Сяргей Будкін. Мой Кульлінковіч (аўдыё/фота/відэа)
5807 / 0
09.08.2018

Сяргей Будкін. Мой Кульлінковіч (аўдыё/фота/відэа)

4 ліпеня 1997 году. Парк Купалы ля дзяржаўнага цырку. Сцэна стаіць акурат ля помніку Купалу. Тут я ўпершыню пачуў ужывую Neuro Dubel і пабачыў Кульлінковіча на ўласныя вочы.

Да гэтага выступу, памятаю, быў сюжэт у маёй любімай на той час «Праграме А» пра гурт зь Менску, які зрабіў панкаўскі кавэр на «песьняроўскі» шлягер «Вологда». Ужо тады проста праз тэлевізар ад Кульлінковіча ішла неверагодная энэргія. Ніколі яшчэ ня бачыў, каб вакаліст паводзіў сябе такім чынам катаўся па падлозе, нібы ў сутаргах, вішчаў, рычэў, скуголіў. Бачыў потым на відэа прыблізна гэтых жа часоў на канцэрце ў нейкім абласным ДК на сцэне быў пасьцелены такі махровы чырвоны дыван, дык Саша пад яго занырнуў падчас выкананьня «Пятровай» ды поўзаў там вусенем.

Празь некалькі гадоў мы пазнаёміліся прыватна. І ён апынуўся зусім не такім, як на сцэне. Спакойным, разважлівым, задуменным. І вельмі ранімым. «Так, я па-беларуску не размаўляю і не пяю, але я дупу парву за Беларусь», — казаў ён тады. І ўсё ж засьпяваў па-беларуску, а часам у нашых размовах спрабаваў перайсьці на беларускую. Нешта прарвалося ў яго, у тым ліку, можа быць, з-за крыўды што не прымае яго беларускамоўная туса, што не паклікалі ў «Я нарадзіўся тут» (адсюль і сымэтрычны адказ у выглядзе «Я памру тут»). І, канечне ж, паўплываў Караткевіч, які перавярнуў ягоны сьветапогляд. «У Лявона ўзяў пачытаць кнігу. Так і не аддаў», праз гадоў 15 сьмеючыся прызнаецца Саша.

Саша ў прынцыпе ўсё сустрэчнае і папярэчнае прапускаў празь сябе, усё прымаў блізка да сэрца. І ніколі ні ў чым не адмаўляў.

На пачатку 00-х наша школьна-ўнівэрсытэцкая банда Siver задумала запісаць рок-опэру «Сьцяг брыгады» паводле паэмы Аркадзя Куляшова. Рызыкнулі прапанаваць Сашы прачытаць вершаваныя зьвязкі між трэкамі. Ён паставіўся да справы з усёй адказнасьцю. І водгульле тае нашай працы я чую ў ягоным альбоме «Танкі», першым у якім ён спрабаваў беларускую мову на смак. Ён тэлефанаваў яе носьбітам, у тым ліку мне, каб спраўдзіць ці так гучыць тое ці іншае слова ці выраз. Але ўсё адно пакідаў так, як напісаў. Так выглядала для яго больш арганічна.

Сытуацыя з забаронамі яго вельмі прыгнятала. Прыгнятала, як усё толькі пачалося (2004). Прыгнятала, калі гэта нібы скончылася пасьля візыту да Праляскоўскага (2007). Прыгнятала, калі гэта вярнулася (2012). Калі пайшла другая хваля забаронаў, мы здымалі міні-фільм пра Сашу для праекту «Белы сьпіс». Ён тады казаў практычна тое ж, што і сёлета з нагоды Дня Волі, толькі трошкі іншымі словамі: што ягоны гурт не сьпявае пра палітыку, што ня будзе выступаць ні пад якімі сьцягамі. Прамаўляючы нешта падобнае, Саша рабіў паўзу, мусіць у чаканьні праклёнаў і абразаў. І калі іх не было казаў: «Але асабіста мой сьцяг бел-чырвона-белы, а мой герб Пагоня». Лейтматывам таго міні-фільму стала песьня «дзюбелей» са словамі «Свабоду не аддам нікому».

Саша вельмі цаніў асабістую свабоду. І вельмі нэрваваўся, калі на ягоную тэрыторыю заходзілі са сваімі меркамі і сваім разуменьнем рэчаў і зьяваў. І зусім ужо выходзіў зь сябе і мог нагаварыць гадасьцей, калі яму браліся тлумачыць што такое свабода і які сьцяг яму трэба любіць…

Гледзячы на гэты здымак у парку Купалы, ясна разумею, што Кульлінковіч не памёр. Прынамсі ў маім уяўленьні Кульлінковіч заўжды будзе жыць, бо ня можа памерці чалавек, які прынёс у беларускую музыку драйв.

Сяргей Будкін, TuzinFM