Вольга Акуліч і Алеся Рамук скарылі прэстыжны польскі фэст «OPPA» (аўдыё)
За 35 гадоў існаваньня польскага фэсту на ім толькі двойчы перамагалі не жыхары Польшчы. У 2006 годзе галоўны прыз узяла Тацяна Беланогая, а сёлета найлепшым прызнаны дуэт Вольга Акуліч — Алеся Рамук.
Вольга ня першы раз удзельнічае ў паважаным сярод сонграйтэраў фэстывалі «OPPA». У 2012 годзе яна трапіла ў фінал, а ў 2015-м увайшла ў лік ляўрэатаў. Сёлета менавіта яе вылучылі сярод 20 фіналістаў. Сьпявачка атрымала Гран-Пры. Гэта другі выпадак за 35-гадовую гісторыю фэсту, калі галоўны прыз зьяжджае з Польшчы. У 2006 годзе яго атрымала Тацяна Беланогая. Усе астатнія разы перамагалі польскія аўтары, або жыхары гэтае краіны, як напрыклад, летась, калі найлепшым быў прызнаны Анатоль Гвазьдзецкі, украінец, які жыве ў Польшчы. Сёлета ў фэсьце ўдзельнічалі таксама выканаўцы з Эстоніі, Латвіі, зь Беларусі была яшчэ адна сьпявачка — Кацярына Варкалава, якая летась увайшла ў пяцёрку найлепшых.
Вольга Акуліч і Алеся Рамук на сцэне «OPPA-2017»
Вольга выступала з Алесяй Рамук, маладой скрыпачкай, выпускніцай Лідзкага музычнага каледжу. «Мы ня надта разьлічвалі, што трапім у пяцёрку найлепшых, таму ня надта сьпяшаліся на абвяшчэньне вынікаў. І тут тэлефанаваньне ад арганізатараў: маўляў, вы дзе ходзіце, вам выступаць сярод найлепшых. Ну а Гран-Пры дык наогул поўнае нечаканасьць!» — сказала пасьля перамогі ў камэнтары для TuzinFM Вольга. Яна выступала пераважна зь беларускамоўным рэпэртуарам, засьпявала свае песьні «Танцуй, ашалелая котка», «Моўчкі засынай», «Муза блюзмэна». У якасьці ўзнагароды пераможца атрымлівае фінансаваньне запісу альбому памерам да 5000 злотых.
Запіс песьні «Танцуй, ашалелая котка» Вольгі Акуліч з фэсту «OPPA-2017»
Вольга Акуліч станавілася таксама пераможцай фэстывалю беларускай аўтарскай песьні «Бардаўская восень» у 1997 годзе. А сёлета на гэтым фэсьце перамог гурт «Чачэрская лютня» зь песьнямі Вольгі Акуліч.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ