Каця IOWA: "Мы можам ганарыцца сабой, мы ведаем, чаго хочам"
Беларуская спявачка Каця Іванчыкава з гурта IOWA выказалася пра падзеі ў Беларусі, пра гонар і самапавагу.
Пра падзеі ў Беларусі
Мяне ўразіла гісторыя пра хлопчыка-мастака, які вучыў дзяцей маляваць, і яго забілі да смерці папросту на вуліцы. Гэта страшна, калі «ні за што». Ты можаш ісці па сваёй вуліцы, сваім двары, і табе могуць проста разбіць галаву людзі ў масках.
Мой сябра распавёў, як выйшаў на вуліцу, і яго забралі з мірнага пратэсту і трымалі тры гадзіны ў РУУС. Там яму можна было тэлефанаваць сваякам, і быццам бы ўсё нармальна. Казалі, маўляў, зараз вы проста заплаціце штраф. Праз тры гадзіны рэзка забралі асабістыя рэчы і на 15 сутак павезлі ў Акрэсціна. Сябру пашанцавала – яго не білі. Але ён пабачыў розных людзей. Пазнаёміўся са многімі. Што здзівіла – калі чалавеку прыносяць перадачку, то яе дзеляць на ўсіх. Ён сыходзіў адтуль і ведаў усіх па імёнах, ведаў, хто чым займаецца. Нягледзячы ні на што, людзі застаюцца людзьмі.
Наагул, калі чуеш усе гэтыя гісторыі, не разумееш – як гэта можа адбывацца? Але гэта ўжо рэальныя гісторыі тваіх знаёмых.
Пра тое, што адбываецца
Вядома, я перажываю, калі праходзяць маршы, дзесьці адчуваю сваю бездапаможнасць. Уражваюць жанчыны, калі яны выходзяць, бяруць на сябе ўсё гэта, з'яўляюцца «шчытом» перад гэтым страшным, незразумелым, дзікім. Калі пажылыя жанчыны ідуць з плакатамі: «Сынок, не бі мяне» – гэта немагчыма забыць.
У мяне ёсць сяброўка, спявачка, і ў першыя дні, калі ўсё пачалося, калі не было інтэрнэту, і ніхто не мог звязацца адно з адным, ёй падалося, што пачалася вайна. Яна так спужалася, што ў яе прапаў голас. Яна не магла нават нармальна гаварыць. Быццам чалавек набраў паветра ад страху, і таму кожнае слова на ўдыху.
Пра гонар
Мы можам ганарыцца сабой, тым, што мы ведаем, чаго хочам. Мы паважаем сябе, сваё меркаванне. Ведаем, што мы і ёсць дзяржава – людзі, якія жывуць, працуюць на заводах, пякуць хлеб, робяць цэглу для дамоў, ствараюць музыку і развіваюць мастацтва, абʼядноўваюць духам, пішуць кнігі. Гэтыя людзі мусяць сабой ганарыцца, таму што нават у турмах, у моманты нягоды – яны застаюцца сапраўднымі людзьмі.
Пра адлюстраванне рэчаіснасці
Я ўпэўненая, што будзе ўсплёск творчасці, будзе ўсплёск вольнага меркавання, пошуку правільных рашэнняў.
Вас вучылі змагацца з ворагам на карысць беларускага народа. Вельмі важна задаваць сабе пытанні, бо мы нясем адказнасць за адказы. Хто ён, той, ад каго трэба абараняць дзяржаву? Народ і ёсць аснова дзяржавы - дзякуючы іх працам, новым распрацоўкам і падтрыманню ўжо наладжанай працы - дзяржава ўзбагачаецца і захоўвае баланс, правільную «тэмпературу» ў грамадстве.
Людзі не хочуць ваяваць, яны хочуць свабодна жыць і бесперашкодна працаваць, хочуць гадаваць дзяцей і збірацца з сябрамі па выходных. Правільна кажуць: для шчасця не шмат трэба. Хочацца жыць і ведаць, што твае дзеці ў бяспецы, што твой любімы вернецца з працы дадому, што на стале будзе смачная вячэра… Усё гэта выглядае як дзіўная злая гульня «уцякай-дагані»… І такое адчуванне, што ніхто да канца не ведае правілаў і ўсё залежыць ад асобы і рашэння нападніка.
І калі мы будзем думаць сённяшнім днём, мы наламаем яшчэ больш дроў - прычыняючы калецтвы, зневажаючы і зважаючы на чалавечае. Усё сканчаецца - і дрэннае, і добрае! Сумленне заўсёды будзе з намі, яно да канца жыцця будзе нагадваць пра зробленае.
TuzinFM.by
КАМЕНТАВАЦЬ