. Частка першая (аўдыё)
Блюз на Караткевіча ад Маркуца ды Алісы, працяг рэльефнай тэматыкі ў TonqiXod і пітной ад Сухарава, якасны поп ад Aura… 12 прэм’ераў пачатку лета ў сэзонным аглядзе TuzinFM.
Сьпявачка Аліса Селязьнёва (Alise) і MarkutsBand аб’ядналі свае высілкі, каб запісаць сумесны самотнік. Дагэтуль яны адзначыліся арыгінальнай трактоўкай «Купалінкі», а цяпер арыгінальным чынам інтэрпрэтавалі верш Уладзімера Караткевіча «Мёртвае рэчышча» і зрабілі зь яго душаразьдзіральны блюз. «Мы хацелі найбольш дакладна перадаць сэнс вершу, таму намалявалі эмацыйную карціну з дапамогаю глыбокай гітары, прыглушанага акардыёну ды пранізьлівага вакалу», — сказаў з нагоды прэм’еры на TuzinFM Андрэй Маркуц.
Новы беларускамоўны трэк напісаў Аляксандар Сухараў. Сьпявак кажа, што «Цікава» ёсьць працягам гісторыі «Барысты», самотніка, які быў прэзэнтаваны на TuzinFM пры канцы мінулага году. «Гэта песьня добрага настрою і пазытыўных эмоцыяў. Яна прысьвячаецца ўсім тым, хто так і не абраў, што ўсё ж лепш гарбата ці кава», — з усьмешкаю прэзэнтуе свой твор выканаўца.
Наогул жа, рэдкая зьява — добрая поп-музыка на беларускай мове. Беларускамоўны самотнік «Што казаць» прэзэнтаваў праект Aura, якім займаюцца кампазытар Яўген Алейнік і сьпявачка Юлія Быкава. «Мне даспадобы, што ўсё больш поп-музыкі зьяўляецца на беларускай мове. Мы імкнуліся зрабіць модны трэк па-беларуску і радыя, што ён трапіў у ратацыю на беларускія радыёстанцыі», — зазначыў у камэнтары для TuzinFM Яўген. А Юля зьвяртае ўвагу на сэнс песьні: часьцяком у жыцьці здараюцца рэчы, якія цяжка дараваць, і ў такія моманты ўратоўвае музыка. У падтрымку сынглу Aura зьняла кліп.
Гурт Zanzibar выдаў самотнік «Бяжы», які апынуўся самым першым іх трэкам. Ён быў запісаны ўвосень 2016 году, але было вырашана яго прытрымаць да гэтага часу — акурат да таго моманту, «калі кароткая вясна ў краіне сканчаецца і патрэбныя сілы, каб працягваць свой шлях надалей» (Інтэрвію гурту парталу TuzinFM)
Нагадаў пра сябе гурт «Спрат», ад якога не было нічога чуваць з моманту прэзэнтацыі двайнога сынглу «Тут заставацца». Музыкі запісалі новую песьню «Кропка». «Кропка патрэбна, каб было ад чаго адштурхнуцца: cпынiць адносiны, у якiх не засталося месца шчырасьцi, набраць хуткасьць, пераляцець акiян… Хiба варта спадзявацца, што кропкi над „i“ ўдала расставяцца самi сабою?» — гэтак тлумачаць сэнс сваёй песьні музыкі.
Гурт «MorkvoЦвет», які ў гэтым сэзоне адзначыўся прыгожай песьняй пра дождж, прэзэнтаваў на TuzinFM сынгл «Паведамляйце», які анансуе іх будучы першы поўнафарматны рэліз. Каб зразумець ідэю гэтай песьні музыкі прапануюць адштурхнуцца ад сказу: «Паважаныя пасажыры, калі ласка, паведамляйце пра пакінутае без нагляду…».
Гурт TonqiXod парадалі на пачатку лета выхадам свайго другога альбому «Колер якога няма», якому папярэднічаў сынгл «Песьня пра балота» — безумоўна самы моцны нумар з кружэлкі. Музыкі называюць гэты трэк «самым папсовым» на дыску і ня раяць паводле яго складаць сваё ўражаньне пра ўсю працу. Але пры гэтым «Песьня пра балота» кладзецца ў шэраг «рэльефацэнтрычных» сьпеваў (згадайма «Насыпаць горы» і «Камняпад»). Таксама яе прапануецца выкарыстоўваць, як «слоўнікавую запаміналку» празь вялікую колькасьць скарыстаных у ёй адметных беларускіх словаў.
Міні-альбом «Špijony» з чатырох новых песень прэзэнтаваў менскі індзі-рок гурт SnopSnoŭ — намінант на «Адкрыцьцё году» на прэміі TuzinFM «Героі году — 2016». Загалоўны нумар праграмы музыкі лічаць адным з самых удалых у сваёй творчасьці — музыка напісаная пад натхненьнем ад гурту Junip, а сэмпл бубнаў скарысталі зь песьні гурту Minutemen, а на тэкст аўтара і вакаліста Сяргея Іванова натхнілі відэагульні пра Макса Пэйна ды сэрыял «Клан Сапрана». Хацелася зрабіць якраз кінэматаграфічны тэкст з цэльнай ды дынамічнай гісторыяй.
Улетку свой міні-альбом «Сёньня ўжо было ўчора» з трох новых песень паказаў Уладзімер Дрындрожык. Увесну ён прэзэнтаваў на TuzinFM польска-ўкраінскі сынгл. Гэтым разам усе творы выкананыя па-беларуску. Найбольш на сябе зьвяртае ўвагу трэк «Выкліканьне» — акустычны псыхадэл зь яўнымі паганскімі ўплывамі. Сам выканаўца кажа, што ягоныя тэксты падводзяць да мяжы абсурду, але не пераступаюць яе. Трэкі запісаныя разам з басістам Сяргеем Куцецкім і Тацянай Яжовай (джамбе).
«Бадай, што самы псыхадэлічны наш трэк», — гэтак прэзэнтуе сваю новую песьню «Апошні тралейбус» Вольга Акуліч з гурту «Верасень». Твор увайшоў у максы-сынгл «Анёл-2017» разам з аднайменнай кампазыцыяй, якая была выкладзена ўвесну, а таксама з кампазыцыяй «Мора», якая раней існавала ў акустычнай вэрсіі з гітарыстам Андрэям Вайцахоўскім. «Я не люблю песьні пра няшчаснае каханьне, і мая лірычная гераіня ў гэтай песьні быццам бы гаворыць: калі ў свой час ты пакінуў дзяўчыну, то ня варта рабіць спробаў вярнуцца», — кажа Вольга.
Новы сынгл «А ты ехаў» прэзэнтаваў гурт By Cry. У песьні музыкі скарысталі народны тэкст, які падаўся вельмі блізкім вакалістцы гурту Аляксандры Грахоўскай. «Вобраз гераіні даволі сьмешны, карыкатурны. Яна, поўная абурэньня, сьмела галосіць свой гард-кор, часам чульліва гучыць ейная крыўдлівасьць, але ж, нягледзячы ні на што, прарываецца і весялосьць», — кажа сьпявачка. На гэтую песьню гурт цяпер здымае свой новы кліп.
Cваю першую песьню на беларускай мове запісаў ангельскамоўны гурт зь Менску Used Friendly. Каманда паўстала летась, стыль свой характаразуе, як southern rock, любіць граць музыку ад блюзу да гардкору і наўмысна не спыняюцца на нечым канкрэтным. Гурт быў фіналістам конкурсу «X-Star-2016», перамог у чатырох намінацыях на фэсьце «Такія пернікі». «Стварэньне песьні на роднай мове дазволіла нам максымальна прасякнуцца музыкаю і зрабіць яе як ніколі пачуцьцёвай ды вельмі асабістай. Гэтая песьня стала блізкай для кожнага з нас», — зазначыла ў камэнтары для TuzinFM бубначка каманды Юлія Чыкілёва.
Паслухаць прэм’еры песень беларускіх выканаўцаў можна ў аўтарскай праграме кіраўніка TuzinFM Сяргея Будкіна «Музыка тыдня» на «Беларускім Радыё Рацыя» (98,1 FM у Беластоку і Горадні, 99,2 FM у Берасьці, он-лайн — www.racyja.com) штотыдня ў аўторак у 20:05 з паўторам у нядзелю ў 11:05 (па беларускім часе).
Увага музыкам! Калі пра вашую прэм’еру не згадалі ў нашых аглядах, магчыма вы забыліся паведаміць пра яе існаваньне нам на мэйл 12tuzin@gmail.com. Дасылайце свае трэкі, інфармацыю пра трэк/кліп/рэліз ды фота. Перавагу аддаём песьням на беларускай мове. Пра новыя цікавыя беларускія трэкі таксама можна паведамляць у камэнтарах да гэтага матэрыялу.
Яшчэ: ПЕСЬНІ ВЯСНЫ-2017. АГЛЯД ПРЭМ’ЕРАЎ. ЧАСТКА ПЕРШАЯ (АЎДЫЁ/ВІДЭА)
ПРЭМ’ЕРЫ ВЯСНЫ-2017. ЧАСТКА ДРУГАЯ (АЎДЫЁ/ВІДЭА)
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ