Trubetskoy у #BML пра ідэю, Багдановіча і ўзьяднаньне зь Міхалком (поўнае відэа)
3158 / 0
18.11.2018

Trubetskoy у #BML пра ідэю, Багдановіча і ўзьяднаньне зь Міхалком (поўнае відэа)

Сэрца «Трубяцкіх» яшчэ б’ецца! Удзельнікі залатога складу «Ляпісаў» працягваюць творчыя пошукі ў сваім новым гурце. З даўнімі і зусім сьвежымі песьнямі яны выступілі ў студыі аўтарскага праекту Сяргея Будкіна Belsat Music Live.

Пасьля таго, як Сяргей Міхалок стварыў цалкам новы гурт Brutto, другі вакаліст каманды Павал Булатнікаў разам зь нязьменным гітарыстам «Ляпісаў» Русланам Уладыкам заснаваў каманду Trubetskoy.  Да нядаўняга часу разам зь імі граў бубнач Аляксандар Старажук, які аддаў ЛТ 10 гадоў. Летась да каманды далучыўся таксама басіст Дзьмітры Сьвірыдовіч, які граў у ЛТ зь перапынкамі 16 гадоў. Таксама ў сучасным складзе граюць адзін зь вядучых джазавых беларускіх піяністаў Зьміцер Хаменка ды бубнач Сяргей Падлівахін. Даўнія гіты Міхалка музыкі выконваць не адмаўляюцца, але стаўку робяць на свой матэрыял. Увосень яны прэзэнтавалі EP «Трафик» з трох новых песень, у восеньскім туры на TuzinFM брала ўдзел новая беларускамоўная тэма каманды «Маё сэрца».  У жывым сэце музыкі зайграюць свае ўласныя песьні ды сёе-тое зь «Ляпісаў». У размове зь вядоўцаю Міраю Шульц франтмэн каманды Павал Булатнікаў распавядзе пра апошнія зьмены ў гурце, раскажа, якім чынам была падзеленая творчая спадчына «Ляпісаў», і паразважае пра магчымасьць узьяднаньня са сваім былым паплечнікам.

Песьні, якія гучаць у праграме:

«Маё сэрца»

(словы Аляксандра Памідорава, музыка Паўла Булатнікава і Руслана Ўладыкі)

«Горад»

(словы Паўла Булатнікава, музыка Паўла Булатнікава і Руслана Ўладыкі)

«Котик»

(словы і музыка Сяргея Міхалка)

«Паэт»

(словы Максіма Багдановіча, музыка Руслана Ўладыкі)

«Купала»

(словы Аляксандра Памідорава, музыка Паўла Булатнікава і Руслана Ўладыкі)

«Стаканы»

(словы Барыса Грабеншчыкова, музыка народная)

Госьцем наступнага выданьня Belsat Music Live будзе гурт Nürnberg, адзін з намінантаў на прэмію «Героі году» ад TuzinFM у намінацыі «Адкрыцьцё году». Прэм’ера праграмы адбудзецца ў суботу, 24 лістапада ў 21:15 па беларускім часе на тэлеканале «Белсат», а таксама на youtube-канале «Белсат Музыка». Цікавосткі, бэкстэйдж, відэа і аўдыё зь мінулых праграмаў можна знайсьці ў афіцыйных суполках праграмы Укантакце/Facebook/Instagram.

TuzinFM